Closet Free
- 21.01.2020
- 6242
2020 год, але ў Беларусі ўсё яшчэ можа быць не проста складана, але і небяспечна мець нейкія адносіны да ЛБГТК+ кам’юніці. І чым далей за МКАД, тым, падаецца, небяспечней. Мы звярнуліся да віцебскай моладзевай квір-ініцыятывы Closet Free, якая топіць за роўнасць для ўсіх, каб даведацца пра спецыфіку sex education па-за сталіцай.
Праект: Closet Free – ініцыятыва з квір-тэматыкай. Каманда ладзіць розныя мерапрыемствы ў гэтым кірунку: адукацыйныя, культурніцкія, забаўляльныя. Аўдыторыя – прадстаўнікі ЛГБТК+ супольнасці і фрэндлі-людзі.
ВКонтакте Facebook Instagram Telegram
Адкуль узяўся Closet Free
Ксенія: Гісторыя стварэння цікавая, хоць і даволі банальная. Ідэя з’явілася пасля «Школы крэатыўнага лідарства» ад менскага праекта Makeout. Па сутнасці, школа была падрыхтоўкай для далейшай самастойнай дзейнасці ў гэтай галіне. Падчас навучання, якое доўжылася паўгода, там была створаная дужа прыемная, спакойная, натхняльная атмасфера, і мне хацелася перанесці гэтую атмасферу ў свой родны горад.
Узніклі праблемы з пошукам каманды: зразумела, што адной рабіць усё складана, аднак у маім блізкім асяроддзі на той момант не было людзей з вельмі актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, а шукаць у такой табуяванай тэме аднадумцаў збоку трэба было асцярожна. Але ў выніку ўсё склалася добра.
«Да апошняга не верылі, што ў Віцебску знойдуцца не толькі прадстаўнікі ЛГБТК+, але і проста людзі, якім цікавая гэтая тэма»
Аляксандра К.: Я дужа пазітыўна ўспрыняла Ксюшыну прапанову далучыцца. Па-першае, Віцебск увогуле не самы актывісцкі горад. Па-другое, асабліва ў такой тэме, як ЛГБТК+. У мяне было разуменне, што я стану часткай каманды, якая будзе рабіць нешта важнае для тых, каму гэта насамрэч патрэбна.
Ксенія: На этапе фармавання ідэі і канцэпцыі ў мяне было агульнае разуменне праблем, якія мы мусім вырашаць сваёй дзейнасцю: гэта нябачнасць нашай супольнасці ўвогуле ў Беларусі і ў Віцебску, недахоп ведаў і адукацыі. Мне хацелася аб’яднаць віцебскую тусоўку, зацікаўленую ў гэтай тэме.
У Менску, натуральна, усё па-іншаму. Там працуе хаця б той жа Makeout, працуе Community Centre, адбываюцца падзеі, на якіх людзі знаёмяцца. У нас жа такога пакуль няма. Нам думалася, што ў Віцебску няма ці амаль няма такой моладзі, яна раз’яднаная і зрабіць нешта будзе цяжка. Але агульнасусветная статыстыка кажа, што прыкладна кожны 10 чалавек атаясамлівае сабе з ЛГБТК+ супольнасцю. Таму, калі ты лічыш сябе адзінокім, проста палічы да дзесяці.
«Я пераймалася за кожнага, хто не дайшоў, думала: “Ну чаму, чаму?!”»
Як прайшлі першыя івэнты
Ксенія: На пачатку праекта мы былі ўтрох, цяпер ініцыятыўная група Closet Free складаецца з пяці чалавек. Працу мы пачалі з сацсетак, канешне, і ўжо сталі думаць пра тое, што і як зрабіць для старту. Нам дужа дапамагаў Makeout, але працаваць трэба было тут – і ўлічваць рэгіянальную спецыфіку. Я проста пачала пісаць усім актывістам і арганізацыям горада, якія ведала, звяртаючыся па падтрымку. Было прыемна бачыць пазітыўную зваротную рэакцыю: нам дапамаглі і з памяшканнем для падзеі, і з распаўсюдам інфармацыі, а потым самі прыходзілі на нашы івэнты.
