Міла Котка: «Кожны іерогліф – гэта сведка, як часта я бываю ў выраі»

Нядаўна ў беларускай мастачкі Мілы Коткі прайшла аўтарская выстава Bio-Art Hybrid-Media Exhibition «ENDO-EXO» ў вельмі незвычайным месцы на беразе Віслы ў Варшаве. З гэтай нагоды Radio Plato пагутарыла з Мілай пра яе біяарт-іерогліфы, пра тое, як яна выпраўляецца ў паляванне на мастацтва, як знайсці ўласны вырай і чаму стан пераходу не менш важны, чым стан спакою.

*** 

 

 

Уяві, што ты знаходзішся ў прасторнай выставачнай залі з цаглянымі сценамі, пасярэдзіне стаяць мінімалістычныя лавы і расце дрэва з рудымі лісточкамі, на сценах вісяць вялізныя карціны, да якіх можна падысці, каб разглядзець больш дэталёва і прачытаць апісанні да прац. Па прасторы гуляе котка, а сам будынак знаходзіцца пасярод бухты з супакойлівым відам на мора. Гэта – Kotkaverse, куды кожны ахвочы можа зайсці прама зараз, прайсціся па выставе Мілы Коткі, паразглядаць карціны, паслухаць гіпнатычны сэт Мафера ў асноўнай зале, а таксама зазірнуць на лясны рэйв і асобны пакой для медытацый.

Увядзі ў гугле «Kotkaverse» – і лінк на сэрвісе Spatial перамесціць цябе туды. Там, у віртуальнай прасторы, мы і сустрэліся з Мілай, каб правесці нашую гутарку.

 

 

«Паломніцтва» да раслін і да інсайтаў

– Прывітанне, Міла. Ты ўжо была ў гасцях у эфіры «Рэдактарскага падкасту» яшчэ ў 2019 годзе. Тады ты ладзіла фестываль Vulica Brasil. Чым ты цяпер займаешся?

– Я перастала рабіць фестываль, таму што не жыву ў Беларусі. Я пераехала ў Бразілію ментальна – там адкрыла разам з партнёрам дыпламатам Даніла Коста Інстытут мастацтваў і ўстойлівага развіцця Vulica Brasil. У той жа час я была ў Тайландзе, дзе нарадзіла самы важны ў сваім жыцці праект – аўтарскі і мастацкі. Калісьці мне было нават сорамна гэта прамаўляць, але цяпер я з гонарам магу сказаць, што з’яўляюся мастачкай і зрабіла ўжо не першую сваю выставу.

– З чаго складаецца тваё мастацтва?

– Я б пачала з візуалізацыі. Вы можаце ўявіць сябе ў джунглях, у лесе, на рацэ ці ў гарах дзе-небудзь у дзікай прыродзе, дзе вельмі прыемна, прыгожа і спакойна. Каб ментальна перанесціся ў такое асяроддзе, можна стварыць партал, іерогліф, камбінацыю, нейкі ментальны якар, які можа лёгка перанесці ў гэта месца.

Для мяне гэтым парталам з’яўляюцца мае біяарт-іерогліфы. Я выкарыстоўваю элементы эндэмічных раслін – з гэтых пялёстачкаў, тычачак, нейкіх ракавінак, пер’я я ствараю існасці, парталы, коды, шыфры, сімвалы. Гэтыя сімвалы – візуальная аснова, якая дазваляе распачаць асацыятыўную практыку. Кожны ў гэтых сімвалах бачыць нешта сваё: нехта жывёл, нехта твар, нехта цэлую гісторыю. Нехта песню. 

Для мяне гэта таксама рэфлексія: праз эмоцыі, падарожжа я спрабую асэнсаваць сваё жыццё і жыццё навокал, раблю пошукі інсайтаў, бо кожны іерогліф для мяне – гэта невялічкі інсайт.

– Як ты збіраеш свае біяіерогліфы? Як выглядае твой дзень, калі ты здабываеш сабе новы ў калекцыю?

– Я хаджу па іх, як паломнікі па духоўнасць. Бяру з сабой зусім няшмат: фотакамеру, чорны фон (сваю байку) – і выходжу адна ці ў добрай кампаніі максімум аднаго чалавека. Але лепш адной, бо з людзьмі мала ў мяне іерогліфаў здабываецца. Людзі прагнуць камунікацыі, і мала хто можа вытрымаць мой пошук, маю рыбалку. Бо можа прайсці дзве гадзіны, падчас якіх я амаль нерухома сяджу і складаю свае іерогліфы. А для мяне гэта як імгненне.

