У галерэі «Ў» з 9 траўня працуе фотавыстава «Цюльпаны» Эндру Мікшыса. На гэтым тыдні ў цябе ёсць, бадай, last chance зірнуць на дваістую рэчаіснасць Беларусі. Мы сустрэліся з Эндру Мікшысам у Вільні пасля адкрыцця выставы і запыталіся, чаму беларуская эстэтыка настолькі прыцягвае амерыканска-літоўскага мастака, што ён вяртаецца сюды зноў і зноў.
Эндру Мікшыс нарадзіўся і вырас у ЗША. Аднак імя ён сабе зрабіў на фотапраектах, заснаваных на своеасаблівай арт-дакументалістыцы постсавецкага блоку. Адкуль растуць ногі: дзед Мікшыса з’ехаў з Літвы ў 1944 годзе, каб збегчы ад савецкай акупацыі.
Мікшыс захапіўся тэмай СССР у дзяцінстве, калі разам з сябрамі паглядзеў фільм часоў халоднай вайны «Чырвоны світанак». Яго так уразілі сцэны з дэсантнікамі, што ён захацеў даведацца больш пра імперыю.
Яго бацька працаваў у Key-Arena, дзе адбываліся самыя значныя спартыўныя гульні і канцэрты Сіэтла. Шмат вольнага ад працы часу ён прысвячаў фатаграфіі: камеры і фотакарткі былі раскіданыя па ўсім доме. Таму ўжо ў старэйшай школе Эндру пачаў здымаць, як яго сябры паляць траўку і катаюцца на BMX-ах.
«I am not very much a contemporary art guy»
– Калі я пачаў вывучаць фатаграфію і кіно ва ўніверсітэце, я не быў упэўнены, чым хачу займацца. Мне пашанцавала вучыцца ў выбітнага амерыканскага фатографа Джэрома Ліблінга. Ён быў знаёмы з сапраўднымі зоркамі: ад Дыяны Арбус да Роберта Фрэнка, – кажа Мікшыс пра свайго галоўнага настаўніка.
Эндру захапляе хутчэй дакументалістыка, чым арт-фатаграфія. Падтрымку ён знаходзіць ад Ліблінга, які прама кажа яму: «Fuck the galleries!» Ён накіроўвае сваю ўвагу на гісторыю і сацыяльныя навукі ў большай ступені, чым на мастацтва. Падчас сустрэчы Эндру кажа: «I am not very much a contemporary art guy». Фатаграфія для яго – спосаб даследаваць наваколле і развіваць інстынкты.
Мікшыс увесь час паміж кантэкстамі: амерыканскі бэкграўнд сутыкаецца з еўрапейскім, а Еўропа расшчапляецца на Заходнюю і Усходнюю.
– Я не думаю, што сёння існуе шмат адрозненняў паміж амерыканскай і еўрапейскай фатаграфіяй. Раней існавалі стэрэатыпы, што амерыканскае фота больш аптымістычнае і поўнае надзеі, а еўрапейскае нашмат больш крытычна ставіцца да рэальнасці. Гэта тыповыя клішэ пра наіўнасць амерыканцаў і цынічнасць еўрапейцаў, – распавядае Эндру.
За хуткімі вынікамі ён не гоніцца. Дзесяць гадоў Мікшыс паляваў на твінпіксаўскія сюжэты з літоўскіх вясковых клубаў у праекце «Дыска».
Эндру знаходзіць экзатызм у тых элементах гарадскога асяроддзя, якія беларусы лічаць «саўком», у афіцыйных святах. Ён наведаў Дажынкі аж тры разы! У палітру беларускіх афіцыйных святаў і твары тутэйшых ён пачаў углядацца ў 2009 годзе, калі прыехаў з сябрамі ў Беларусь па фане на выходныя. Праз пяць гадоў Мікшыс выдаў арт-бук «Tulips».
«Падтрымку ён знаходзіць ад Ліблінга, які прама кажа яму: “Fuck the galleries!”»
«Цюльпаны» – гэта фотапраект, які ў першую чаргу існуе як кніга са здымкамі, а ў другую – як выстава. Дарэчы, у 2016 годзе кнігу вылучыў куратар фатаграфіі TATE Modern у Лондане Сайман Бэйкер як адзін з 10 найлепшых фотаальбомаў года. Увесь праект пранізаны чырвоным колерам, а назва праекта выканана шрыфтам культавых цыгарэт «Прыма». Мы вырашылі даведацца, што стаіць за праектам на думку самога Мікшыса.
– Што адрознівае Менск ад іншых краін?
– Уся Беларусь і Менск у прыватнасці доўгі час існавалі быццам у іншай часавай зоне. Калі першы раз апынаешся тут, пачуццё вельмі настальгічнае – усё як у 70-х, нават рэкламы няшмат. Ты ідзеш у «Цэнтральны», побач – МcDonald’s, і ўсё такое бязвіннае. Мне падаецца, гэта больш пра геаграфію, чым пра ідэалогію. Гістарычна Менск – брама ў Маскву, Савецкі Саюз. Тэкст для маёй кнігі напісаў географ. Ён піша, што Беларусь – гэта невядомая тэрыторыя, схаваная паміж Расіяй і Захадам.