Аляксандра К.: Ніхто не адмяняў страху і хвалявання. Мы да апошняга не верылі, што Віцебск – тое месца, дзе знойдуцца не толькі прадстаўнікі ЛГБТК+, але і проста людзі, якім цікавая гэтая тэма. Таму мы былі гатовыя і да негатыўных момантаў і заўсёды мелі іх на ўвазе. Нашай першай публічнай падзеяй стаў кінапаказ фільма «Гонар» летась 19 красавіка. Нягледзячы на тое, што для першай падзеі рэгістрацый і гасцей было даволі шмат, я пераймалася за кожнага, хто не дайшоў, думала: «Ну чаму, чаму?!»
Ксенія: І мы вельмі хваляваліся за бяспеку нашых гасцей. Рэгістрацыя на падзею была закрытай, але ўсё роўна перад тым, як адпісваць гасцям лакацыю, мы чэкалі сацсеткі, каб праверыць хаця б мінімальны ўзровень адэкватнасці «па тэме».
Пасля фільма ў нас была дыскусія з праваабаронцам з віцебскага офіса «Вясны», каб зрабіць невялічкія ўводзіны ў тэму правоў асобы.
Мы стартанулі з кінапаказаў і закрытых абмеркаванняў і дыскусій, але потым дадаліся іншыя фарматы працы. Мы зразумелі, што нашым удзельнікам і гасцям часта проста не хапае ведаў «матчасткі». Да нас прыязджала з трэнінгам спецыялістка з менскай арганізацыі ProGender, таксама з дапамогай Makeout адбылася выстава Chiahlicy, дзе былі лекцыі, варкшопы і перформансы пра цялеснаць і сэксуальнасць, «Жывая бібліятэка», адукацыйны маркет.
Было прыемна, што на падзеі завіталі розныя людзі, у тым ліку тыя, якія ўвогуле ніяк не ставяцца да ЛГБТК+, але ім цікава даведацца пра гэтыя з’явы і феномены. Наша пазіцыя ў тым, што веды – ключ да талерантнасці, а няведанне можа пацягнуць за сабой страшныя рэчы.
Зваротная сувязь ад людзей пераважна пазітыўная. Пасля кожнай падзеі мы збіраем анкеты, і нам дужа прыемна чытаць тое, што там пішуць.
Аляксандра К.: Я не магу ўспомніць рэзка негатыўнай рэакцыі ад удзельнікаў і ўдзельніц. Звычайна нешта кшталту «холадна», «мала пячэнек» – арганізацыйныя рэчы.
Ксенія: Ад партнёрскіх арганізацый і нашых сяброў мы таксама хутчэй чуем не крытыку, а парады. Што ўжо прыйшоў час станавіцца больш прафесійнымі і адказнымі. Зараз мы будзем працаваць у напрамку развіцця нашай каманды, дэлегавання і размеркавання функцый. Спадзяемся, гэта станоўча адаб’ецца на нашых падзеях. Далей мы б хацелі развіваць адукацыйны напрамак дзейнасці: рабіць падзеі не толькі для часткі ЛГБТК+ кам’юніці, але проста для людзей, якім хацелася б болей даведацца пра гэтую тэму.
Аляксандра С.: Цяпер асноўная аўдыторыя праекта – гэта моладзь, прычым і тыя, хто адносіць сябе да ЛГБТК+ супольнасці, і тыя, хто не. У шырокім сэнсе, гэта проста адкрытыя людзі, якія хочуць пашырыць свае веды пра сусвет і людзей у ім.
Ксенія: Гэта людзі, адкрытыя да новых ведаў, да новых знаёмстваў. Падлеткі, пачынаючы з 16 год, студэнты, моладзь да 25–30 год, бываюць і больш сталыя людзі. Ва ўніверсітэтах добра працуе сарафаннае радыё, часта тыя, хто прыйшоў аднойчы, прыводзяць сяброў і аднадумцаў. Цяпер больш студэнтаў прыходзяць з медыцынскага і педагагічнага ўніверсітэтаў. Яшчэ мы былі здзіўленыя, што каля траціны гасцей – гэта хлопцы, што даволі шмат для НКА-сферы.
