На YouTube запусціўся асветніцкі відэапраект з Максімам Жбанковым

Ужо легендарны беларускі культуролаг, кінакрытык і журналіст Максім Жбанкоў і грамадскі форум ePramova запусцілі відэапраект «Шокінг Культ». Яго мэта – растлумачыць часам абсурдныя палітычныя падзеі беларускай сучаснасці тэрмінамі і дакладнымі словамі.

 

«Гэта не агляд навін, не палітычны каментар, не плоскі забаўляльны гон. Шокінг Культ – рух упоперак пропісі. Што мы робім? Спрабуем укласці хаос у словы. Шукаем пэўныя маркеры для новага часу. Што вынікае? Актыўны слоўнік і дакладная оптыка», – кажа Максім Жбанкоў у першым выпуску праекта.

«Шокінг Культ» плануецца працяглым і будзе складацца з некалькіх выпускаў на розныя тэмы. У першым эпізодзе праекта Максім Жбанкоў распавядае пра «вайну культур» – тэрмін, якім можна растлумачыць такія шакавальныя з'явы, як спілоўванне дрэў, на якія хтосьці закінуў бел-чырвона-белы сцяг, вырубанне чырвонай паласы сякерай проста з лёду ракі і зразанне стужак нацыянальных колераў. Каб зразумець, чаму такое змаганне з «няправільнымі» сцягамі і колерамі ў Беларусі – гэта больш чым нагода для смеху ці чыёсьці глупства, варта паглядзець першы выпуск відэапраекта.