– Адкрыццё выставы адбылося 9 траўня. Як уражанні ад такога міксу?
– Вернісаж быў у галерэі «Ў», зусім недалёка ад Плошчы Перамогі, так што атмасфера была неверагодная. Людзі з параду ўвесь час праходзілі праз двор. Тым, хто прыйшоў менавіта на выставу, трэба было спачатку прайсці праз кардон, бо ўсё было перагароджана.
– Што натхніла працаваць над праектам «Цюльпаны»?
– Мяне не цікавіць палітыка, але так цікава назіраць за ўсім падчас святкавання Дня Перамогі ці Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Адчуваеш сябе часткай гэтай афіцыйнай рыторыкі. Я зайшоў у двор, а там было шмат толькі што выфарбаваных перад святам камянёў. Каляровая палітра Беларусі паўплывала і на мяне, я выкарыстоўваў фільтры на некаторыя фатаграфіі праекта.
«Здымка – канфрантацыя фатографа з мадэллю, якая амаль выключае блізкасць»
– У цябе ёсць праекты «Baxt» пра літоўскіх цыганоў і «Disco» пра вясковыя клубы. Цяпер яшчэ і «Tulips» пра Беларусь. Ёсць пачуццё, што ты падыходзіш з заходнім поглядам да мясцовай рэальнасці?
– Мне падаецца, я бачу тое, чаго мясцовыя не заўважаюць. Напрыклад, вясковыя дыскатэкі для іх – гэта зусім звычнае месца. Аднак я ўжо некаторы час жыву ў Літве, так што мой пункт гледжання адрозніваецца ад чыста заходняга. У выпадку з «Цюльпанамі» я не проста фотажурналіст. Мае здымкі нашмат больш асабістыя, але я крыху эксплуатую беларускі экзатызм, калі факусуюся на дэталях.
– Чаму, на тваю думку, табе давяраюць людзі?
– Я заўжды зацікаўлены тымі, каго здымаю. Не кожны з маіх герояў разумее, чым канкрэтна я займаюся, але многія з іх, як мне падаецца, давяраюць мне. Напрыклад, цыганоў літоўскія журналісты паказваюць з адмоўнага боку, таму яны не давяраюць іншым. Калі я прыехаў у Літву, я нічога пра іх не ведаў. У мяне не было забабонаў і негатыўнага стаўлення да іх – мне падаецца, яны гэта адчувалі і пускалі мяне ў свае дамы.
– У тваёй кнізе шмат партрэтаў: ад ветэранаў да аголеных дзяўчат. Распавядзі пра ўзаемадзеянне з імі.
– Дзяўчаты – танцоўшчыцы go-go з стрып-клубаў. Яны пазіруюць у прафесійна-эратычным стылі. Здымкі нават адбываліся ў іх дома, але ў гэтым няма інтымнасці – толькі фасад. Людзі «хаваюцца» за позу падчас фатаграфавання. Здымка – канфрантацыя фатографа з мадэллю, якая амаль выключае блізкасць.
«Я не веру ў цалкам аб’ектыўную фатаграфію»
– Як ты знаходзіш герояў і як дамаўляешся з імі?
– Часам я перасякаюся з імі на некалькі секунд, запытваюся, ці можна зрабіць партрэт, – і на гэтым усё. Часам я фатаграфую цягам многіх гадоў. Толькі размаўляю з большасцю з іх я невербальна, бо мы не гутарым на адной мове. Увогуле я не веру ў цалкам аб’ектыўную фатаграфію – прысутнасць фатографа заўсёды адчуваецца. Мне падабаецца гэтае напружанне, калі я высвятляю, як лепей зняць, а чалавек намагаецца высветліць у гэты ж час, чаму я ўвогуле тут здымаю.
Падзея ў Facebook
Кошт уваходу – 4 руб.
Выстава працуе штодзень з 12:00 да 22:00 па 26 траўня ў галерэі «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а)
Фота by Вікторыя Харытонава & Віялета Саўчыц
Творчасць, вечарыны, праблемы з паліцыяй і дух свабоды – у новым выпуску рубрыкі «Візуал».
Размова пра паспяховасць у арт-асяроддзі і пошукі сябе.
Як пабудаваць не проста бар, але тусоўку на раёне.
Кіраўнік Vilnius Relax Кірыл Атаманчык – пра стартавы капітал у 500 еўра, маркетынг уражанняў і непапсовыя дэстынацыі.
«Сапраўднае чалавечае будзе шанавацца нашмат больш».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
Дык у літоўцаў чырвонае з зялёным на сцягу таксама ёсць