Але спачатку трэба прайсці вялікі шлях, пажадана дзесяць кіламетраў. Пасля гэтага сапраўды адкрываецца іншая візія. Магчыма, гэта звязана з нашай фізіялогіяй. Гэта такая медытацыя, чысты розум – пачынаеш нарэшце заўважаць вакол сябе прыгажосць ці нешта дзіўнае. Адключаешся ад свайго бясконцага ўнутранага дыялогу і праблем, якія атачаюць. Выходзіш з ментальнай клеткі, у якой знаходзіўся.

 

«Пачынаеш нарэшце заўважаць вакол сябе прыгажосць ці нешта дзіўнае»

 

Не заўсёды ў мяне атрымліваецца рабіць такія трыпы. Ведаеце, у Польшчы у нацыянальныя паркі пакуль не часта трапляю, дарагое падарожжа выходзіць. А ў Грузіі, дзе я да гэтага жыла, далёка не трэба было хадзіць па іерогліфы, выйшаў – і ты ўжо ў гарах. Прасцей за ўсё, канешне, было ў падарожжах у тропікі і на экватар, там найбольшая ў свеце біяразнастайнасць, бо мае працы таксама ж і пра яе, разнастайнасць прыродных форм і колераў. А ў горадзе я ніколі не магла нічога зрабіць трапнага. На прыроду не кожны ж дзень ходзіш. Таму кожны іерогліф – гэта сведка, як часта я бываю ў выраі, як часта я бываю ў падарожжах па дзікасці.

Самыя класныя іерогліфы атрымліваліся там, дзе былі падарожжы з выклікам: на якія-небудзь вялікія вадаспады ў Бразіліі ці па дзюнах трэба было шмат прайсці. Там, дзе сам ландшафт уражваў.

– То-бок за кожным іерогліфам ёсць гісторыя, якую ты больш-менш памятаеш і можаш распавесці?

– Так, яшчэ гэта і геакропка. Калі я састаруся і не змагу хадзіць у свае трыпы адна, то буду вадзіць людзей па гэтых сцежках, таму што кожны іерогліф – гэта самае прыгожае месца на Зямлі, дзе я была. 360 градусаў навокал воку прыемна і прыгожа. 

Не ведаю, з тым, як мяняецца сусвет, ці будуць яшчэ жывыя гэтыя кропкі на планеце. Калісьці Себасцьян Сальгаду рабіў свой фотапраект «Генезіс» у Амазонцы і іншых дзікіх мясцінах на планеце і казаў, што хоча адлюстраваць Зямлю такой некранутай, бо хутка гэтага не будзе. Але, калі што, звяртайцеся: дам геалакацыю кожнага з іерогліфаў.

 

 

Пры чым тут квантавая фізіка

– Твая выстава прайшла ў незвычайнай выставачнай прасторы – павільёне Kamień, які знаходзіцца на беразе Віслы ў Варшаве. Як ты на яго трапіла?

– Я пайшла туды са сваім добрым сябрам англічанінам Маркам, які больш за 20 гадоў жыве ў Варшаве, на экалагічную вечарыну, дзе трэба было прыбіраць Віслу. Калі я пабачыла гэты будынак у выглядзе каменя – архітэктар натхніўся рэальным валуном, які на тым жа беразе і стаіць, – я падумала, што файна было б зрабіць там сваю выставу. Да гэтага я глядзела памяшканні ў Варшаве, а Варшава – гэта горад, які мае моцную энергію сваёй гісторыі, напэўна, таму што варшавякі клапатліва да яе ставяцца. Мне ж для свайго мастацтва хацелася гэтага кантэксту пазбегнуць. Таму, калі я пабачыла чысціню прасторы Kamień, мне падалося, што гэта будзе ідэальнае месца. 

На шчасце, у мяне з сабой былі некалькі маіх прац, паштовак, я падышла да арганізатараў, паказала ім і сказала, што хачу зрабіць тут выставу. Упершыню ў жыцці ў мяне атрымалася дамовіцца за тры секунды. 

– Як нарадзілася ідэя выставы «ENDO-EXO»?

