Маладых людзей запрашаюць на летнік «Круглае возера»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 20.06.2024
- 6612
З 3 па 13 жніўня на беразе жывапіснага беларускага возера пройдзе намётавы летнік-семінар, дзе можна будзе спаткаць аднадумцаў(-ак) і павучыцца эфектыўнай камунікацыі.
Да ўдзелу ў «Круглым возеры – 2024» запрашаюць беларусак і беларусаў ад 18 да 30 гадоў. Летнік інклюзіўны, і адной з яго мэтаў арганізатары(-кі) бачаць інтэграцыю і актывізацыю моладзі.
Прапануюць правесці 10 дзён у прыгожым месцы, адпачыць, засвоіць новыя навыкі ўзаемадзеяння ў камандзе, даведацца, як можна пераадольваць бар’еры, што замінаюць узаемадзеянню маладых людзей з інваліднасцямі і без.
«Наш лагер, – пішуць арганізатары(-кі), – гэта маленькае жыццё на прыродзе, удалечыні ад гарадской мітусні. Гэта адкрытая прастора, дзе дзейнічаюць толькі тыя правілы, якія маладыя людзі ўсталёўваюць для сябе самі. Варта аднойчы пабываць у лагеры "Круглае возера", каб зразумець, што для кожнага, хто не баіцца адказнасці, умее адстойваць свае інтарэсы і пры гэтым лічыцца з меркаваннем навакольных, хто адкрыты для зносін, шчырых эмоцый і новых уражанняў, не існуе ніякіх перашкод ці абмежаванняў».
У адукацыйнай праграме выкарыстоўваюцца такія метады нефармальнай адукацыі, як праца ў камандзе, дыскусіі, форум-тэатр, ролевыя гульні, сімуляцыі.
Летнік забяспечвае ўдзельніцам і ўдзельнікам праезд, пражыванне і харчаванне. Заяўкі прымаюць да 15 ліпеня. Правілы ўдзелу – па спасылцы.