Навошта беларусам і беларускам сэксуальная адукацыя
Ксенія: Агульны стан і сітуацыю ў краіне ЛГБТК+ кам’юніці даволі складана аднабакова ахарактарызаваць. Большасць з нас жыве ў талерантным вакууме, але дзіву даешся, калі сутыкаешся з людзьмі па-за яго межамі. Я часта езджу ў вёску да бабулі і дзядулі, і там усё яшчэ можна пачуць пра «нежаночыя» прафесіі, напрыклад.
Аляксандра К.: Я часта чую пра гісторыі дыскрымінацыі з боку выкладчыкаў у тым жа медыцынскім універсітэце.
Аляксандра С.: Гэта «пяшчотныя» прыклады. Не трэба забываць, што ўсё яшчэ здараюцца забойствы, жорсткасць у адносінах да нашага кам’юніці, выказванні міністраў і іншыя рэчы.
Ксенія: Ці выпадкі, калі падстаўныя «геі» вышукваюць сабе ахвяр у сацсетках і на сайтах знаёмстваў, каб выцягнуць іх на асабістую сустрэчу і там ці збіць, ці проста зашэйміць. Мне падаецца, што да ЛГБТК+ жанчын стаўленне крыху прасцей, чым да мужчын. Дзяўчаткам кажуць: «Ты перарасцеш, у цябе не было мужыка...» Хлопцам жа часта прыходзіцца сутыкацца з фізічнымі мерамі.
«Веды – ключ да талерантнасці, а няведанне можа пацягнуць за сабой страшныя рэчы»
Аляксандра С.: Цяпер мы працуем не з жорсткімі кейсамі, а праводзім асветніцкую працу сярод нашага кам’юніці: тлумачым і абмяркоўваем значэнні тэрмінаў, розніцу, напрыклад, паміж бі- і пансэксуальнасцю.
Ксенія: Хаця праўду трэба сказаць, што наша аўдыторыя – больш дасведчаная і талерантная, чым мы думалі пра іх напачатку. Яны прытрымліваюцца пэўных каштоўнасцяў і меркаванняў, і ўмоўную «базу» ім тлумачыць не трэба.
Аляксандра С.: Нашы ўдзельнікі прыходзяць па маральную падтрымку. Часта гэта непаразуменне з бацькамі, з сям’ёй, страх, што яны адмовяцца ад цябе, калі распавядзеш ім пра сваю сэксуальнасць. Мы абмяркоўваем і гэта. Атмасфера, якая ствараецца на сустрэчах, дапамагае таму, каб раскрыцца, даверыцца камусьці. Людзі не баяцца задаць часам «глупыя» пытанні, выкарыстаць недакладнае слова.
Ксенія: Мы пазіцыянуем сябе як квір-кам’юніці. Паміж сабой мы жартуем, што гэта значыць «ЛГБТК+ для ЛГБТК+». Але для нас гэта нейкі зборны тэрмін, які аб’ядноўвае ў сабе ўсе напрамкі дзейнасці, не звязаныя з гетэранарматыўнасцю, гэта мікс усяго важнага для нас: фемінізм, экалогія, шмат іншых тэм, пра якія важна размаўляць. Правілы Closet Free толькі пра роўнасць, талерантнасць, павагу адно да аднаго, сумеснае развіццё.
«Пакаленне нашых аднагодкаў куды больш талерантнае за папярэдняе»
Як палепшыць жыццё ЛГБТК+ кам’юніці ў РБ
Ксенія: Трэба дадаць у нашы кодэкс матыў здзяйснення злачынства ці правапарушэння на глебе гамафобіі. У нас усё яшчэ могуць звольніць з-за арыентацыі, але ты, верагодна, ніколі не зможаш гэтага даказаць, як, напрыклад, калі цябе звальняюць з-за расісцкіх перадузятасцяў.
