Kartonka – новы гарадскі фэст у Віцебску
- 29.06.2018
- 8156
2 ліпеня ў Віцебску на тэрыторыі карданажнай фабрыкі пройдзе новы гарадскі фэст Kartonka, які чакаецца стаць сумессю ранняга FSP і Vulica Brasil. Мы пагутарылі з арганізатарамі дзвіжухі, маладымі мастакамі Сашам Канашонкам і Наташай Дагіль, пра тое, як зладзіць свой першы фэст і чаму ЖЭС замалёўвае стрыт-арт менавіта ў квадраты.
З кім гутарым: маладыя мастакі, стрыт-артысты, віцебскія актывісты з установы Vitebsk4Me Саша Канашонак і Наташа Дагіль.
«Картонка» – гарадскі летні фестываль з адукацыйнымі і мастацкімі спотамі, маркетам, кіно, фудкортам і шматлікімі майстар-класамі. Сярод сёлетніх цвікоў праграмы – музычныя выступы Nizkiz, «Нагуаль» і Bez.Not, паказ кіно «Вакол Беларусі на роварах» (рэжысёр Барыс Нікалайчык таксама будзе) і культуролаг Максім Жбанкоў. Фэст мае вольны ўваход і арганізаваны выключна на валанцёрскай аснове.
Гісторыя Сашы
– Мне 22 гады, я нарадзіўся ў Верхнядзвінску Віцебскай вобласці. Яшчэ мая першая настаўніца заўважыла, што ў мяне атрымліваюцца прыгожыя малюнкі, і прапанавала бацькам адправіць мяне ў школу мастацтваў. Так пачаўся мой артыстычны шлях. Пасля адзінаццатага класа я спрабаваў паступаць на архітэктара ў Полацкі ўніверсітэт, але па глупстве заваліў экзамен. Праз год апынуўся тут – на віцебскім худграфе (мастацка-графічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта. – 34mag).
Безумоўна, адукацыі, якую даюць ва ўніверсітэце, вельмі мала. Выніку будзе мала, калі не будзеш працаваць над сабой. Мне падабалася графіка, акварэльны і алейны жывапіс, ілюстрацыі і камп’ютарная графіка. Пазней з’явіўся імпэт да стрыт-арту. Напэўна, усё гэта і прывяло ў сукупнасці да таго, чым я займаюся зараз, у тым ліку што тычыцца грамадскай і актывісцкай дзейнасці.
Гісторыя Наташы
– Мне 21 год, я нарадзілася ў Іўі Гарадзенскай вобласці. Да мастацтва я заўсёды імкнулася, з дзяцінства хацела стаць дызайнерам альбо архітэктарам. У 11 гадоў запісалася ў мастацкі клас, дзе магла сядзець да позняга вечара, хадзіла туды нават па суботах. Доўгі час мне не падабалася тое, што атрымліваецца, мне здавалася, што ў маіх працах не хапае смеласці. Гэтае пачуццё змянілася толькі ва ўніверсітэце.
Мне заўсёды падабалася чымсьці займацца па-за межамі заняткаў. Актыўнічала ў мясцовым Доме культуры, але зразумела, што гэта няўдзячная задума, калі сама ўстанова спытала, навошта я гэта раблю. Калі паўстала пытанне пра паступленне, я абрала Віцебск. Яшчэ з падручнікаў гісторыі я зразумела, што гэта самы творчы горад, культурная сталіца.
Адукацыя альбо самаадукацыя
Наташа: Універсітэт – наогул асобная тэма. Тут шмат выкладчыкаў, якія не проста далі заданне і сышлі, яны жывуць кожным праектам. Шмат з іх яшчэ і мастакі і дызайнеры з багатым вопытам. Дэкан факультэта робіць рэпост нашых работ, цікавіцца некаторымі праектамі і наогул ведае кожнага студэнта.
Саша: Але адукацыя не заканчваецца на ўніверсітэце. Мы пастаянныя ўдзельнікі гарадскіх адукацыйных курсаў тыпу «Віцебскі арнамент» і Vitebsk Social Design. З аднаго боку, такое самаразвіццё патрэбна для абмену досведам. Становіцца ясна, што ў сферы мастацтва не ўсё так проста, неабходна ведаць, што трэба людзям. І гэтая мазаіка ў галаве ўвесь час дапаўняецца новымі складнікамі. Але з іншага боку, чалавек можа не атрымліваць ніякага вопыту, не праходзіць ніякіх курсаў, а проста рабіць ад сэрца, вядома, наступаць на граблі адзін, два, тры разы, але ўсё роўна ісці да сваёй мэты. У прынцыпе, чалавек можа ўсяго дасягнуць, жадаючы зрабіць нешта цікавае.
Ёсць стэрэатып, што, калі чалавек займаецца чымсьці, напрыклад дызайнам, ён толькі дызайнер. Але пасля курсаў мы зразумелі, што гэта не так.
«Гравітацыя» і ЖЭС-арт
«Гравітацыя» – традыцыйны віцебскі фестываль вулічнага мастацтва, які праходзіць у горадзе з 2009 года. Фэст узяў перапынак на некаторы час і аднавіўся сёлета намаганнямі ўстановы Vitebsk4Me. Мастакі малявалі цягам месяца, ствараючы шэсць новых арт-аб’ектаў.
