«Апрануцца ў элегантную сукенку з велізарнымі футравымі тапкамі — вось гэта супер». Інтэрв'ю з дызайнеркай Лэйлай Мірзоевай
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 28.02.2025
- 126
Лэйла Мірзоева пачынала ў Беларусі з лаканічнага унісэкс-стрытвіру, потым пераключылася на сэксуальныя сілуэты ды гатычную эстэтыку і пераехала ў Польшчу. Пагаварылі з Лэйлай пра яе брэнды Nowwon і Mirzoeva, пра падыходы да працы, модную філасофію і планы прабіцца на еўрапейскія подыумы.
Калекцыя для танцораў і першыя хіты
– Як ты стала дызайнеркай адзення?
– У дзяцінстве я абажала маляваць: размалёўвала літаральна ўсё наўкол – ад шпалер да бацькоўскіх вясельных фатаграфій. Потым была студыя выяўленчага мастацтва, дзе мне далі добрую базу па малюнку. Я адназначна хацела займацца творчасцю – магчыма, гэта перадалося па лініі бацькі: ён азербайджанец, у яго сям'і заўсёды нешта ткалі, плялі.
Яшчэ я часта разглядала часопісы мод і марыла хадзіць па подыуме. Але потым мне сказалі, што майго росту недастаткова для мадэлінгу, ды і мама запэўнівала, што гэта няўдзячная і складаная прафесія. Аднойчы я пачула слова «мадэльер» – яно мне шалёна спадабалася. Амаль як мадэль, толькі з іншага боку – чалавек, які іх апранае. І мае мары скіраваліся ў гэты бок.
Я паступіла ў Віцебскі індустрыяльна-тэхнічны каледж, а потым ва ўніверсітэт на мадэльера-канструктара. Спачатку было складана: «Што, трэба шыць? Я сюды маляваць прыйшла, я ўвогуле мастак». Але потым я ацаніла, якую моцную канструктарскую базу дала мне гэта адукацыя.
Пасля вучобы я вярнулася дадому ў Брэст адпрацоўваць размеркаванне: і вясельныя сукенкі малявала, і дзіцячае адзенне. У мяне была добрая праца, класны заробак, але я падумала: усё ж гэта не тое, чым я хачу займацца. Буду рабіць сваё.
– Якім быў старт?
– Я сустракалася з хлопцам, ён быў танцор, бі-бой – удзельнічаў у спаборніцтвах, часта ездзіў па розных гарадах. Я ездзіла разам з ім, і ў нейкі момант мы вырашылі зрабіць мерч, які зможам прадаваць на гэтых хіп-хоп-тусоўках. Адразу ў галаву прыйшлі футболкі, але я не магла спыніцца на футболках, бо гэта было нудна. Прыдумала цэлую калекцыю, знайшла выдатныя натуральныя тканіны на дзяржфабрыцы ў Баранавічах і сама адшыла ўзоры. Потым шукала вытворчасць, падрадчыкаў – вось гэты першы час быў самым складаным. Нас кідалі падрадчыкі, мы маталіся з вялізнымі рулонамі тканіны на дызелях з Баранавічаў у Брэст. Гэта быў 2016 год.
«Нас кідалі падрадчыкі, мы маталіся з вялізнымі рулонамі тканіны на дызелях з Баранавічаў у Брэст»
– Што трапіла ў першую калекцыю?
– Акрамя футболак, былі касцюмы – жаночыя і унісэкс, шорты, кашулі, світшоты, сукенкі, панамы. Усё мінімалістычнае, у прыглушаных прыродных колерах, якія я да гэтага часу выкарыстоўваю. Атрымалася стрытстайл-калекцыя – гэты стыль тады быў на піку плюс добра адлюстроўваў людзей і месцы, дзе мы збіраліся гэтае адзенне прадаваць.
Продажы былі не тое каб супер. Рэчы куплялі ў асноўным сябры, знаёмыя, нешта прадавалася на хіп-хоп-тусоўках. Рэшткі завіслі ў мяне дома ў вялікім пакеце, і ўсё неяк заглухла. Калі яшчэ на этапе ідэі мяне пыталіся, дзе я буду прадаваць свае рэчы, я казала: «Гэта няважна. Галоўнае – я хачу гэта рэалізаваць, пашыць і проста адкараскацца. А там разбяруся па ходзе».
– І як ты разбіралася?
