У Варшаве пачынаецца «Варушняк»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 29.06.2023
- 4588
1 ліпеня беларускае кам’юніці «Варушняк» запрашае адсвяткаваць Купалле ў Варшаве. Свята пройдзе ў фармаце музычнага фестывалю, дзе знойдзецца месца ўсім: і заўзятым тэхна-дэнсерам, і аматарам канэкціцца са стыхіямі, і дзецям.
У праграме заяўленыя:
18 гадзін музыкі нон-стоп;
дзіцячая зона, дзе можна будзе павучыцца спевам і рабіць розныя штукі рукамі;
цікавосткі ад беларускіх ініцыятыў;
кірмаш і фудкорт;
спевы і танцы ля вогнішча.
Музыкай загадваюць любімыя Shuma, Campdershein (тэхна-паці «Ззянне»), Belarus Outside Sound System, Karma, студыя гуказапісу Shoom. За пультамі начуюць не толькі дыджыкі з Беларусі, але таксама з Бельгіі, Польшчы і Украіны.
На пляцоўцы Hutarka распавядуць пра культ Сонца ў беларусаў старажытнасці і пра топ-10 пытанняў беларусаў у Польшчы, пройдзе купальскі квіз і адкрыты ўрок польскага слэнгу.
На фудкорце будуць веганскія хот-догі Karma Crew, мясныя – BackDoorBar, сушы-сэндвічы онігірадзу Wabi Sabi, блінцы Razem, сангрыя, гарбата, ліманады. На кірмашы з’явіцца шанец павырабляць нейкія керамічныя штукі і набыць посуд, узяцца за сваю першую самаробную вышыванку, учапіць штось цікавае на вінтажным сэкандзе, набыць рэсайклінг-адзенне, карціны і аўтарскія ўпрыгожанні.
Купалле – першы івэнт «Варушняку», суполкі культурных дзеячаў беларускай дыяспары ў Варшаве. Чакаецца, што далей будзе больш сустрэч і нагод для тых сустрэч. Да «Варушняку» могуць далучацца артысты, мастакі, дызайнеры, прамоўтары, піяршчыкі ды іншыя, хто пакутуе без свайго варушняку ў экзылі. «Разам мы здольныя развіваць сваю культуру і сваю этнічную ідэнтычнасць. Паасобку здзейсніць гэта цяжка», – кажуць стваральнікі суполкі. Яе ўдзельнікі і ўдзельніцы намагаюцца агульнымі сіламі ствараць беларускую культуру, працягваць шлях і ратаваць перарваныя традыцыі.
Калі: з 15:00 1 ліпеня да 09:00 2 ліпеня
Дзе: Rejs Club, Piotra Bardowskiego 2A
Колькі: данаты ад 20 злотых (на патрэбы рэпрэсаваных музыкаў)