Магія Radio Plato: як адзін эфір яднае беларусаў па ўсім свеце
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 28.11.2023
- 3815
Нядаўна беларускаму кам’юніці Radio Plato стукнула пяць гадоў. За гэты час «платонаўцы» прайшлі шлях ад невялікага індзі-проджэкта, які робіць трансляцыі з менскіх тусовак і круціць казкі па вечарах да ўстойлівага кам’юніці-радыё з некалькімі дзясяткамі перадач, лэйблам, музычнымі навінамі і калабамі з like-minded еўрапейскімі праектамі. З нагоды юбілею пагутарылі з Сашам KorneJ Карнейчуком і Пашам Stereobeaver Кірпікавам, якія запусцілі гэтую хвалю, пра тое, як вывозіць радыё, якое не гандлюе рэкламай, што за энергію яно вакол сябе акумулюе і як дапамагае яднацца беларусам у Беларусі і па-за яе межамі.
Саша KorneJ Карнейчук
Паша Stereobeaver Кірпікаў
– Якой вы бачылі ідэю радыё пяць гадоў таму? Чаго марылі дасягнуць?
К.: Тое, што мы ўкладалі, атрымалася на 500%. Хацелася зрабіць платформу, якая б натхняла людзей займацца радыё, збіраць з іх кам’юніці і быць у ім адным з удзельнікаў, які накіроўвае працэсы. Вось гэта атрымалася нават больш, чым чакалася.
П.: Дадам, што першая матывацыя была – зрабіць радыё, каб дзяліцца музыкай, а ўжо пасля гэтага пачаліся шоу, актыўнасці, кам’юніці. Дык вось, наконт падзяліцца музыкай – усё вельмі добра працуе. На апошнім тыдні мы атрымалі ліст ад хлопца са Штатаў. Ён неяк знайшоў Radio Plato і столькі клёвай музыкі знайшоў у нашым праграмінгу, што сам пачаў рабіць электронную музыку. Падобная зваротная сувязь вельмі матывуе.
– Калі мы ўжо зачапілі геаграфію, то дзе, акрамя ЗША, жывуць вашы слухачы?
К.: Большасць слухачоў – у Беларусі, але гэта не пераважная лічба, парадку 60%. Другое і трэцяе месца падзяляюць Польшча і Расія. Пасля ідуць Германія, Штаты, Украіна.
«Для нас больш істотны персанальны touch і attitude, а не лічбы, якія паказвае аналітыка»
– А ёсць нейкія дадзеныя, што яднае гэтых людзей, акрамя любові да музыкі?
К.: Вось яна і аб’ядноўвае. Адзін хлопец з Паўночнай Ірландыі захапляўся ўсім беларускім, пачаў нам пісаць і потым нейкі час рабіў у нас перадачу. Ёсць гісторыя з Шатландыі: хлопец дасылае нам тусоўкі са сваімі сябрамі пад Radio Plato. Або прыклад з Беларусі: хлопец уладкоўвае свой дом і кажа, што эфір Radio Plato уклаў значную частку ў будаўніцтва ягонага японскага садка. Для нас больш істотны вось гэты персанальны touch і attitude, а не лічбы, якія паказвае аналітыка.
– Як вы працавалі над развіццём радыё год за годам?
К.: Першы і другі год быў росквіт залатога дзесяцігоддзя ў Беларусі – 2018-2019 гады. Мы яшчэ самі жылі ў Менску. Усё бурліла, і мы набіралі вагу, з усімі калабарыраваліся, запрашалі дыджэяў у эфіры, прыходзілі на вечарынкі, рабілі лайвы, рабілі самі вечарынкі, арганізоўвалі фестывалі. Тады з’явіўся касцяк нашага кам’юніці, які плюс-мінус застаецца.
У 2022-м мы з Пашам з’ехалі і змянілі сваю ролю, а кам’юніці засталося ў Менску і працягвае рабіць перадачы, яны перазнаёміліся і ўмацаваліся гарызантальна. Зараз мы патроху расказваем пра беларускую сцэну па-англійску – хочам экспартаваць веды пра беларускую сцэну больш шырокаму колу слухачоў.
– Цікава, што менавіта вы маеце на ўвазе пад «беларускай музычнай сцэнай» і што прамоўціце найперш?
К.: Калі казаць стылістычна, то, хутчэй за ўсё, гэта будзе амаль усё ў электроніцы, індзі, хіп-хоп.
П.: Мы амаль нічога не пішам пра рок. Можа, першы панковы плэйліст у нас з’явіўся тыдзень таму, а збіраўся больш за год.
