Стартаваў другі сезон падкасту пра класічную літаратуру

Выйшаў чарговы выпуск падкасту «Спіс на лета»: другі сезон пачаўся з размовы пра жыццё і творчасць паэта, перакладчыка, удзельніка літаратурнага аб'яднання «Узвышша» Уладзіміра Дубоўкі.

«Уладзімір Дубоўка прадстаўлены ў школьнай праграме двума вершамі, адзін з якіх вы, хутчэй за ўсё, ведаеце на памяць. Прапануем паслухаць пра галоўную постаць беларускіх бурапенных дваццатых, пра чалавека з найцікавейшай і найскладанейшай біяграфіяй, — пішуць стваральніцы падкасту. — “Залатая асенняя раніца”, “Пальцы жоўтых кляновых лістоў”, верас і цягнікі, авангардныя эксперыменты ў паэзіі і санеты Шэкспіра і Байрана, а таксама пра тое, як захоўваць годнасць у бесчалавечных абставінах, бо “жабрацтва духу — не вялікі гонар”».

Падкаст «Спіс на лета» дапамагае свежымі вачыма зірнуць на школьную класіку, пераадкрыць яе для сябе і, верагодна, шчыра палюбіць. У першым сезоне выйшла 12 эпізодаў, героямі якіх сталі Янка Купала, Францішак Багушэвіч, Максім Гарэцкі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Іван Мележ, Васіль Быкаў, Максім Танк, Іван Шамякін і Уладзімір Караткевіч.

Вядучыя «Спіса на лета» — выкладчыца, філалагіня Марына Казлоўская і паэтка, арт-менеджарка Дар’я Бялькевіч.

 

 

  Падкаст можна слухаць на YouTube, Apple Podcasts, Yandex Music, Spotify, Castbox, а таксама на сайце Wir.by.