Абвешчаны набор на анлайн-праграму для урбан-лідараў(-ак)
- Рубрыка: УЛОЎ
- 20.04.2021
- 3257
Цэнтр новых ідэй абвяшчае набор на адукацыйную праграму Belarus Urban Fellowship-2021. Яна дапаможа новым лідарам і лідаркам атрымаць навыкі ды веды, неабходныя для актыўнай і канструктыўнай гарадской дзейнасці ў рэгіёнах і буйных гарадах краіны.
Чым праграма адметная?
Belarus Urban Fellowship-2021 – гэта курс анлайн-навучання з найлепшымі беларускімі эксперт(к)амі. Сярод іх – культуролаг Максім Жбанкоў, рэдактарка kyky.org Наста Рагатко, эканамічны аглядальнік Сяргей Чалы, галоўная рэдактарка The Village Яўгенія Сугак ды Юры Стукалаў, кіраўнік магілёўскага Цэнтра гарадскіх ініцыятыў. Праграма ўключае 10 анлайн-лекцый і трэнінгаў на тэмы працы ў сацсетках, публічных выступаў, гуртавання мясцовых супольнасцей, складання прэс-рэлізаў, лічбавай бяспекі, пабудовы піяр-кампаній і не толькі.
Для каго?
Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі і прадстаўніцы арганізацый грамадзянскай супольнасці, валанцёрскіх і рэгіянальных ініцыятыў, бізнесу, акадэмічнай сферы і медыя і лакальныя актывісты(-кі) ва ўзросце да 35 год.
Што патрабуецца?
Мець жаданне і ідэі наконт таго, як змяняць беларускія гарады да лепшага, – ці то праз урбаністыку, гарадскі актывізм, экалогію, арганізацыю культурніцкіх мерапрыемстваў або нешта іншае.
Як будзе праходзіць навучанне?
Заняткі будуць праводзіцца з 1 па 22 траўня па суботах у першай палове дня і па серадах увечары (не больш за 2-3 гадзіны на дзень).
Як падацца?
Запоўні гэтую анкету да 23 красавіка, а пытанні дасылай на скрыню info@newbelarus.vision з пазнакай «Belarus Urban Fellowship 2021». Пра рэзультаты адбору паведамяць 26-27 красавіка.