Леся Пчолка: «Мы сабралі тысячы здымкаў, якія ніхто раней не бачыў»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 18.12.2023
- 3906
Нядаўна незалежны фотаархіў VEHA, які займаецца архіўнай беларускай фатаграфіяй, абвясціў бестэрміновы кол па зборы фотаздымкаў для вясельнай, пахавальнай, лясной ды іншых калекцый. Пры жаданні можна ў вольны час пакапацца ў сямейных альбомах і зрабіць унёсак у захаванне візуальнай гісторыі Беларусі. 34mag распытаў мастачку і заснавальніцу VEHA Лесю Пчолку, як змяніўся архіў з эміграцыяй каманды, дзе чакаць выставы праекта і дзе шукаць новыя прыгожыя кнігі.
Пра мастацкае жыццё
– Падаецца, у параўнанні з 2019 годам [апошні раз мы размаўлялі з Лесяй чатыры гады назад. – заўв. рэд.] я ўжо іншы чалавек, але мастацтва – той кірунак, у якім я працягваю працаваць як індывідуальная мастачка і як частка архіва VEHA. Гэтыя дзве часткі мастацкага напрамку я падзяляю, бо маё мастацкае жыццё – пра іншае, больш радыкальна палітычнае, чым VEHA, хоць там таксама ёсць пра гісторыю, культуру.
Падаецца, выяўленчае мастацтва – адзіная мова, якая дапамагае зрабіць даступным на візуальным вопыце тое, што адбываецца ў Беларусі, і гэта той напрамак, які існуе ва ўмовах жыцця ў выгнанні і міграцыі ўвесь час з розных краін.
VEHA не пра мяне ці маіх каляжанак асабіста, а, хутчэй, пра беларускую супольнасць, жыццё, адкрытасць інфармацыі. Я не раз чула ад замежнікаў, якія робяць даследаванні, што яны не могуць дапісацца да беларускіх архіваў, не ведаюць, дзе што шукаць, дзе браць фотаздымкі для ілюстрацыі. Тут VEHA вельмі дапамагае.
Як VEHA працуе цяпер
– Мы вырашылі закрыць сайт на беларускім дамене. У найбліжэйшай будучыні зробім новы, а пакуль усе фотаздымкі публікуюцца ў сацсетках VEHA: мы пачалі посціць іх у Instagram і аднавілі Facebook. Пад здымкі дадалі крыху інфармацыі, англійскую версію і беларускую лацінку ў апісанне, каб замежнікам было больш зразумела, што публікуецца.
«Я не раз чула ад замежнікаў, якія робяць даследаванні, што яны не могуць дапісацца да беларускіх архіваў»
Патрошкі пераносім усё з калекцый у Instagram, каб людзі, якія дасылалі нам фота, маглі іх яшчэ раз убачыць і зрабіць апдэйт тыпу «папраўце год», «я даведаўся, што гэта мае сваякі» і гэтак далей. Увесь час мы існуем як бы in progress, бо працуем з недакладнай інфармацыяй. У адрозненне ад этнаграфічнай ці палітычнай дакументацыі, апісанне сямейных фотаздымкаў залежыць ад таго, хто дае інфармацыю. Таму сацсеткі – вельмі зручны фармат, каб быць на сувязі з людзьмі, а мы збіраем, каталагізуем і захоўваем усю інфармацыю. Але падкрэсліваем: гэта не дакладныя дадзеныя. Напрыклад, у пачатку ХХ стагоддзя фотастудый у вёсках не было, таму вясельная фота ехалі рабіць у бліжэйшы горад не ў той жа дзень, нават неабавязкова ў тым жа строі. У нас ёсць цэлая серыя здымкаў з Брэсцкай вобласці з аднолькавым маляваным студыйным фонам, але кожнае фота падпісана назвамі розных вёсак. Галоўная ўласцівасць фатаграфіі – магчымасць тыражавання, кожны адбітак з сямейнага архіва можа быць падпісаны па-рознаму ў залежнасці ад адрасата, якому ён накіроўваецца.
