90-хвілінныя рылсы, рэклама ў чат-ботах і ўрокі Grokipedia
- Рубрыка: MEDIASCAPE
- 06.11.2026
- 107
За бясплатную генерацыю карцінкі цяпер даводзіцца глядзець на рэкламны банэр, працоўнае ліставанне можа быць прададзенае распрацоўшчыкам LLM, чатыры з пяці пастоў у LinkedIn створаныя штучным інтэлектам. Працягваем даследаваць сучасны інтэрнэт і спажыванне ў рубрыцы «Mediascape», каб ты не прапусціў(-ла) нешта цікавае.
Instagram тэсціць доўгія відэа
Платформа дазволіць запампоўваць відэа да 90 хвілін, і гэта цікавы сюжэтны паварот. Яшчэ, лічы, заўчора эксперты казалі ледзь не пра паміранне доўгіх фарматаў: маўляў, увага ў людзей як у залатых рыбак, не разлічвайце ўтрымліваць яе гадзінамі. Каб дагадзіць «залатым рыбкам», YouTube у 2020 годзе запусціў шортсы. Мінула шэсць гадоў — і маем сіметрычны адказ: Instagram з яго «лонгамі». Упэўненыя, што доўгія тэксты хаваць таксама заўчасна.
Дарэчы, у залатых рыбак выдатная памяць. Яны не толькі запамінаюць, як выглядаюць людзі, якія іх кормяць, і ведаюць час кармлення, але могуць нават выбрацца з лабірынта.
SynthID Detector выводзіць крэатараў на чыстую ваду
Google адкрыў доступ да інструмента, які выяўляе пластыкавую ШІ-руку ў фотаздымках, відэа- і аўдыяматэрыялах. Чэкнуць карцінку, якая выклікала ў цябе сумневы, можна па спасылцы. Праўда, на 100% выяўленне сінтэтыкі не гарантуюць, бо дэтэктар знаходзіць толькі працу партнёрскіх кампаній: Google, OpenAI, Nvidia і Kakao.

Распрацоўшчыкі LLM купляюць запісы працоўных сазвонаў
Моўныя мадэілі ўжо аб’еліся тэкстамі з інтэрнэту, ім трэба штосьці яшчэ. OpenAI, Anthropic і іншыя гульцы зацікавіліся электроннымі лістамі, слак-перапіскамі, запісамі нарад і планёрак. Такія дадзеныя паказваюць, як людзі рашаюць працоўныя задачы: абмяркоўваюць фінансавыя паказчыкі, прымаюць рашэнні, тлумачаць свае дзеянні калегам, выпраўляюць памылкі ў праграмах.
ШІ-агентам ёсць чаму павучыцца на такім матэрыяле, і асабліва прывабнымі ў гэтым кантэксце становяцца дадзеныя стартапаў, якія рыхтуюцца да закрыцця або пераходу да новага ўладальніка. Так, стартап Warmly, пераходзячы ў новыя рукі, атрымаў чатыры прапановы аб продажы ўнутраных дадзеных — за іх гатовыя былі выкласці да 300 тысяч даляраў. У Warmly ад такой угоды адмовіліся. Але іншыя кампаніі на гэтым зарабляюць. Вядома, перад продажам ім даводзіцца выдаляць з масіваў асабістую і іншую ўразлівую інфармацыю.
Meta заблочыла рэкламу п’есы паводле класічнай аўтаркі
Тэатр Raval ставіў у Барселоне п’есу «Свой пакой» па праграмным творы Вірджыніі Вулф, які ўвайшоў у канон фемінісцкай літаратуры, бо распавядае пра залежнае становішча жанчын у Англіі 1920-х. Стваральнікі спектакля хацелі рэкламаваць яго ў Instagram і Facebook, але Meta заблочыла рэкламу як «фемінісцкую». У зваротнай сувязі рэкамендавалі перапрацаваць абвестку, каб яна не ўспрымалася як актывізм, аднак пасля таго, як сітуацыю асвятлілі на старонках The Guardian, рэкламу апублікавалі, а ўсё, што здарылася, у Meta назвалі памылкай.