К.: Залежыць ад таго, хто гэта робіць. Калі ў нас у камандзе быў чалавек, які актыўна цікавіцца рокам, ён выпускаў некалькі серый пра панк. Як толькі ёсць людзі, якія хочуць гэта рабіць, – з’яўляецца і такі стылістычны напрамак.
– Калі я сустракаю чалавека, які не слухаў «Радыё Плато», як параіце апісаць яму ваш вайб?
К.: «Калі ты не ведаеш, што ўключыць, уключы Radio Plato».
П.: Ёсць два варыянты: ці зойдзе, ці не зойдзе. Мне падаецца, трэба паслухаць Radio Plato з месяц, каб зразумець, што там адбываецца.
К.: Калі хочацца больш глыбока рушыць, то па пятніцах і суботах праходзяць жывыя эфіры, і гэта магчымасць адчуць магію радыё: калі ты з іншымі людзьмі слухаеш нешта агульнае і вы можаце камунікаваць у чаціку. Разам слухаеце адных рабят і неяк рэагуеце.
«Трэба паслухаць Radio Plato з месяц, каб зразумець, што там адбываецца»
– З кім, акрамя Spotify, вы канкуруеце за ўвагу слухача?
П.: Калі казаць пра канкурэнцыю, то гэта пра звычкі людзей. Вось ты пачаў працаваць – і што ты паслухаеш? Нешта новае на Spotify, ці трэкі з «Абранага», ці запусціш «Радыё Плато» – і гэта будзе твой камфортны музычны прытулак. Таму мне падаецца, што галоўны канкурэнт – стрымінг-платформы.
К.: Іншыя радыё – гэта, наадварот, патэнцыял для калабарацыі. Апошнія год-паўтара ў нас якраз яны завярцеліся. Мы з Пашам з’ездзілі на практыку на берлінскую радыёстанцыю THF, пакамунікавалі з рабятамі, зрабілі вечарыначку. Зараз у нас ёсць агульнае шоу, якое выходзіць раз на месяц.
Станцыі не канкуруюць між сабой, таму што ў кожнай станцыі сваё кам’юніці, якое моцна ўвязана на тое сацыяльнае кола людзей, якія гэтым радыё займаюцца. Узімку мы бралі ўдзел у вялікім праекце Easterndaze. Там былі Radio Kapital з Варшавы, 20ft Radio і Gasoline Radio з Кіева, Mutant з Тбілісі, Cashmere Radio з Берліна і іншыя. Сабраўся вялікі пул радыё, якія зрабілі вялізны эфір на адзін дзень: кожнае радыё выходзіла ў эфір і ўсе транслявалі адно іншага.
П.: Гэта вялікае адрозненне камерцыйнага радыё і кам’юніці радыё – вы не канкуруеце за аўдыторыю. Проста ёсць кола людзей, якія тусуюцца вакол радыё, і ім гэта цікава. Напрыклад, кам’юніці радыё Radio Vilnius робяць рэпрэзентацыю віленскага клаб-варушняку. Palanga Street Radio даюць платформу новым імёнам, падтрымліваюць мігрантаў, якія апынуліся ў Літве і робяць тут шоу. Ёсць новае цікавае радыё ў Рызе, якое стварае тэатральная тусоўка, яно больш эксперыментальнае. Хто робіць радыё – так яго кам’юніці і фармуецца. Ты не ставіш трэкі ўмоўнай Рыяны, якія ўсім падабаюцца, каб затрымаць слухача. Няма такой мэты.
«Ты не ставіш трэкі ўмоўнай Рыяны, якія ўсім падабаюцца, каб затрымаць слухача. Няма такой мэты»
– Кам’юніці «Радыё Плато» – яно пра што?
П.: Гэта месца, дзе ты можаш знайсці аднадумцаў. Калі ты захапляешся музыкай, у цябе ёсць нейкія журналісцкія фарматы, ты хочаш распавядаць нейкія гісторыі – можаш прыйсці, пазнаёміцца, атрымаць нейкі вопыт і экспертызу.
– То-бок, калі ў мяне з’явіцца ідэя музычнага шоу, вы мне дапаможаце?
П.: Так, такі план і быў, і так з’явіліся шмат якія шоу на «Плато». Вось «Палёныя пёры» – цікавы прыклад шоу, якое нібы музычнае, але кіношнае. Вядоўца Надзя робіць агляд пяці фільмаў, якія «вы забыліся паглядзець», і ставіць трэкі, якія гучаць у гэтых фільмах. Фармат напалову музычны, напалову культурна-аглядчы, і ён нам пасуе. Мы спрабавалі рабіць адукацыйныя фарматы, але бачым, што людзі прыходзяць на Radio Plato у першую чаргу па музыку.
– А ёсць нішы, на якія адчуваецца попыт аўдыторыі, але такіх шоу пакуль няма?