Аляксандра К.: Хачу яшчэ дадаць, што наша дзяржава сама па сабе гамафобная, і гэта ўсталёўка транслюецца рознымі шляхамі на дзяцей, падлеткаў. Разам з тым варта прызнаць, што пакаленне нашых аднагодкаў куды больш талерантнае, чым папярэдняе.
Аляксандра С.: Мне б хацелася «даць голасу» нашаму кам’юніці ў медыя і інфармацыйным полі. Бо цяпер чалавеку з-за мяжы, які не ў курсе рэальнага стану, можа падацца, што ЛГБТК+ супольнасці ў нас у краіне ўвогуле няма, таму што няма нічога пра гэта ў дзяржаўных СМІ. Ну, ці калі ё – то толькі ў гамафобным варыянце.
Ксенія: Вось гісторыя з нашай рэчаіснасці: у адной з дзяржаўных гарадскіх друкаваных газет напісалі аднойчы артыкул пра паб «Торвальд» (культурніцка-забаўляльная пляцоўка ў Віцебску. – заўв. 34), здаецца, пра вечарынку на Хэлоўін, што, маўляў, тут нейкія сатаністы, сектанты, ну і іншыя «няправільнай арыентацыі»… Усё ў адзін шэраг. А гэтую газету чытае мая бабуля.
Аляксандра К.: Натуральна, хочацца дадаць пункт пра сэксуальную адукацыю ў навучальных установах. І гэта не пра ЛГБТК+ супольнасць, а ўвогуле пра сэксуальнасць, усведамленне таго, што адбываецца з арганізмам падлеткаў, што людзі і іх густы і пачуцці бываюць рознымі і што ўсё гэта цалкам нармальна.
Аляксандра С.: Здаецца, ва ўсіх беларусак застануцца ў памяці першыя медыцынскія прыніжальныя агляды, пазней – няёмкія размовы з дактарамі ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях, раздача кантрацэптываў, з якімі не тлумачаць, як абыходзіцца. На фоне паталагічнай прапаганды падвышэння дэмаграфіі адсутнасць у людзей нават базавых ведаў пра сэксуальнае жыццё проста смешная. Ніякай адукацыйнай падтрымкі людзі ад дзяржавы не атрымліваюць, а чуюць толькі лозунгі.
Ксенія: Акей, марыць дык марыць. Мне б вельмі хацелася ўбачыць прайд у Беларусі. Патлумачу чаму. Нехта можа казаць, што гэта наўмыснае дэманстраванне і нават навязванне сваёй сэксуальнасці і арыентацыі і што гэта нічога не дае. Але з майго пункту гледжання, гэта моцная рэч, якая ў дадзеным становішчы можа зрабіць нашу супольнасць больш бачнай. Гэта проста магчымасць сказаць: «Мы існуем».
Аляксандра К.: І гэта магчымасць прадэманстраваць зацятым гамафобам, што прадстаўнікі ЛГБТК+ супольнасці – такія ж людзі, з нагамі і рукамі, галавой, з такімі ж пачуццямі, марамі і жаданнямі.
Ксенія: Магчыма, цяпер гэта гучыць як зашквар, але мне здаецца, што ў такіх складаных выпадках лепей зрабіць больш і звыш, каб зламаць парадыгму і звярнуць увагу на ўразлівыя групы насельніцтва.
Аляксандра С.: Такі публічны крок вельмі б падтрымаў ЛГБТК+ падлеткаў. Ім складаней жыць, чым дарослым людзям. Мусіць, цяпер і няма ўстановы, якая магла б ім дапамагчы і падтрымаць. Наўрад ці ўмоўныя «лініі даверу» дастаткова кваліфікаваныя для гэтага.
Ксенія: Пятым пунктам у нашу «праграму» можна было б дадаць стварэнне сеткі ўстаноў па падтрымцы такіх падлеткаў. Каб, калі іх раптам выгналі з хаты пасля прызнання, ім было куды пайсці і дзе атрымаць дапамогу.
Фота: Валерыя Субач