Запусціўся сайт з беларускімі электроннымі кнігамі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 25.02.2025
- 192
Пачала працу анлайн-бібліятэка з беларускімі творамі ў вольным доступе. Абяцаюць папаўняць віртуальныя паліцы адносна новымі і адрэдагаванымі творамі па-беларуску, якія не маюць папяровага варыянта (прынамсі такія ў прыярытэце).
Стваральнік пляцоўкі пісьменнік Валер Гапееў распавёў, што запусціць адмысловы рэсурс яго падштурхнула амаль немагчымасць для беларускіх пісьменнікаў патрапіць у сваю аўдыторыю на пляцоўках кшталту «Литрес» ці Ridero: «Нашы ж аўтары, згубіўшы надзею на папяровае выданне, пакідалі там свае творы ў спадзеве на, літаральна, цуд быць заўважанымі, прачытанымі і адзначанымі». Такім чынам рэсурс «Новыя беларускія кнігі і творы – Найноўшая проза: традыцыя, эксперыменты, пошукі» можа паспрыяць гэтаму цуду адбыцца хутчэй.
Кнігі і асобныя творы будуць размяшчацца па згодзе з аўтарамі ці па іх непасрэднай просьбе. Даслаць свой твор можна па спасылцы або звярнуўшыся на пошту bellitstore@gmail.com (адміністратар пляцоўкі пакідае за сабой права размяшчаць штосьці ці не). Таксама на пляцоўцы будуць з’яўляцца творы, якія ўжо знаходзяцца ў вольным доступе легальна недзе ў інтэрнэтах.
Чытаць кнігі можна на сайце або ў PDF-цы, для спампоўвання прадугледжаныя версіі ў EPUB-фармаце. Пачаць можна, напрыклад, з кніг стваральніка індзі-выдавецтва «Лысы чэрап» Андрэя Дудко «джон дулько на тым свеце» і «Сфагнумы. Андрэй Дудко і Ветэраны карнай псіхіятрыі».