– Я ўжо больш за год ці два не жыву дома, у Беларусі, змяніла некалькі краін за гэты час і адчуваю, што знаходжуся ўнутры пераходу, у транзіце. Таму я вырашыла на ім сфакусавацца. 

Неяк я правяла некалькі тыдняў з мамай дзяўчыны свайго сябра з капуэйры, дзякуючы якому цяпер жыву ў файнай арт-рэзідэнцыі ў Варшаве. Дзяўчына паехала на адпачынак, а я засталася з гэтай жанчынай. Яе муж сышоў у той свет, і яна вельмі сумавала. Я спрабавала з ёй размаўляць, слухала-слухала, а пасля выцягнула ў падарожжа на заліў. Я бачыла, як яе вочы напоўніліся новым жыццём. Мы пачалі размаўляць з ёй на тэму, адкуль браць энергію на новае, на адаптацыю. Яна па прафесіі хімік, і яна сказала, што ёсць у біялогіі і хіміі працэсы, калі рэчы даюць энергію, а ёсць калі бяруць яе аднекуль – энда- і экзапрацэсы. Мне падалося вельмі цікавым, што гэтая жанчына, нягледзячы на тое, што была закапаная ў сваіх асабістых эмацыйных праблемах, у адну секунду метафарычна вырашыла праблему, адкуль браць энергію.

Гэта стала падказкай, у якім кірунку ў маёй творчасці ісці. Калі не хапае ўнутраных сіл і падаецца, што ўсё скончылася і больш не вартае нічога, я вырашыла звярнуцца да вонкавых сіл – запрасіць сутворцаў і паказацца людзям у тым стане транзіту, у якім я (і мы) ёсць. І я знайшла зборнік навуковых артыкулаў на гэтую тэму, і аказалася, што феномен пераходу ці ўвогуле дыхатаміі, розніцы паміж энда і экза, вонкавым і ўнутраным, сваім і чужым часта сустракаецца ў навуцы – квантавая фізіка, экалогія, псіхалогія, нейрафізіялогія мозгу, якія прыходзяць да таго, што тое, як мы ўспрымаем свет, гэта больш уласцівасць нашага мозгу, чым рэальнасць як такая: усё класіфікаваць, раскладаць па паліцах, каб неяк успрымаць інфармацыю вакол нас.

Але, самае шакуючае, што я там прачытала, гэта што ад таго, якая ўнутры нас «карцінка» і як моцна яна суадносіцца ці канфліктуе з вонкавым, залежыць амаль усё нашае чалавечае жыццё. Асабістае і калектыўнае. І больш за тое, мастацтва – гэта акурат тое, што знаходзіцца на гэтай мяжы пераходу і мае магчымасць уплываць на парадыгму мыслення, а значыць і на рэчаіснасць. Ва ўсялякім выпадку, тая прастора – рэальная і віртуальная, ці метапрастора, якая стварылася падчас выставы, змагла наблізіць мяне да новага адчування жыцця. Наблізіць унутраную «карцінку» да знешняй і тым зняць напругу і вызваліць неймаверную колькасць жыццёвай энергіі. Дзіўна, але зараз у мяне нашмат больш сіл, чым было перад выставай. 

 

«Ад таго, якая ўнутры нас “карцінка” і як моцна яна суадносіцца ці канфліктуе з вонкавым, залежыць амаль усё нашае чалавечае жыццё»

 

– Як выбудоўвалася прастора выставы ў віртуальнасці і рэальнасці?

– У віртуальнасці было больш падобна на камп'ютарную гульню. Я стварыла там некалькі парталаў, каб гэта была не адна прастора. Асноўная зала выглядае як вялікая галерэя з белымі, цаглянымі і шклянымі сценамі, яна лунае ў паветры, паміж гарамі і акіянам. На гэтых сценах вісяць мае працы. Я іх спецыяльна зрабіла больш, чым у жыцці, чаму не – можна ж паэксперыментаваць. Паклала там пуфікі, вазоны паставіла, дрэўца, запусціла віртуальную котку.

– Слухай, гэтая прастора ж цяпер існуе і можна туды хадзіць, правільна?

– Так, можна хадзіць, і, самае цікавае, яшчэ там можна спаткацца ў выглядзе аватараў, які кожны сабе стварыў. Я стварыла сабе свой, і самае адлётнае, што я пачала сябе з ім ідэнтыфікаваць. Ужо не хачу нават свае фатаграфіі выкарыстоўваць дзе-небудзь у анлайне. 

