Перакладычыкаў запрашаюць пазмагацца за прыз у $ 1500
- Рубрыка: УЛОЎ
- 24.04.2020
- 6989
Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Карласа Шэрмана. Прэмія ўручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову.
Намінацыі тры: «Пераклад прозы», «Пераклад паэзіі», «Пераклад дзіцячай кнігі». Пераможцы ў кожнай намінацыі атрымліваюць грашовы прыз – па $ 1500 (у эквіваленце).
Патрабаванні: удзельнічаюць пераклады мастацкіх кніг, выдадзеныя ўпершыню ў 2019 годзе – у папяровым або электронным варыянце. Лепшых вызначаць прафесійныя перакладчыкі і літаратуразнаўцы. Падрабязнасці – пра ўмовы і што за прэмія такая – на сайце Беларускага ПЭН-цэнтра, які прэмію ладзіць.
Каб прыняць удзел, трэба падаць заяўку па спасылцы, а таксама даслаць на пошту konkurs.pierakladau@gmail.com электронную версію і вокладку (jpeg) выдання з тэмай па формуле «імя і прозвішча перакладчыка, назва кнігі». Калі кніга выдавалася толькі ў папяровым выглядзе, асобнікі – не менш за чатыры – трэба перадаць у Беларускі ПЭН-цэнтр (дамовіцца на сустрэчу можна па тэлефоне +375(44)7994047).
Заяўкі прымаюць да 20 траўня ўключна.
Летась лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана сталі Сяргей Шупа за пераклад кнігі «Панядзелак» Мойшэ Кульбака (дарэчы, пачытаць Кульбака на каранціне вельмі раіць Альгерд Бахарэвіч), Антон Францішак Брыль за пераклад вершаў Марка Валерыя Марцыяла і Надзея Кандрусевіч за пераклад кнігі «Ёрдзіс» Юі Вісландэр.