Юрый Стукалаў

  • 16.05.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 2910

Гутарым з чалавекам, які дабіўся з’яўлення першай публічнай кропкі Wi-Fi ў краіне і дапамог зарганізаваць шэраг буйных гарадскіх мерапрыемстваў у Магілёве.

 

 Герой:  Юрый Стукалаў, 29 гадоў, сацыёлаг, cтаршыня рэспубліканскай моладзевай арганізаціі «Грамадзянскі Форум», стваральнік магілёўскага «Цэнтру гарадскіх ініцыятываў».

 Чым займаецца:  праектамі ў сферы культуры і ўрбаністыкі.

 

Сайт    FB    VK    OK    Instagram

 

 

Гісторыя Юры

– Я вучыўся ў Магілёўскай гімназіі № 2, дзе ўвесь час займаўся грамадскімі школьнымі справамі, што, безумоўна, паўплывала на мяне ў будучыні. У апошніх класах мяне выбралі старшынём вучнёўскага самакіравання, бо ў мяне заўсёды добра атрымлівалася згуртоўваць ды каардынаваць людзей вакол сябе.

Разам з аднакласнікамі ды сябрамі мы рабілі добрую газету, праводзілі імпрэзы і канцэрты, за якія не было сорамна і на якіх не хацелася заснуць. Вакол мяне было шмат дзейных і таленавітых хлопцаў і дзяўчат. Напрыклад, галоўная рэдактарка нашай газеты, Анжаліка Васілеўская, цяпер працуе магілёўскім рэпарцёрам парталу TUT.BY. Апроч актыўных школьных сяброў, мне, вядома, пашчасціла і з кіраўніцтвам гімназіі, якое заўсёды заахвочвала нас да актыўнасці ды ніколі не ўстаўляла палак у колы. Усе зародкі арганізатарскіх скілоў у мяне менавіта адтуль.

«Наш першы зрэалізаваны праект – гэта адзіная ў Магілёве стрыт-арт сцяна»

Пасля я паступіў ва ўніверсітэт імя Куляшова на сацыёлага. Універсітэцкаю актыўнасцю я не займаўся, бо назваць дзейнасць БРСМ і прафсаюзу грамадскаю можна было з вялікім нацягам. Насамрэч, у мяне было жаданне стварыць невялікую самакіраўніцкую суполку ва ўніверы, але задума правалілася. Мне заўсёды хацелася нейкага дзвіжу, для мяне проста так вучыцца было зусім нецікава. Таму ў першы год, у першым семестры, я ўступіў у моладзевую арганізацыю «Грамадзянскі форум», пасля наведвання семінару пра студэнцкае самакіраванне. З таго моманту пачалася мая сапраўдная грамадская дзейнасць, якая выйшла за межы навучальнай установы.

 

 

«У Магілёве бракавала свежых ідэяў, я добра разумеў, што гораду патрэбная сацыяльная актыўнасць і ў ім стае жыхароў, неабыякавых да яго лёсу»

Праца ў «Грамадзянскім форуме» і «Будзьма беларусамі»

– Як толькі я трапіў у «Грамадзянскі форум» – цалкам выпаў з універсітэцкіх актыўнасцяў. Разам з маёй новай моладзевай арганізацыяй я быў увесь час залучаны ў правядзенне розных мерапрыемстваў, адукацыйных лекцыяў і семінараў па нефармальнай адукацыі па ўсёй Беларусі. А ў Магілёве мы рабілі розныя дэбат-турніры. Апроч таго, мы імкнуліся прыцягваць да менскіх імпрэзаў і нашых студэнтаў з альма-матар. З часам я стаў старшынём магілёўскага крыла «Грамадзянскага форуму», а потым і рэспубліканскага.

Пасля заканчэння ўніверу мне давялося папрацаваць у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання, чытаць лекцыі студэнтам ды праводзіць практычныя заняткі. Хутка мне прапанавалі стаць каардынатарам кампаніі «Будзьма беларусамі» па Магілёўскай вобласці. Гэтая дзейнасць стала маім новым досведам у правядзенні грамадскіх імпрэзаў. Першым стаў «Кірмаш ідэяў» ў 2013 годзе.

У той вечар перамаглі тры праекты, але стваральнікі ідэяў не маглі іх цалкам ажыццявіць. Мяне наведала натхненне ім дапамагчы і паказаць, што грамадскія ініцыятывы могуць і мусяць быць зрэалізаваныя. А таксама хацелася, каб наступны кірмаш наведалі яшчэ больш людзей, якія б убачылі, што, калі ёсць жаданне, усё магчыма.

Наш першы зрэалізаваны праект – гэта адзіная ў Магілёве стрыт-арт сцяна, прыдуманая Ігарам Нікіціным і створаная мастаком з Віцебску Максімам Самасевічам, адным з удзельнікаў суполкі «Сігнал». Шкада, але сцяны ўжо няма, цяпер на гэтым месцы пабудавалі чарговы «Еўраопт».

Думаю, менавіта ў той час я яшчэ больш зразумеў, што нядрэнна было б, апроч семінараў і дэбатаў, скіраваць сваю энергію на тыя ідэі ды праекты, якія дапамогуць зрабіць жыццё ў Магілёве прыемным, зручным і больш прасунутым. Гэта былі мае першыя думкі, якія падпіхнулі да ідэі стварэння «Цэнтру гарадскіх ініцыятываў».

