Леся Пчолка
- 05.07.2019
- 6376
Незалежная культурная супольнасць VEHA («ВЕХА») займаецца архіўнай фатаграфіяй, пераканаўча даводзячы, што гісторыю сваёй сям'і можна любіць не толькі пасіўна. 34mag пагутарыў з заснавальніцай і каардынатаркай праекта Лесяй Пчолкай пра тое, навошта нам усім варта прыгледзецца да сямейных фотакартак праз пласт векавога пылу.
Гераіня: Леся Пчолка, 30 гадоў. Скончыла Менскі інавацыйны ўніверсітэт па спецыяльнасці «юрыдычная псіхалогія», ECLAB, Школу бізнэсу ОДБ Брусэль, а таксама гадавую адукацыйную праграму для арт-менеджараў ArtPlatform. Заснавальніца дабрачыннай крамы KaliLaska. Мастачка. Менеджарка культурных праектаў.
Сайт Facebook ВКонтакте Instagram
Пра вехі праекта
– VEHA працуе з архіўнай фатаграфіяй, знятай на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Мы глядзім сямейныя архівы і ацэньваем іх візуальны складнік, культурныя коды, мову, асаблівасці фатаграфавання. Для нас вельмі важна паказаць, чым гэтыя культурныя асаблівасці адрозніваюцца ад асаблівасцяў іншых краін.
З намі ўжо каля 500 чалавек, якія дасылалі нам фатаграфіі падчас працы над першай і другой калекцыямі. Мы заклікаем людзей да захавання сямейных фотаархіваў, бо ў кантэксце гісторыі кожная фатаграфія важная. На жаль, да фатаграфіі зараз ставяцца несур'ёзна: яна занадта хутка развівалася і не паспела сфармаваць нейкі статус і этыку – цяпер гэта набор не звязаных адна з адной практык.
Для нас вельмі важна не абмяжоўваць сябе, не збіраць архівы, напрыклад, мастакоў, фатографаў, а рабіць менавіта сацыяльныя, грамадскія, сацыякультурныя праекты з уцягваннем як мага большай колькасці ўдзельнікаў. Так мы даследуем не жыццё пэўных людзей, а развіццё і фарміраванне культурнай супольнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Архіўныя фотаздымкі першай паловы XX стагоддзя – прафесійная фатаграфія высокага ўзроўню, дзе людзі фатаграфавалі не ўсе запар, а толькі тыя рэчы, якія лічылі рэальна значнымі. Па аналізе фотаархіва можна сказаць, што людзі лічылі значным у сваім жыцці і што хацелі захаваць для нашчадкаў. Разуменне важнасці захаваных сюжэтаў дае магчымасць кожнаму чалавеку чытаць уласны сямейных архіў і адчуць сябе часткай гісторыі, часткай чагосьці важнага.
«Працаваць з асабістымі архівамі і вуснай гісторыяй нашмат цікавей, чым чытаць падручнікі і спрабаваць знайсці праўду ў перапісанай гісторыі»
У нас ёсць некалькі напрамкаў працы. Першы – арт-частка: збор калекцый, правядзенне выстаў, публікацыя даследаванняў, выпуск кніг. Другі – манетызацыя праекта: мы робім пад заказ кнігі з асабістых сямейных фотаархіваў.
Да нас можа звярнуцца чалавек з пачкам фотаздымкаў, як звычайна гэта бывае – у пакеце або старым альбоме, які ўжо развальваецца, і тры чалавекі з VEHA некалькі месяцаў будуць глыбока працаваць з матэрыялам: інтэрв’юіраваць сваякоў, раскладваць фота па храналогіі падзей, выбудоўваць сістэму архіва, перапакоўваць яго, рабіць лічбавы архіў і ствараць кнігу гэтай сям'і.
