Краўдфандынг дня: на беларускі кароткі метр, які паедзе па фестывалях

Малады прадакшан Sort of Cinema (SOC) плануе за шэсць тыдняў зняць кароткі метр, каб распавесці пра Беларусь на міжнародных кінафестывалях. Каманда ўпісваецца ў гэтую авантуру бясплатна, але на тэхнічную частку задумы патрэбныя грошы – таму быў распачаты краўдфандынг.

Фільм будзе пра старога з дэменцыяй, які сутыкаецца з беларускай рэальнасцю, і яго ўнука, які атрымлівае позву ў войска. Падрабязнасцямі працы над кіно каманда бадзёра і адкрыта дзеліцца ў інстаграме: там можна будзе сачыць за ўсёй кухняй творчага працэсу. Але да 1 траўня трэба закрыць збор на тэхніку, арэнду лакацый, рэквізіт, лагістыку, прасоўванне і іншыя спадарожныя выдаткі. «Мы разумелі, што гранты і пітчынгі – гэта вельмі доўгая гісторыя: пакуль мы атрымаем грошы, пройдзе невядома колькі месяцаў, а рабіць хочацца ўжо зараз, пакуль ёсць магчымасць, сілы і жаданне, – так SOC тлумачаць, чаму абралі шлях краўдфандынгу. – Да таго ж мы ведаем пра сябе, што мы лепш працуем на кароткіх дыстанцыях: калі мы здымалі кароткія метры для конкурсаў, дзе трэба было зрабіць кіно за 48 гадзін, мы спраўляліся найлепш. Можам працаваць на энтузіязме проста па прышпіле некалькі дзён запар».

За данат у € 5 можна патрапіць у закрыты тэлеграм-канал з забаўляльнымі відэа, за большыя грошы прапануюць розныя фізічныя падарункі, таксама можна патрапіць у цітры фільма або нават сыграць у эпізодзе.

Sort of Cinema існуе тры гады і мае ў парфоліа кароткаметражныя фільмы, падкасты, інтэрв’ю, рэкламныя ролікі і музычнае відэа. Ацаніць стыль і вайб можна на YouTube. Цяпер каманда марыць зрабіць беларускае кіно больш заўважным у свеце і гатовая ўкласці ў гэтую мару свае рэсурсы ў спадзеве, што € 5000 на нябачны бок кіно збяруцца на краўдфандынгу (на момант публікацыі сабрана больш за палову).

 

Каманда SOC:

– За тры гады вакол нас ужо сабралася кам'юніці. Мы ладзім тусоўкі на свой дзень нараджэння, і да нас прыходзіць шмат людзей павіншаваць і падтрымаць, але мы нават не чакалі, наколькі вялікую падтрымку атрымаем, калі аб'явім пра збор. За два дні мы сабралі € 2000, былі сотні каментароў, рэпостаў, прапаноў дапамагчы. Нам вельмі пашанцавала з кам'юніці вакол нас. І людзі гатовыя ўпісвацца – напэўна, вабіць ідэя, што мы можам зняць кіно не таму, што нам нехта нешта сказаў і мы камусьці абавязаны, а таму, што мы маладыя, у нас ёсць сілы і час рабіць.

Цяпер шмат хто ў такім становішчы, калі трэба зарабляць грошы на жыццё ў эміграцыі і перавынаходзіць сябе. У такіх умовах бракуе магчымасцяў пачаць новую творчасць, загарэцца ідэяй, нешта прыдумаць. У складаных абставінах і з узростам мы развучваемся гуляць, а сутворчасць вельмі нагадвае дзіцячую гульню – менавіта як гульня гэта і адчуваецца ў нас на пляцоўцы. У нас класныя вайбы, таму працэс прыцягвае да нас людзей, якія хочуць набрацца досведу, пабыць у нетаксічным кам'юніці, зрабіць нешта класнае, чым можна будзе ганарыцца.


 

  Заданаціць