Раней я ставілася да гэтага крытычна. Але калі я адкрывала выставу ў віртуальнасці – я ўздзела акуляры і спаткалася з тымі, хто прыйшоў на выставу там, – са мной пачала размаўляць адна дзяўчына, якая папрасіла правесці яе па экспазіцыі. І я, знаходзячыся на фізічнай выставе, вадзіла яе па віртуальнай частцы. Пасля куратары, з публікай, якія бачылі гэты перформанс, сталі мяне выцягваць у рэальную прастору, тыпу: «Міла, вярніся ў біялагічны свет, здымай акуляры». І я такая ў віртуальным свеце: «Ну ўсё, мяне тут цягнуць назад – у тую ж самую выставу, але ў рэальнасці».

 

 

– З якімі цяжкасцямі ты сутыкнулася, калі арганізоўвала выставу?

– Цяжкасцей было некалькі. Першая з іх – гэта эмацыйная. Так супала, што тры праекты адначасова патрабавалі маёй увагі, і я не магла зразумець, якому аддаць прыярытэт. Адзін праект быў пра далёкую будучыню, другі – пра абавязкі з мінулага, а трэці акурат выстава – тут і цяпер. Нават у некаторы момант падумала не рабіць сваю выставу, але пасля зразумела: «Што, я ахвярую сабой?»

Другая цяжкасць была ў тым, што я рабіла гэтую выставу з мінімальнай фінансавай падтрымкай. Мне дапамаглі па віртуальнай рэальнасці і ўвогуле зрабілі працу па метасусвеце, а таксама калабаратары добраахвотна далучыліся да праекта, за што ім велічэзны дзякуй! Але, напрыклад, матэрыяльныя працы рабіць вельмі дорага. Я нават прыдумала такую канцэпцыю, што з дапамогай гледачоў хацела матэрыялізаваць выставу. Карціны існуюць у віртуальнай прасторы, людзі могуць пахадзіць, выбраць і набыць працу. Я тады яе надрукую і павешу ў рэальнай. Таму, напрыклад, на адкрыцці выставы было толькі 10% прац, астатнія – проста чорныя квадрацікі. Я, канешне, усе свае зберажэнні аддала на выставу. І не шкадую. Лепш так. Лепш зноў быць галоднай мастачкай і далей працаваць на іншыя праекты, гэтае выказванне было вартае таго. Але, канешне, хацелася б, каб далей ужо гэты прадукт быў інстытуцыянальна прадстаўлены. Я думаю, гэта файны прататып. 

 

«Маё выказванне зусім адрозніваецца ад той павесткі, якая ёсць сёння ў медыя і паўсюль»

 

І, напэўна, самая вялікая цяжкасць для мяне – гэта зразумець сваё пазіцыянаванне. Я б хацела пакінуць сваё мастацтва і сваё імя ў бяспечнай прасторы, дзе людзі могуць прыязджаць да мяне і з Беларусі, і я магу камунікаваць з рознымі, каб усе адчувалі сябе нармальна. Гэта вельмі крохка зараз. Бо так лёгка раздзяліцца: ці ты па адзін бок, ці ты па другі. Ты ў энда ці ў экза? Цяжка было гэты баланс захоўваць, але я паспрабавала. Шмат адкінула аўдыторыі, канешне, бо не на ўсе інтэрв’ю пагадзілася. Але гэтая інтымнасць таксама сыграла сваю ролю. Не было ніякага непаразумення на выставе, адчування, калі нехта прыходзіць і не ведае, што тут рабіць. І гэта добра, каб нарадзілася нешта новае. Бо маё выказванне зусім адрозніваецца ад той павесткі, якая ёсць сёння ў медыя і паўсюль. Гэта нешта зусім новае, і я буду радая далей распаўсюджваць гэта па свеце.

 

 

Гэтае інтэрв’ю можна таксама паслухаць:
 

 

У выставе «Endo-Exo» прынялі ўдзел:

Моўшн – Dizzy, Pasha Plaha

Гукавое вымярэнне – Mufer, Syntrig, KOOB, Rusia, Спеўны хор

Куратары – Вольга Кліп у Kamień, Ксенія Тырсікава ў Metaverse, Максім Крук (сцэнограф)

Metaverse створаны праектам Varta Digital

 

  Завітаць у Kotkaverse 

 

Фота: Pasha Kritchko