Кніга можа ўтрымліваць важныя фатаграфіі, апісанні, метрычныя дадзеныя кожнага са сваякоў, вусныя гісторыі. Здаецца, можна калі заўгодна зрабіць такую кнігу і самому, але, як паказвае практыка, не даходзяць рукі і гэтыя фатаграфіі становяцца невядомымі наборамі малюнкаў.
«Наш дызайнер распрацаваў адаптыўныя шаблоны, па якіх чалавек нават без навыкаў вёрсткі можа стварыць сваю кнігу»
Пра тое, як важна своечасова пагаварыць з бабуляй
– З аднаго боку, я хацела папрацаваць з архівамі як мастачка, з другога – гэта важная сацыяльная праца, якую мне самой было важна зрабіць, каб зразумець і асэнсаваць, як выглядае нацыя, якой я належу: мне складана казаць пра сучаснасць, не разумеючы мінулага.
Працаваць з асабістымі архівамі і вуснай гісторыяй нашмат цікавей, чым чытаць падручнікі і спрабаваць знайсці праўду ў перапісанай гісторыі, зручнай для ўлады. Нам вельмі даступнае наша мінулае, проста трэба пасядзець і паразмаўляць са сваімі бабулямі і дзядулямі, але гэтага проста ніхто не робіць: не хапае часу ці здаецца, што гэта можна зрабіць заўсёды. Гатовая паспрачацца, што палова чытачоў не ведае дзявочае прозвішча сваёй бабулі. А варта аддаць адвячорак-другі размовам і запісаць гісторыю сваёй сям'і, таму што раптам можа аказацца позна.
Я пачынала працу са свайго сямейнага архіва для таго, каб выпрацаваць методыку, якой мы зараз карыстаемся. Па гэтай методыцы мы распрацавалі курс, які праводзілі ўжо двойчы. Новы набор будзе восенню. Падчас курсу на працягу паўтара месяцаў удзельнікі праходзяць шлях ад сканавання фатаграфій да вёрсткі непасрэдна кнігі. Мы разбіраем, якія пытанні трэба задаваць людзям, на што абапірацца ў расповедах, як даставаць новыя факты. Наш дызайнер распрацаваў адаптыўныя шаблоны, каб чалавек нават без навыкаў вёрсткі мог стварыць сваю кнігу.
Пра гатовыя калекцыі і пра тую, што ў працэсе
– Мы зрабілі калекцыю фатаграфій на фоне дываноў «Найлепшы бок» і калекцыю вясельных фатаграфій з вянком нявесты «Дзявочы вечар». Трэцяй тэмай мы абралі пахавальную фатаграфію.
Такая падзея, як вяселле ці пахаванне, – гэта момант, калі найбольшая колькасць сваякоў разам, каб іх сфатаграфаваць. Сюжэтаў фатаграфій было не так шмат: фатаграфія была яшчэ дарагая, даступная далёка не ўсім, магчыма, фатаграфіі з гэтымі сюжэтамі адзіныя, якія маглі быць у той час.
Мы не толькі збіраем фатаграфіі, але і да кожнай з іх падаем інфармацыю, дзелім фотаздымкі па перыядах або па лакацыях – гэта сацыялагічны складнік нашай працы. Мы знаходзім паралелі і даследуем гісторыю штодзённасці: што ў той момант лічылі важным і часцей фатаграфавалі, які спосаб здымкі тады выкарыстоўваўся – як цяпер сэлфі, напрыклад. Калі праводзіш больш глыбокі аналіз, то можна ўбачыць асаблівасці перыяду: мы заклікаем да супрацоўніцтва гісторыкаў, этнографаў, чытаем літаратуру па тэме.
«Мы знаходзім паралелі і даследуем гісторыю штодзённасці: што ў той момант лічылі важным і часцей фатаграфавалі»
Для кнігі «Дзявочы вечар», напрыклад, мы падзялілі фота ад канца XIX стагоддзя да 1985 года на сем часавых перыядаў, якія характарызуюць важныя гістарычныя падзеі. На працягу гэтага часавага перыяду праз змены вясельнага вянка можна прасачыць, як мяняўся сюжэт вясельнай фатаграфіі.