Вядома, што Meta не пускае сацыяльны кантэнт на рэкламу, але сітуацыя са «Сваім пакоем» падсвятліла, наколькі дзіўна часам працуюць падобныя фільтры без чалавечага ўключэння. Мастацтва часта ставіць вострыя пытанні, ды і адказы можа даваць не самыя лагодныя. Жаданне рэкламных пляцовак падуць на ваду выстаўляе дадатковыя бар’еры паміж мастацтвам і яго патэнцыйнымі спажыўцамі, а аўтаматызацыя працэсаў не дазваляе адрозніць класічны твор ад актывісцкай агітацыі.
54% людзей атрымлівае навіны праз сацыяльныя сеткі і кароткія відэа
Паводле Reuters Institute Digital News Report 2026, сацсеткі і відэаплатформы афіцыйна абышлі навінавыя сайты і прамыя эфіры СМІ як галоўныя пастаўшчыкі навін. Сайты навінавых агенцтваў і тэлебачанне працягваюць губляць аўдыторыю. Пры гэтым 46% спажываюць навіны праз незалежных стваральнікаў кантэнту, блогераў. Доля людзей, якія звяртаюцца да ШІ-чат-ботаў, каб разабрацца ў навінах, дасягнула 10% (сярод моладзі да 35 гадоў — 16%). Пры гэтым ШІ выкарыстоўваюць не як асноўнага пастаўшчыка навін, а менавіта як тлумачальніка кантэксту.
Парадаксальна, але людзі, якія самі выбіраюць разбірацца з навінамі праз сацыяльныя сеткі і чат-боты, кажуць, што не вельмі ім давяраюць.
Людзі шукаюць зручныя спосабы спажывання навін, і на гэтым цяпер можна добра хайпануць. Так, маладыя аргентынцы трапілі ў топ Apple Store з праграмай, якая збірае навіны са сфер, цікавых карыстальніку, у 10-хвіліннае аўдыя. Апка Lisa AI бясплатная і спасылаецца выключна на адкрытыя крыніцы. Яе каманда пакуль што валанцёрская і існуе на сродкі бізнэс-анёлаў.
81,2% тэкстаў на LinkedIn згенераваныя ШІ
Такая лічба па выніках аналізу 5000 пастоў была зафіксаваная Originality.ai яшчэ ў ліпені, так што хто яго ведае, мо цяпер там ШІ-шнае спрэс усё. У адказ на слапізацыю платформа дазволіла карыстальнікам скардзіцца на пасты, падобныя да AI slop’а, але пакуль гэта не надта дапамагае.
ChatGPT працягвае рух у бок рэкламізацыі
З канца лета рэкламу ў папулярным чат-боце сталі паказваць карыстальнікам з 31 краіны Еўропы. Раней у гэтым годзе ChatGPT Ads разгарнулася ў ЗША, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Японіі і іншых краінах свету. Рэклама выглядае як асобная картка пад адказам чат-бота і пазначаецца як «sponsored». Пазбаўленыя ад яе толькі карыстальнікі платных тарыфаў вышэйшых за танны Go.
Нядаўна пачалі тэставаць і візуальную рэкламу побач з выявамі, якія генеруе карыстальнік. Напрыклад, чалавек дае задачу згенерыць дызайн кухні, афішу канцэрта або капсулу гардэроба, а яму заадно прапануюць штосьці купіць. У OpenAI абяцаюць, што рэклама не скажае карыстальніцкі досвед, рэкламадаўцы не могуць паўплываць на адказы сістэмы, а калі тэма ў дыялогу чуллівая і эмацыйная, то банэры не з’яўляюцца ўвогуле (гэта, зразумела, больш клопат пра рэкламадаўцаў, бо ніхто не разлічвае на добры продаж у непрыдатным кантэксце; можна, наадварот, трапіць у рэпутацыйна шкодную сітуацыю).
Веданне моў больш не пракорміць?
У падкасце «Asia Specific» BBC абмеркавалі, як ШІ змяняе працу перакладчыкаў. Эксперты адзначылі, што тэхналогіі ўжо паспяхова забіраюць перакладчыцкі хлеб, аднак пакуль праграмы робяць шмат памылак і блытаюцца ў рэгістрах ветлівасці ды ў стылістыцы, то-бок на высокім юрыдычным ці палітычным узроўні патрэба ў жывых перакладчыках у агляднай будучыні адпадзе наўрад. Што датычыцца вывучэння моў, то, вядома, праграмы робяць працэс больш даступным, але неабходнасць чалавечай камунікацыі тут нікуды не знікае.