«Увесь час мы існуем як бы in progress, бо працуем з недакладнай інфармацыяй»
Дзе шукаюць матэрыял
– Даносіць інфармацыю пра зборы стала складаней, бо наш асноўны распаўсюд быў праз беларускія СМІ. Цяпер яны – палова экстрэмісцкія, палова закрытыя, а людзі дэцэнтралізаваныя і дэматываваныя, многія не чытаюць навін. Карацей, як гэты кантакт дастаць – невядома. Наконт апошняга збору па «Руінах Беларусі» [калекцыя фота людзей на тле разбураных будынкаў. – заўв. рэд.] нам людзі пісалі, што даведаліся пра кол пазней і ім у эміграцыі складана хутка звярнуцца да свайго сямейнага архіва, усё адсканаваць. Мы падладжваемся пад рэчаіснасць, у якой жывём, таму адкрылі збор фота бестэрмінова. Спадзяюся, так больш людзей даведаюцца, што можна зрабіць унёсак у захаванне візуальнай гісторыі Беларусі.
Беларускія архівы <ў замежжы> не пра тое, калі проста заходзіш на нейкі еўрапейскі партал і глядзіш усё па тэме «Беларусь». Акрамя «Беларусі», ты павінен праглядзець і трэк «Польшча», і трэк «Расійская імперыя», а гэта ўсё дадатковы працэс. Ён таксама патрабуе часу і даследавання, як прэзентуюцца беларускія архівы ў еўрапейскай прасторы. Большасць замежных архіваў, вядома, этнаграфічна-гістарычныя здымкі тыпу вайсковай дакументацыі. Гэта з VEHA ў розных плоскасцях. Аднак мы іх усё адно праглядаем, шукаем, наводзім масты. Трэба павяртаць нам нашу спадчыну, але гэта не наш асноўны напрамак. Тое, што ёсць у архівах, – ужо ёсць у архівах. Мы ж сабралі тысячы новых здымкаў, якія ніхто раней не бачыў, і яны маглі проста знікнуць на паліцах старых дамоў.
«Акрамя “Беларусі” ты павінен праглядзець і трэк “Польшча”, і трэк “Расійская імперыя”»
Фатаграфія – гэта хімічны працэс, яна мае абмежаваны тэрмін захоўвання, эмульсія непазбежна руйнуецца, колеры выцьмяваюць. І паміраюць сведкі, якія маглі б расказаць, хто на фатаграфіі і калі яна была зроблена. А цяпер сямейныя фатаграфіі з архіва VEHA ў нашых і акадэмічных кнігах ездзяць па свеце як выставы – і фармуюць вобраз беларусаў XX стагоддзя самімі беларусамі, а не замежнымі этнографамі ці акупантамі, якія дакументавалі беларускую штодзённасць. Я рада, што спадчына беларускіх фатографаў захоўваецца ў замежных архівах, рада, што нехта знайшоў, зразумеў каштоўнасць і захаваў. Важна не валоданне аб'ектам гісторыі, а магчымасць працы з ім. І ў гэтым няма ніякіх праблем: яшчэ ні разу пры запыце аб выкарыстанні фатаграфій нам не адмовілі.
Пра кнігі VEHA
– Канцэпцыя палягае ў тым, каб анлайн-архіў зрабіць зноў матэрыяльным, у выглядзе кніг, і пакінуць іх у бібліятэках для іншых даследчыкаў візуальнай культуры. Кожная кніга захоўвае тэматычныя фатаграфіі і тэксты, у якіх запрошаныя даследчыкі інтэрпрэтуюць архівы зыходзячы з сучаснага беларускага кантэксту. То-бок яны даюць адзін з поглядаў на частку гісторыі. Прастора штодзённасці, як па мне, тым і добрая, што, у адрозненне ад гістарычных падзей, ты можаш інтэрпрэтаваць яе ў больш шырокіх сэнсах.
«Трэба павяртаць нам нашу спадчыну»
Напрыклад, у 2018 годзе мы друкавалі «Найлепшы бок» – і, вядома, там было шмат пра рэпрэзентацыю беларусаў і этнаграфію, пра тое, навошта ўвогуле працуе VEHA. Наступныя кнігі – «Дзявочы вечар» і «Апошні фотаздымак» – былі зробленыя на пачатку ковіду, калі адносіны да двух сямейных падзей – вяселля і пахавання – фундаментальна пачалі змяняцца. Мы ўсе гэта адчувалі, VEHA таксама.