Наташа: Мы хацелі самі арганізаваць «Гравітацыю», але ўніверская сесія вырашыла інакш. У выніку мы з арганізатараў ператварыліся ва ўдзельнікаў (Наташа і Саша малявалі «Абаронцу сноў» на сцяне гарадской стадолы. – 34mag). Хоць многія казалі, што сцяну хутка знясуць, мы як мастакі хочам проста захаваць момант, паказаць людзям, што любая работа рана ці позна памірае. Можа, людзі зразумеюць, што мастацтва паўсюль проста знішчаюць. Ці зафарбоўваюць. Гэта так званы ЖЭС-арт. Вельмі цікава, што працаўнікі гарадскіх службаў імкнуцца ўсё ператварыць у квадрат. Нехта «тэгануў» сцяну – яны будуць зафарбоўваць, але не ў кола, а менавіта ў квадрат. І паспрабуюць зрабіць гэта роўна.
«Мы як мастакі хочам проста захаваць момант, паказаць людзям, што любая работа рана ці позна памірае»
Пра «Картонку»
Саша: Падобны фармат мы падгледзелі ў Грузіі. Там тэрыторыю велізарнага завода аддалі пад творчасць, крамы, кавярні і гатэль (гутарка пра тбіліскую Fabrik’у. – 34mag). Выдатны дызайн, поўная эклектыка, няма дарагіх канап і ідэальна роўных сталоў, проста накіданыя дываны, абсалютна розная мэбля, але відаць, што там папрацаваў дызайнер.
У нас жа будзе аднадзённае мерапрыемства, таму што гэта дзейны завод. Хацелася б зрабіць такі «першачок», паглядзець, як гэта будзе адбывацца, а потым ужо і падумаць пра наступны год і зрабіць яшчэ лепей.
Наташа: Адкуль узялася карданажная фабрыка? У нас была па ёй экскурсія, і дырэктар сам звярнуўся да мяне па дапамогу з дызайнам кавярні. Пасля ўжо пачало нешта вымалёўвацца: скончыўся «Віцебскі арнамент», мы хацелі зрабіць нейкі івэнт, а ў фабрыкі ёсць велізарная плошча. І я запытала: «Ці не жадаеце тут што-небудзь пафарбаваць? У вас тут усё такое шэрае і непрыемнае. Людзі кажуць, што тут хочацца памерці». А дырэктар – малады мужчына, таму ацаніў ідэю. Спачатку мы думалі зладзіць якую-небудзь графіці-тусу, знайсці мастакоў, даць ім фарбы і сцены, але пакуль перафарматавалі канцэпт: будзе гарадскі фестываль з музычнай часткай, маркетам, майстар-класамі і паказамі кіно.
(Не)паразуменне
Саша: Мая асабістая фобія – працэс узгаднення ўсяго з дзядзечкамі і цёцечкамі. Таму што ў асноўным яны нічога не хочуць, ім нічога не трэба. Я спрабаваў дамовіцца з уладамі, каб памаляваць на сцяне, у адказ пачуў толькі: «Навошта табе гэта трэба?» Сур’ёзна? Але зараз чым больш моладзь пачынае «дзяўбці» старэйшае пакаленне, тым больш яны пачынаюць разумець, што «нешта мы тут закаранелі, трэба альбо сыходзіць з гэтага месца, альбо падтрымліваць гэты праект».
Больш за ўсё мяне засмучае тое, што нашы знаёмыя таксама не разумеюць. Нават творчыя людзі з мастацкай адукацыяй не спрабуюць даведацца, паспрабаваць нешта «па-за мяжой». Шмат негатыўных каментароў, аднак ёсць і станоўчы бок. Вельмі запомніўся 11-гадовы хлопчык, які з цікавасцю назіраў, як мы малюем нашага «Абаронцу». Палову дня ён з намі правёў, дапамагаў у працы. Мы хацелі падарыць яму балон – па дзіцячых вачах было відаць, што ён хоча прыняць падарунак, але, відаць, выхаванне не дазволіла.
«У вас тут усё такое шэрае і непрыемнае. Людзі кажуць, што тут хочацца памерці»
Праўду кажуць пра Віцебск: горад халодны і людзі тут такія ж закаранелыя. Калі казаць пра стрыт-арт, то людзям трэба «лебедзі, возера» – гэта для іх мастацтва. Усё астатняе ўжо за мяжой разумення. Напрыклад, у працы Bazinato многія наогул бачаць нешта нецэнзурнае.
Праца ў пары
Наташа: Праца ў камандзе – заўсёды цяжкая справа. Але калі разам дзве роднасныя асобы – значна лягчэй. Мы знайшлі агульную мову адразу, як пазнаёміліся. Спрэчкі і праблемы, вядома, бываюць, па тэхніцы, напрыклад. Я заўсёды іду ад агульнага да прыватнага, а Саша – наадварот: ён спачатку малюе зрэнкі, а я малюю, дзе будзе ўсё астатняе. Але мы знаходзім кампраміс.
«Чым больш моладзь пачынае “дзяўбці” старэйшае пакаленне, тым больш яны пачынаюць разумець»
Навошта ўсё гэта
Саша: Трэба прыносіць нешта новае, хоць бы спрабаваць, таму што людзі далёкія ад уяўлення, як трэба адпачываць ці жыць. Актывізм патрэбны, каб паказваць нешта большае, нешта, што выходзіць за межы.
Фестываль Kartonka пройдзе на тэрыторыі карданажнай фабрыкі (вул. Пакроўская, 5 / двор Карданажнага камбіната) 2 ліпеня.
Пачатак а 12:00. Уваход вольны. Больш інфы шукай тут.
Тэкст – Юля Абуховіч
Фота – Яўгенія Баравікова