К.: Гэта адукацыйныя шоу, звязаныя з музыкай. Усялякія агляды, навіны. Вельмі хацелася б, каб было больш наратыву.
П.: Бо паслухаць альбом – гэта адно, а абмеркаваць – іншае. Класічны кейс – гарадзенскі панк-рок, пра які можна казаць, казаць, казаць, але мы не кажам, не кажам і не кажам. Мне б персанальна было цікава паслухаць падкаст пра гарадзенскі панк-рок. Ці што адбывалася ў хіп-хопе ў 2000-х у Менску. Хто валодае інфармацыяй – можам рабіць.
– Пішыце на hey@radioplato.by! А распавядзіце пра праекты, якія выраслі вакол радыё.
П.: Тусоўка Randoom Kru менская – гэта ўжо кам’юніці ў кам’юніці. Пачалося ўсё так, што было некалькі розных перадач пра драм-энд-бэйс і джангл-музыку, і людзі перазнаёміліся, пачалі рабіць сумесныя шоу, вечарыны, нейкі прома-кантэнт.
К.: Яшчэ такое буйное кам’юніці – Thank Plato it’s Friday. Гэта пятнічнае шоу, вялікая тусоўка. З таго, што плануецца: запуск другога сезона навіновага шоу Newsroom, а таксама працягваем наш з Пашам «Рэдактарскі падкаст», куды клічам беларускіх культурных музычных дзеячаў. І ўжо, напэўна, у наступных годзе будзе адукацыйны падкаст пра беларускую электронную музыку 90-х.
П.: Яшчэ Radio Plato Documentaries – гэта дакументалкі. На гэты час ёсць дзве: пра творчую пару Гошы і Леры і пра гурт Dlina Volny. Праект з’явіўся з таго, што мы хацелі распавядаць гісторыі – пра музыкаў у першую чаргу – у нейкім кароткім фармаце з відэа.
К.: Таксама варта расказаць пра лэйбл Radio Plato. Усё пачалося з калабарацыі з Цэнтрам беларуска-яўрэйскай спадчыны. Яны хацелі зрабіць на аснове традыцыйных яўрэйскіх спеваў сучасныя перапрацоўкі, і так атрымалася кампіляцыя «Rajsn-elektronik: Jewish-Belarusian electronic music». Пасля мы выпусцілі вельмі пастаральны прыемны лоў-фай-хіп-хоп Вовы Патапенкі. Гэтым летам выпусцілі дэбютнік Vapna – такі пост-панк-нью-вэйв-электронік. І акурат на пяць год выпусцілі кампіляцыю прадзюсараў Plato і нашых сяброў.
– Дзе бераце энергію на тое, каб цягнуць?
П.: Складана існаваць на валанцёрскіх пачатках. Людзі выгараюць, часу менш, жыццё зараз ва ўсіх хутка змяняецца. Але неяк робім, бо гэта падаецца важным. Як мне зараз бачыцца, «Радыё Плато» ўжо перайшло ў такую форму, што яно нікуды не дзенецца, нават калі нехта з нас перастане рабіць той унёсак, які робіць.
К.: Я шукаю сілы ў пераключэнні на іншыя справы. А яшчэ, канешне, бадзёраць прыемныя словы, якія атрымліваеш ад часам зусім незнаёмых людзей. Калі разумееш, што гэта ўсё не дарма. Кагосьці радыё натхняе займацца сваімі праектамі.
«"Радыё Плато" ўжо перайшло ў такую форму, што яно нікуды не дзенецца»
П.: Ёсць беларусы ў Беларусі, ёсць беларусы ў эміграцыі, і разрыў паміж імі расце. Мы думалі пра тое, як «Радыё Плато» магло б змяншаць гэты разрыў. Падаецца, тое, што мы робім зараз, на гэта працуе.
К.: Былі ідэі нейкіх радыёмастоў. У Вільні на вакзале ёсць партал, з якога можна, падаецца, у Кракаў паглядзець. Вось так можна было б рабіць у барах: каб можна было прыйсці і памахаць сябрам. Штукі, якія нас знітоўвалі б, а не раз’ядноўвалі.
Таксама мы хацелі б больш дапамагаць беларускім музыкам, бо ў апошнія гады змяншаецца магчымасць выступаў, а беларусы-мігранты трапляюць у зусім новае культурнае поле, дзе не ведаюць, як зарыентавацца.
П.: Вельмі лёгка выгараць, калі ты закідваеш і закідваеш свае ідэі ў шафу, а з гэтага нічога не атрымліваецца.
К.: Таму важна, каб музыкі бачылі, што ёсць людзі, якім цікавая іх творчасць, і што яны не адны.
Фота: Знаходкін, Podelkins, Alex Skidan, Віялета Саўчыц