– У майго сябра была крама адзення, і я папрасіла яго паказаць, у якім выглядзе пастаўшчыкі дасылаюць оферы. Па гэтым узоры склала вялікі прыгожы аркуш з табліцай, дзе былі распісаныя ўсе пазіцыі. І пачала рассылаць гэты аркуш усім запар стрытвір-крамам у Беларусі і Расіі. Адгукнуўся менскі Adept Store – мая любоў да гэтага часу. Яго ўладальнік Ілля сказаў: «Нам падабаецца, прывозь». І я сама прыцягнула ў сумках і развесіла сваю калекцыю. Нешта пачало прадавацца. Мне вельмі дапамагло тое, што ў Adept Store не бралі адзенне на рэалізацыю, як у большасці крам, а менавіта выкуплялі. Да мяне пачалі вяртацца грошы, і гэта заматывавала мяне рухацца далей.
– Што было пасля першай калекцыі?
– Я прыдумала паліто і плашчы, якія сталі самымі пазнавальнымі рэчамі майго брэнда. Я іх адшываю і цяпер. Яны, вядома, прайшлі мадэрнізацыю, крыху змяніўся крой, але ў цэлым жывыя і ўсё яшчэ карыстаюцца папулярнасцю. Пару гадоў таму я думала ад іх адмовіцца: іх ужо носіць увесь Менск. Але нехта мне патлумачыў, што нельга адмаўляцца ад хітоў. Можна прыдумляць новае, але хіты мусяць існаваць.
«Пару гадоў таму я думала адмовіцца ад паліто і плашчоў: іх ужо носіць увесь Менск»
На фоне ўзлёту маіх паліто і плашчоў я пераехала з Брэста ў Менск, паспрабавала прасоўвацца на Fashion Market. Цяпер гэтая пляцоўка сапсавалася, асабліва калі ўсё пачалі рабіць футар. А раней тамака было шмат класных рабят з незвычайнымі дызайнерскімі рэчамі. У першы ж дзень прадала амаль усё, што прывезла: я прыехала з брэсцкімі коштамі, якія адрозніваліся ад менскіх, і ў мяне забіралі рэчы нават без прымеркі.
Пасля такога пачатку я падумала: «Вось яно!» Стала браць удзел у маркетах, знайшла майстэрню і працягнула прыдумляць рэчы. Я не працую вялікімі калекцыямі: для гэтага патрэбны магутны маркетынг і бюджэт. Хутчэй, выпускаю невялікія капсулы.
– Чаму пераехала ў Польшчу?
– Я даўно хацела пераехаць у Еўропу, і абставіны апошніх гадоў мяне моцна падштурхнулі. У 2020-м я толькі адкрыла ў Менску краму, былі вялікія планы і надзеі, а потым стала не да фэшн. Раз'ехаліся сябры, знаёмыя – я таксама вырашылася. Разглядала розныя краіны, але выбрала Польшчу, таму што там сфарміравалася класнае беларускае кам'юніці і прасцей з легалізацыяй. Гэта важна, асабліва калі табе ўжо не 20, а 33, і хочацца захаваць больш-менш бізнэс, які працуе.
Філасофія брэнда
– Як ты выбірала назву?
– Мой брэнд не адразу называўся Mirzoeva. Спачатку гэта быў Nowwon – прыгожая люстраная назва са значэннем «цяпер ты пераможца». Паколькі я стварала брэнд сумесна з бойфрэндам і гэта было адзенне для танцораў – удзельнікаў батлаў, нэймінг быў вельмі прыдатным. Пад гэтай назвай я працавала да мінулага года, а потым зрабіла рэбрэндынг. У Менску маё адзенне яшчэ прадаецца як Nowwon, але хутка стане Mirzoeva: гэта маё прозвішча, я заўсёды так хацела.
– Цяпер ты закладаеш у сваё адзенне новыя сэнсы?
– Аднойчы я адчула, што мой стыль стаў мяняцца, я ствараю зусім іншыя рэчы. Гэта быў складаны перыяд, таму што ў мяне ўжо была сфарміраваная аўдыторыя, якая прыходзіла па стрытвір. А мяне пацягнула на гатычнае, глянцавае, металічнае. Паступова я стала ўводзіць нефармат: латэкс, штучную скуру. Не ўсе пакупнікі зразумелі, чаму брэнд стрытвір-адзення раптам ператвараецца ў нешта накшталт BDSM. Частка публікі пачала адвальвацца, але ў той жа час прыходзіла новая, якая хацела апранацца так.
Я не разумела, як сябе пазіцыянаваць, як весці Instagram, як знайсці свой стыль. Я да гэтага часу яго шукаю. Цяпер працую з маркетолагам, разбіраем мой брэнд і спрабуем аддзяліць чужое, нагледжанае, ад сапраўды майго. І ўжо адсюль будзем плаўна перацякаць да таго, што ж такое я і мой брэнд, пра што ён.