З 1965 па 1985 год мы бачым шмат новых традыцый: хлеб з соллю, ЗАГС, ускладанне кветак Леніну або загінулым салдатам – усё гэта было спецыяльна прапісана як новая савецкая абраднасць. І зараз маладыя людзі, якія нарадзіліся ў 1900–2000-х, успрымаюць гэта як рэальныя традыцыі продкаў.
Яшчэ ёсць такая памылковая думка, што ў вёсках або ў сёлах толькі нявінніцы маглі ажаніцца – жанчына быццам бы не магла надзець вясельны вянок, калі яна не была нявінніцай. Але на фота мы бачым цяжарных жанчын у вянку нявесты. Фатаграфія – гэта рэальны дакумент, які можа расказаць, як было насамрэч.
«Некаторыя музеі напісалі, што ў іх няма нічога прыдатнага, і кінулі рэспект, а трынаццаць музеяў даслалі фатаграфіі па тэматыцы»
Пра анлайн-музей
– Зараз калекцыі можна дапаўняць: дасылаць нам адсканаваныя фатаграфіі з апісаннямі – і мы будзем загружаць іх у анлайн-архіў.
Цяпер такі час: без лічбавання нікуды. Па сутнасці, усе нашы папяровыя і фатаграфічныя архівы паступова паміраюць і руйнуюцца, і адзіны спосаб іх захаваць – гэта аблічбаваць. А з дапамогай анлайн-музея фота можна будзе захаваць на стагоддзі.
Прыцягваць музеі – гэта нешта новенькае, і для іх у тым ліку. Мы хочам працаваць з рэгіянальнымі музеямі, этнаграфічнымі, бо часта бывае так, што ў іх няма аблічбаванага матэрыялу.
Мы двойчы адпраўлялі запыты ва ўсе музеі Беларусі. У першы раз нам адказаў адзін – Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны. Гэтым разам нам адказала трыццаць, але некаторыя толькі напісалі, што ў іх няма нічога прыдатнага, і кінулі рэспект. А трынаццаць музеяў даслалі фотаздымкі па тэматыцы «Дзявочага вечару». Акрамя таго, у некаторых музеях не знайшлося фатаграфій па тэматыцы, але работнікі адкрылі свае асабістыя сямейныя архівы – і даслалі нам здымкі. Гэта было вельмі міла.
Стварэнне анлайн-музея – наша мэта, над якой мы працуем другі год. Хочацца стварыць рэсурс, каб людзі маглі самі глядзець, загружаць, шукаць фота лакальна і па часавых адрэзках, маглі кантактаваць з аўтарамі. І тыя людзі, якія даўно страцілі кантакт, маглі такім чынам аднавіць масты, даследчыкі маглі браць адтуль інфармацыю для працы, журналісты – для сваіх артыкулаў. Менавіта таму ў нашых архівах усё так дасканала – з сігнатурамі і апісаннямі, дадзеныя захоўваюцца ў бясконцых табліцах. І мы будзем рады, калі знойдуцца распрацоўшчыкі, гатовыя нам дапамагчы ў стварэнні музея.
Аднойчы нам напісала дзяўчына, што яна ўбачыла кнігу – і ў кнізе ёсць яе бабуля. Бабуля была шчаслівая, што яе здымак трапіў у сапраўдную кнігу. Гэта, магчыма, самая яркая падзея ў чалавека ў жыцці. Такія гісторыі вельмі натхняюць. І я думаю, што для кожнага з гэтых людзей, якія дасылаюць нам фатаграфіі або раптоўна пазнаюць на здымках сябе ці сваіх сваякоў, гэта важна: так з'яўляецца магчымасць стаць плітачкай нашай агульнай гісторыі.
Фота: Віялета Саўчыц