Grokipedia не здаецца
Альтэрнатыўная Вікіпедыя Ілана Маска выйшла з летняга анабіёзу і працягнула працу. Эксперты адзначаюць, што памылак у ёй менш не стала, але Вікі ўсё роўна ёсць чаму падвучыцца ў гэтага ШІ-праекта. Журналіст Біл Айдар заўважае, што артыкулы Grokipedia «напісаныя жахліва» і яны занадта доўгія: «Калі б Grok, які напісаў гэтую нудную прозу, быў студэнтам аднаго з маіх курсаў пісьма, я б паставіў яму двойку». Але, на думку эксперта, Grokipedia дае кантэкст, якога часта не хапае Wikipedia, знаходзячы інфармацыю ў самых далёкіх закутках інтэрнэту. Таксама Grokipedia дае падставы яшчэ раз паразважаць пра баланс і акцэнты.
Праект запускаўся ў процівагу неаліберальнай думцы і дэклараваўся як нешта больш аб’ектыўнае. У выніку туды скапіявалі артыкулы Вікіпедыі, дазволіўшы машыне пашыраць і рэагаваць іх на свой лад. Выйшла тварэнне Франкенштэйна, бо сярод фактаў намяшаліся памылковыя меркаванні, канспіралагічныя тэорыі і неправераныя дадзеныя. Да аб’ектыўнасці Grokipedia пакуль што далёка, бо яна нярэдка схіляецца да больш правых інтанацый.
У артыкуле пра сябе Біл Айдар налічыў 32 памылкі: «Grok — дурань. Ён не ведае, што важна, а што не. Проста мяшае дэталі з мноства вэб-артыкулаў. Grok ведае толькі тое, што знайшоў у інтэрнэце, і яму не хапае досведу і перспектывы, каб разабрацца, што важна». Айдар падкрэслівае важнасць чалавечай працы ў курыраванні ведаў.
Між тым штучны інтэлект ужо сёння «экзістэнцыйная пагроза для Wikipedia». Так кажа Бернадэт Міхан, генеральная дырэктарка Фонду Вікімедыя. 25 гадоў Вікі была крыніцай адказаў для людзей, якія шукалі інфармацыю ў Google. Людзі звярталіся да тэкстаў Вікіпедыі і рэагавалі на прапанову заданаціць праекту. Цяпер па адказы звяртаюцца да ШІ-чат-ботаў. Да таго ж на Вікі хлынула лавіна ШІ-кантэнта, і на яе рэдактараў звалілася непамерная нагрузка. Як вольная энцыклапедыя дасць рады гэтым выклікам? Пажывём — пабачым.
Кароткія відэа адключаюць крытычнае мысленне
Кітайскія вучоныя даследавалі працэсы, якія адбываюцца ў мозгу падчас прагляду кароткіх відэа, і прыйшлі да высновы, што цікавы нам кантэнт адключае зоны, якія адказваюць за глыбокі аналіз і самакантроль.
Калі ўдзельнікі эксперыменту глядзелі відэа да канца, навукоўцы лічылі, што ролік ім падабаецца. Менавіта пры праглядзе такіх ролікаў спадала актыўнасць у дарсальнай пярэдняй паясной кары і дорсалатэральнай прэфрантальнай кары, якія адказваюць за кагнітыўны кантроль і канцэнтрацыю. Падчас скролінгу мозг пераходзіў у рэжым плыні і аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі, не спрабуючы яе аналізаваць. Цікава, што ў гэты час сувязь паміж дзвюма зонамі кантролю ўмацоўвалася, але выключна для таго, каб яны сінхронна вырубаліся, пакідаючы людзям чыстае задавальненне і эмоцыі.
Калі відэа ў стужцы не падабалася, зона самакантролю выходзіла з гібернацыі, каб сігналізаваць «гартай далей», але зона, адказная за аналіз, па-ранейшаму спала як пшаніцу прадаўшы. Атрымліваецца, падчас скролінгу мы спажываем інфармацыю выключна на эмоцыях, нам складана заўважаць маніпуляцыі. Такія справы.
Візуал: Ardian Pranomo / Unsplash+