«Не ўсе пакупнікі зразумелі, чаму брэнд стрытвір-адзення раптам ператвараецца ў нешта накшталт BDSM»
– А на гэтым этапе можаш вызначыць свой стыль?
– Я раблю паўсядзённыя рэчы, але з прыкметным адрозненнем. Напрыклад, ідзе чалавек у двухбортным паліто – і ты адразу бачыш, што гэта двухбортнае паліто з непрапарцыйным сілуэтам, велізарнае, з вялікімі плячамі. Мой стыль – гэта готыка з класікай, элегантнасць з мудрагелістым сілуэтам. Ёсць нейкая мегадэталь, але пры гэтым выраб просты і лаканічны. Гэта прыглушаныя колеры, скура, латэкс, метал. Брутальнасць у спалучэнні з лёгкімі тканінамі, карункамі, напаўпразрыстасцю, масіўнымі дэталямі.
– Пры ўсёй лаканічнасці твая адзежа яркая, дзёрзкая, задзірліва сэксуальная. Чаму табе важна гэта трансляваць?
– Мне здаецца, у гэтым уся я. Калі ты адчуваеш сэксуальнасць усярэдзіне, ты не можаш яе стрымліваць. Пры гэтым мне падабаецца такая нотка прыдуркаватасці, крынжу. Напрыклад, апрануцца ў элегантную сукенку з велізарнымі футравымі тапкамі – вось гэта супер.
– Акрамя паліто і плашчоў, якія яшчэ рэчы ты лічыш сваёй візітоўкай?
– Ёсць яшчэ шоперы, якія карыстаюцца папулярнасцю. Гэта была мая першая спроба зрабіць такі аксэсуар. Яны дастаткова простыя, як я люблю, з класнай тканіны. Іх таксама можна запісаць у катэгорыю «маіх» рэчаў.
– На кім з вядомых людзей бачыш сваё адзенне?
– Мэрылін Мэнсан – абажаю проста. Джулія Фокс, таму што яна ікона і ўсё на ёй становіцца культавым. Калі б яна надзела маю рэч, гэта быў бы знак пашаны для мяне. Эдрыян Броўдзі – мая любоў. Я была б рада, каб ён калі-небудзь выйшаў у маім здаравенным паліто. Я б спецыяльна яму пашыла да пятак. Яшчэ Уілем Дэфо – таксама класны акцёр.
Калі казаць пра тое, хто мог бы стаць тварам майго брэнда, то гэта фотамадэль і акторка Крыстэн Макмэнамі. Захапляюся гэтай дзівай! Ёй 60 гадоў, і мне вельмі падабаецца, як яна выглядае: яе вобраз, стыль, позінг.
– Якая музыка асацыюецца з тваімі рэчамі?
– Думаю, мой брэнд добра адлюстроўваў бы Нік Кейв, таму што ў яго сэксуальны голас, а музыка загадкавая, рамантычная. Вось гэта, ведаеш: запаліць свечкі, якія будуць плавіцца воскам, уключыць павольную музыку, меладычную, але пры гэтым экспрэсіўную і гарачую. Трып-хоп-музыка Tricky мог бы падысці, Massive Attack, тэхна – цалкам.
– Што цябе натхняе?
– Натхніць можа што заўгодна. І кнігі, і канцэрты, і кіно. Усё, што звязана з крыху змрочнай, сэксуальнай эстэтыкай. Я люблю кінематограф – ён для мяне вялікая крыніца натхнення. Напрыклад, «Горкі месяц» або «Сакратарка», фільм з майго юнацтва. Адзін з маіх любімых брэндаў Enfants Richés Deprimes нядаўна выпусціў калекцыю з адсылкай да гэтага кіно. Яны вывелі на подыум дзяўчыну ў белай кашулі, строгай спадніцы і з такой BDSM-палкай з кайданкамі, як у сцэне з «Сакратаркі».
Эскізы ў 3D і віртуальныя паказы
– Апішы свой працоўны працэс – ад ідэі да рэалізацыі.
– Я так і не пасябравала з эскізамі і спачатку пакутавала ад гэтага. Але потым зразумела, што значна круцей, што я магу на любую постаць, рост, узрост стварыць класныя лякалы, пашыць выраб сваімі рукамі. Я адразу бралася канструяваць выраб: яно ўжо было ў мяне ў галаве, і я мяняла лініі прама на чарцяжы, без эскізаў.