 

 

Стварэнне «Цэнтру гарадскіх ініцыятываў»

– У Магілёве бракавала свежых ідэяў, я добра разумеў, што гораду патрэбная сацыяльная актыўнасць і ў ім стае жыхароў, неабыякавых да яго лёсу. Менавіта таму я звярнуўся да знаёмых, якія бралі ўдзел у гарадскім жыцці Магілёва, − тэлевядучай Алены Барысавай, журналіста Дзяніса Васількова, актора Аляксандра Пятровіча, скульптара Андрэя Вараб'ёва, прафесара Юрыя Бубнова, гісторыка Аляксандра Агеева і іншых. А, паездзіўшы і паглядзеўшы на гарадскія праекты ва Украіне, мы зразумелі, што нічым не горшыя і можам зарганізаваць штосьці такое і дома.

Ужо ў кастрычніку 2013-га я пачаў звяртацца да вядомых гарадскіх журналістаў, актораў, архітэктараў, мастакоў ды выкладчыкаў з прапановаю скаардынавацца для ўвасаблення супольных ідэяў і падтрымкі адзін аднаго. Шукаў людзей, якія маюць інтэлектуальны патэнцыял, але самым галоўным фактарам было жаданне штосьці рабіць, а не сядзець склаўшы рукі. У 2013 годзе Магілёў быў культурнаю сталіцай СНД і большасць дзейных гараджанаў, якія бралі ўдзел у гарадскіх праектах, напрыклад, такіх, як першы гарадскі арт-падворак, сталі ўдзельнікамі Цэнтру гарадскіх ініцыятываў, ці ЦГІ.

 

 

Старыя і новыя праекты

– Самы першы праект быў просты, але вельмі ўдалы паводле водгукаў – альтэрнатыўныя экскурсіі па арт-падворках з графіці ды розных арт-месцах у горадзе. Потым мы вырашылі разам з гарадскім скульптарам Андрэем Вараб’ёвым зрабіць памятны знак пра тое, што Магілёў быў культурнаю сталіцай. У нас атрымалася не проста зрэалізаваць гэту ідэю, але і размясціць невялічкую скульптуру пад вокнамі самога Магілёўскага гарвыканкаму.

Потым прайшоў шэраг невялікіх, але прыемных праектаў: ад арганізацыі здачы старых ялінак пасля Новага года ў перапрацоўку да роспісу старой лесвіцы каля Дубравенкі разам з мастачкаю Аксанаю Еўдакіменкай. А ў 2014 годзе мы зарганізавалі дармавую кропку гарадскога Wi-Fi на плошчы Славы. Гэта далося вельмі няпроста, аднак мы перамаглі ды зламалі сістэму. Дарэчы, дзякуючы нам Магілёў стаў першым горадам у Беларусі, дзе гэта атрымалася.

З гарадскіх імпрэзаў першым і адразу ж удалым стаў ДранікFest, які мы правялі на магілёўскім экахутары разам з «Будзьма беларусамі», Магілёўскім універсітэтам харчавання і фермерам – уладаром хутару. Мне здаецца, гэта быў вялікі поспех, бо фэсту мы не піарылі, але на яго прыехала не менш за 4 тыс. магілёўцаў. Яшчэ больш мы здзівіліся, калі пабачылі журналістаў Euronews, якія вырашылі асвятліць нашае невялічкае гарадское мерапрыемства.

«Яшчэ больш мы здзівіліся, калі пабачылі журналістаў Euronews, якія вырашылі асвятліць нашае невялічкае гарадское мерапрыемства»

У чэрвені 2015-га мы вырашылі адысці ад этнічнай тэматыкі і зрабіць гарадское мерапрыемства для ўсіх – Вялікі гарадскі пікнік. Усё было зарганізавана на ўласнай ініцыятыве, без фундатарскіх грошай, за асабістыя сродкі. Пікнік атрымаўся дзякуючы дабрыні ды ідэйнасці актыўных жыхароў Магілёва. На маляўнічай набярэжнай Дняпра мы змаглі правесці шмат актыўнасцяў: ад лазертагу, фрызбі, запуску паветраных змеяў да мафіі, выставы дзіцячых работ, фотасушкі ды вясёлых танцаў пад спевы гарадскіх музыкантаў.

У 2018-м мы адсвяткавалі сваё пяцігоддзе. І ўжо ў чацвёрты раз зладзілі і ДранікFest, і Гарадскі пікнік. Таксама мы правялі «Гарачы фэст» з глінтвейнам.

За гэты час каманда амаль цалкам памянялася: да нас прыйшлі новыя актывісты пасля трэццяга сезону Школы гарадскіх ініцыятыў «Цяпліца» і летняга лагера Urban Camp.

Разам з фестывальнай актыўнасцю працягваем развіваць дыскусійныя пляцоўкі: па абмеркаванні актуальных гарадскіх праблем у сферы культуры – «Культурны Магілёў»; і ў цэлым гарадскога развіцця – «Гарадскі дыялог». Захоўваем такія ўжо традыцыйныя праекты, як кіно пад адкрытым небам, а выпускнікі «Цяпліцы» робяць новыя прышпільныя праекты накшталт лесвіцы-вышыванкі, LaukaStory – «Галерэі дзіцячых жаданняў», марафону урбан-арту Praekt14, падчас якога мы ўладкавалі двор у цэнтры Магілёва, размалявалі сцены, зрабілі мноства інсталяцый – з'явіўся нават вялікі мурал на тарцы шасціпавярховіка.

Тэкст і фота by Маша Васількова