«Людзі лесу» з’явіліся, калі вуліцы ўжо сталі небяспечныя. Тады мы вырашылі даць такую тэму, каб яна мела прастору для супакою. Лес – менавіта тое. Мы аб’явілі оўпэн кол і скончылі збор фотаздымкаў акурат за чатыры дні да пачатку вайны, а пасля вельмі доўга абмяркоўвалі, ці рабіць нам праект, ці маем мы права выказвацца з татальна непалітычнай тэмай. Але мы ўсё ж такі зрабілі кнігу. Яна была першай надрукаванай у Польшчы і таму, на жаль, яе няма ў бібліятэках Беларусі. Па выніках «Людзей лесу» мы атрымалі водгукі, што навіны пра выхад кнігі былі патрэбны людзям, але цалкам праект быў даволі складаным для нас. У гэтай кнізе многа пра супакой, прастору, пошук ідэнтычнасці і ландшафт як адзін са складнікаў фармавання нацыі.
Новая калекцыя – «Руіны Беларусі» – відавочная тэма, якая нас усіх вельмі хвалюе, бо мы сочым за перманентным культурным і сацыяльным руйнаваннем. А тэма, з аднаго боку, вяртае нас з лесу ў горад, а з другога – паказвае, чым мы жывём цяпер.
Шукаем, хто можа захацець нас надрукаваць і потым яшчэ займацца распаўсюджваннем. У планах – перавыдаць усю калекцыю VEHA адной кнігай і дадаць «Руіны Беларусі». Хочам, як заўсёды, зрабіць іх двухмоўнымі і, што самае галоўнае, дасяжнымі. Папярэднія выданні мы распаўсюджвалі самі, і набыць іх зараз вельмі складана. Так што адразу папярэджваю пытанне «як набыць?» – мы проста не ведаем, як гэта ажыццявіць у Беларусі. У нас было некалькі момантаў, калі адну кніжку перадавалі неяк праз Варшаву, далей у Менск і Берасце, але гэта вельмі складаны шлях. Перыядычна ёсць запыты даслаць асобнік куды-небудзь у Канаду або Амерыку, і гэта без вялікіх праблем, але ўсё адно складана. Афлайн кнігі можна знайсці на мерапрыемствах з нашым удзелам. У лютым, напрыклад, у нас будзе выстава наконт «Руінаў Беларусі», там будуць кніжкі, якія можна набыць.
Дзе глядзець калекцыі
– Першая публічная праца з новай калекцыяй VEHA – выстава, што адкрыецца ў лютым у фатаграфічнай галерэі ў Познані. Да выставы быў запрошаны мастак Уладзімір Грамовіч, які даўно працуе з тэмай руйнавання. Паралельна ідзе нашая праца над арганізацыяй новай калекцыі, яе інтэрпрэтацыяй і напісаннем даследчых тэкстаў.
Мы не тое каб выбіраем, дзе паказваць выставы. Месца больш залежыць ад нашага кола знаёмых і зацікаўленых, але выстава можа быць у любой краіне і любым горадзе, усё магчыма. Я ўпэўнена, што і ў Беларусі можна зрабіць мерапрыемства, але тут пытанне ўжо ў тым, што мы адгукаемся на запыт, а не фармуем яго. Наша праца даследніцкая, а выставы – кірунак галерыстаў. Напрыклад, да выставы «Хай Ззяе», што адбылася ўвосень у Гожуве-Велькапольскім, мы запрасілі беларускую куратарку Веру Залуцкую. Яе канцэпцыя палягала ў тым, каб запрасіць замежных мастачак працаваць з нашым архівам. Удзельнічалі творцы з Польшчы, Польскага Падлясся і Макао, былі таксама і беларускі. Гэта цікавы працэс – калі беларускі архіў адкрываюць ды інтэрпрэтуюць людзі не з беларускага кола. Думаю, гэта вельмі важна, і мне такая канцэпцыя вельмі падабаецца. Спадзяюся, мы і ў будучыні будзем працягваць так рабіць – запрашаць замежных мастакоў і мастачак да працы з архівам VEHA.
Фота: VEHA