Цяпер у мяне ёсць канструктар, якому я аддаю тэхнічную частку працы. Эскіз я не малюю, а раблю ў 3D. Гэта зручна, таму што ў 3D я нібы шыю, але ў праграме. Я адразу магу пасадзіць рэч на віртуальную мадэль, паглядзець, як яна будзе выглядаць у аб'ёме. Магу сфатаграфаваць тканіну, дадаць у праграму і накінуць прама на выраб. То-бок гэта амаль стоадсоткавая візуалізацыя выніку. Працэс, калі ты некалькі разоў адшываеш адну і тую ж рэч, перш чым яна табе спадабаецца, моцна скарачаецца, таму што я адразу бачу ў 3D, як гэта выглядае, і смела аддаю канструктару на стварэнне лякала.
– Наколькі гэта распаўсюджаная практыка ў дызайнераў – карыстацца 3D-візуалізацыяй?
– Увогуле не распаўсюджаная. Насамрэч я пайшла на курсы 3D-мадэлявання, бо надышлі складаныя часы і я вырашыла яшчэ нечаму навучыцца. Раптам пачнецца вайна – як я перавязу свае машынкі? Да гэтага мой досвед працы з камп'ютарам быў на ўзроўні прагляду кіно і YouTube. Я з нуля зануралася ў 3D-мадэляванне адзення, цяпер яно дапамагае ў маёй працы.
Сумесна з двума дызайнерамі я зрабіла віртуальную калекцыю, з якой мы ўдзельнічалі ў сусветных Тыднях моды. Наш паказ трансліравалі ў Нью-Ёрку, Парыжы, Лондане. Мне гэта цікава, я не супраць развіваць віртуальны напрамак, але пакуль выкарыстоўваю ў асноўным для эскізаў.
«Сумесна з двума дызайнерамі я зрабіла віртуальную калекцыю, з якой мы ўдзельнічалі ў сусветных Тыднях моды»
– Якім тканінам ты аддаеш перавагу?
– Што тычыцца скуры і меха, я выкарыстоўваю толькі штучныя. А ў астатнім люблю натуральныя: бавоўна, лён, шоўк, поўсць. Яны прыемныя ў носцы, практычныя, даўжэй служаць, не губляюць выгляду і агулам выглядаюць даражэй. Мая фішка ў тым, што некаторыя натуральныя тканіны могуць выглядаць як штучныя. Напрыклад, у мяне ёсць паліто, якое выглядае як латэкснае, але гэта поўсць, проста з такім глянцавым пакрыццём.
– У інстаграме Mirzoeva крутыя фота. Як з’яўляюцца ідэі для здымак?
– Па-рознаму. Гэта можа быць нейкая культурная падзея ці самі рэчы падказваюць, як іх паднесці. Але нельга забывацца і на камерцыйную частку: калі занадта fashionable, чалавеку будзе незразумела, як гэта выглядае ў жыцці. Таму я стараюся здымкі на вуліцы чаргаваць з творчымі, падрыхтаванымі.
У асноўным запрашаю непрафесійных мадэляў. У Менску мадэляў не так шмат, і ўсе яны ходзяць па крузе: на які брэнд ні паглядзіш, усюды адны і тыя ж твары. Я лепш вазьму каго-небудзь «з вуліцы». Прыходзім на тусоўку, бачым – класны хлопец ці дзяўчына, прапануем зняцца. Ці проста на вуліцы магу падысці, калі мне спадабалася знешнасць і яна адлюстроўвае сутнасць брэнда.
Сама здымаюся рэдка, хаця атрымліваю каментары, што на мне мае рэчы глядзяцца лепш за ўсё. Мусіць, так і ёсць, таму што я шыю іх нібы для сябе. Але мне складана быць тварам брэнда, бо я даволі закрыты чалавек. Імкнуся выходзіць з ракавінкі, паказваць сябе і працэс стварэння адзення – гэта цікава, я сама заліпаю на такія відэа.
– Дзе можна набыць твае рэчы?
Інстаграм, сайт, таксама ў Менску ёсць крама Nowwon, у сторы «Общее место» прадаюцца мае рэчы. У Варшаве – у TFH Concept Store. Цяпер сярод маіх пакупнікоў больш беларусаў, але я буду развіваць і еўрапейскі кірунак, рабіць інтэрнэт-краму.
Модная індустрыя: камерцыя ці фэшн
– Ты лічыш сябе беларускай дызайнеркай?
– Складанае пытанне. Я прадстаўляюся як дызайнерка з Беларусі, але лічу, што ў Беларусі няма моды як такой. Нас вучылі яшчэ па савецкай сістэме – гэта далёка ад моднай індустрыі, таму што ў нас няма сусветнай школы, эстэтыкі. Так, была «Мельница моды», якая абмяжоўваўся ўнутранымі рамкамі і ладзіла паказы сярод вучняў профільных устаноў, якія толькі спасцігалі рамяство. Усе мы чэрпалі натхненне ў еўрапейскай модзе – менавіта яна задае трэнды. Таму і з'явілася жаданне быць у першакрыніцы, унікаць у індустрыю непасрэдна ў яе ж асяроддзі.
Ёсць беларускія брэнды, якія робяць класнае адзенне, але гэта ўсё ж больш гісторыя пра камерцыю, чым пра фэшн. Калі казаць менавіта пра моду, былі людзі, якія спрабавалі нешта рабіць, я сама ўдзельнічала ў такіх паказах, але гэта ніяк не рухаецца наперад, не развіваецца. У тым ліку таму я з'ехала з Беларусі: хацелася дакрануцца да сусветнай моды, нечаму навучыцца. Ці хачу я ўліцца ў еўрапейскі модны свет? Так.
– І як у яго ўліцца?
– Я ў Варшаве нядаўна, каля года. Да атрымання ВНЖ не магла выязджаць за межы Польшчы, таму пачала вывучэнне лакальных брэндаў і падзей. Хадзіла па крамах, размаўляла, шукала кантакты фатографаў, відэографаў, стылістаў. Цяпер мае рэчы бяруць для здымак і модных івэнтаў, часопісаў – хутка выйдзе публікацыя ў польскім Vogue.
Цяпер у мяне ёсць ВНЖ і я планую паездзіць па Еўропе, пахадзіць па канцэпт-сторах, перш за ўсё мяне цікавяць Парыж і Берлін.
– Хто для цябе арыенцір у свеце моды?
– Гэта брэнды HAN KJØBENHAVN, ENFANTS RICHES DÉPRIMÉS, Ann Demeulemeester. Мне падабаецца іх стыль, эстэтыка, мадэлі вопраткі. Калі казаць пра асобаў, то Аляксандр МакКуін, Віўен Вэствуд, Рэі Кавакуба.
– Табе цікавей быць нішавай дызайнеркай ці хочаш сысці ў масы?
– Раней хацелася быць масавым брэндам – вялікім, магутным. Цяпер прыходзіць разуменне інтымнасці: хочацца знайсці сваіх людзей, быць з імі, рабіць для іх. Няхай гэта будзе невялікае кам'юніці, але трывалае, і я буду там адчуваць сябе класна.
Вялікія брэнды, карпарацыі – гэта праца нон-стоп, паток. Яшчэ я супраць гэтай сістэмы паказаў кожныя паўгода. Дамы моды робяць вялізныя паказы, прымушаючы людзей купляць усё больш. Я супраць звышспажывання і сапраўды не хачу працаваць на знос, каб кожныя паўгода выдаваць калекцыю са ста адзінак.
Мне блізкая канцэпцыя філасофскай моды. Напрыклад, я стварыла нейкую рэч – няхай яна будзе прадумана да канца. А не проста таму, што да штаноў трэба прыдумаць яшчэ і топ, каб іх разам прадаць.
«Хочацца знайсці сваіх людзей, быць з імі, рабіць для іх. Няхай гэта будзе невялікае кам'юніці, але трывалае»
– Пра амбіцыі. Якім бачыш брэнд Mirzoeva праз пару гадоў?
– Я б хацела выйсці на Тыдні моды ў Еўропе. Няхай нават не на асноўны паказ, бо гэта зноў пра калекцыі кожныя паўгода. Ёсць вялікае жаданне развіваць менавіта fashion – такім чынам ствараць вырабы, падаваць, здымаць.
Камерцыйна таксама прадумваю, таму што хочацца, каб брэнд не памёр. Вельмі хачу каманду, уласную майстэрню і быць больш актыўнай у сферы моды ў Еўропе, не адмаўляючыся пры гэтым ад Беларусі.
– Фэшн і камерцыя – гэта нейкае супрацьпастаўленне мастацтва і грошай?
– Фэшн і камерцыя могуць існаваць разам. Нам гэта паказваюць многія брэнды, ствараючы паўсядзённае адзенне для продажаў і робячы авангардную моду на подыумах, якая адлюстроўвае канцэпцыю. Вось гэта тая залатая формула, да якой хацелася б прыйсці.
Фота прадастаўленыя гераіней матэрыялу