«Лепш размаўляць з акцэнтам, чым маўчаць без акцэнту»: як прасунуцца ў вывучэнні замежных моваў?
- 25.02.2025
- 115
Шмат хто з беларусаў вучыць замежныя мовы і шмат хто сутыкаецца з цяжкасцямі на гэтым шляху: бракуе матывацыі, уседлівасці, часу, зацікаўленасці ці нечага яшчэ. Мы папрасілі нашых сяброў-паліглотаў, каб яны падзяліліся сваімі лайфхакамі па пераадоленні бар’ераў. Цалкам імаверна, нешта з іх досведу табе адгукнецца і накіруе думкі ў бок вырашэння тваіх канкрэтных праблем.
Андрэй Ваз’янаў,
антраполаг
У рознай ступені валодае дзевяццю мовамі
Андрэй глядзіць на мовы як навукоўца-даследчык і вывучае іх праз гэтую прафесіянальную прызму. Таксама ён схоплівае некаторыя асаблівасці праз музычны слых – Андрэй стварае і выконвае музыку ў гурце Vapna. Яго моўны трэк часцей за ўсё пачынаецца з асабістай зацікаўленасці і захаплення нейкай мовай.
Заўважаць, што на што змяняецца
– Часам мы вучым мовы з нуля, а часам – праз высвятленне адрозненняў. Калі мова славянская, то збольшага вучым, што на што мяняецца. І нават калі мовы вельмі аддалена роднасныя, як славянскія і балцкія, часта ўсё роўна ёсць пэўныя правілы пераходу. Напрыклад, калі ты разумееш, што беларуская «ж» – гэта вельмі часта літоўская «g», то ты зразумееш, што «gyvūnas» – гэта «жывёла», «geležies» – «жалеза», «pageidavimas» – «пажаданне» і гэтак далей. Такія штукі вельмі карысныя. Паміж славянскімі мовамі іх куча, і з балцкімі мовамі яны таксама ёсць. І гэта адна стратэгія: калі вучыш не з нуля, а з правілаў пераходу, каб больш выхапіць чагосьці ў незразумелай плыні новай мовы.
Вучыць латышскую я пачынаў з того, што чытаў па-латышску і спрабаваў зразумець яе праз літоўскую са слоўнікам. Працуе так: адзначаеш, колькі ўвогуле можаш зразумець праз іншую мову, і вывучваеш тое, што відавочна не супадае. Бачыш, напрыклад, што займеннікі адрозніваюцца моцна, – ну, значыць, займеннікі проста вучыш. Але пры гэтым вучыш іх спакойна праз індаеўрапейскі субстрат. Напрыклад: «viņa» і «viņš» – хто з іх «яна», а хто «ён»? Мы зразумеем гэта адразу.
Вучыць базу і не саромецца распачаць камунікацыю
– Каб пачаць будаваць сказы і размаўляць, нам трэба ведаць займеннікі, мадальныя дзеясловы, а калі ёсць склоны – канчаткі склонаў. Але многія інструменты для вывучэння моў вядуць цябе хутчэй праз завучванне пэўных фраз для вельмі абмежаванага набору жыццёвых сітуацый. І калі ты маеш слова, але не ўмееш спрагаць дзеяслоў, – гэта праблема.
Я звычайна звяртаюся да Cooljugator, які змяшчае парадыгмы найбольш ужывальных дзеясловаў на кучы-кучы розных моваў, і гляджу, як змяняюцца «быць», «рабіць», «ісці», вучу іх у першую чаргу. Таксама вучу, як сказаць «я», «мы», «ты» і гэтак далей; а яшчэ лічэбнікі.
У вуснай камунікацыі мне, напрыклад, цяжка даюцца асобныя нямецкія фанемы. Магу зымітаваць інтанацыю, але не магу ў патоку вымавіць нямецкае «г». Аднак я не лічу, што акцэнт – гэта праблема. У большасці сітуацый людзі атрымліваюць больш бонусаў за тое, што яны размаўляюць на мове, чым мінусаў за тое, што яны размаўляюць на ёй з акцэнтам. Лепш размаўляць з акцэнтам, чым маўчаць без акцэнту.
«Людзі атрымліваюць больш бонусаў за тое, што яны размаўляюць на мове, чым мінусаў за тое, што яны размаўляюць на ёй з акцэнтам»
Звяртаць у вагу на тое, чаму канкрэтна вучыць падручнік ці праграма
– Стратэгія вывучэння праз адрознае ў падобным не працуе, калі мова вельмі мала спародненая з тымі, якія ты ведаеш. Напрыклад, я вывучаю французскую, і хоць гэта раманская мова, але мая румынская тут не вельмі дапамагае. На гэты выпадак існуюць больш фармалізаваныя падыходы, з чаго пачаць.
Напрыклад, у лінгвістаў ёсць спісы Сводэша – гэта 200 базавых лінгвістычных адзінак, па якіх параўноўваюць мовы, каб зразумець, наколькі яны падобныя. Але для лінгвістычнай антрапалогіі гэта не вельмі рэлевантны падыход: яе будуць цікавіць найбольш тыповыя сітуацыі ўзаемадзеяння.
Калісьці я з цікаўнасці спрабаваў вучыць нарвежскую і спампаваў падручнік. Там прапаноўвалася вывывучаць словы, праходзячы праз жыццёвую гісторыю, і гэта была гіcторыя цяжарнай жанчыны з Ірана. То-бок ты вучышся казаць, што ты цяжарная, якія дакументы ў цябе ёсць і да таго падобнае. Нібыта карысныя веды, але яны канструююць цябе як асобу, якая вывучае гэту мову, вельмі пэўным чынам: яны разлічаныя на людзей з мігранцкім бэкграўндам. Кажу безацэначна, проста адзначаю, што яно ёсць і патрабуе рефлексіі. Іншым разам я для прышпілу адкрываў руска-латышска-латгальскі размоўнік. Гэты размоўнік быў пабудаваны вакол гісторыі латгальца, які едзе з Сібіры, дзе ён цяпер жыве, на сваю гістарычную радзіму ў адпачынак, і размоўнік заканчваўся тыпу «мы паехалі назад у Сібір, дзе ў вас тут чыгуначная станцыя?»
Да Duolinguo ёсць пэўныя прэтэнзіі, бо ён не тлумачыць граматычныя правілы – ты мусіш іх нібыта з паветра схапіць, а яно каму як. Мне, напрыклад, хочацца, каб мне далі ўсе мадальныя дзеясловы таблічкай, як давалі на ўроках нямецкай мовы. Як спрагаецца «я мушу», «я хачу», «я магу», «я бачу», «я раблю», «я іду», «я чакаю»? Я хачу, каб мне іх далі, таму што я рэальна буду гэтым карыстацца. А Duolinguo на B1 нідэрландскай прапануе фразы «гэты краб паўзе праз старую чарапаху». Цікава, канешне, даведацца, як будзе «чарапаха» па-нідэрландску, але чаму пры гэтым я ўсё яшчэ не ведаю, як сказаць «я мушу» і «я не мушу»? Калі я пачынаю жыць у грамадстве, то што я вучуся рабіць перадусім? Выбачацца. А мяне Duolinguo дагэтуль не навучыў выбачацца ні па-нідэрландску, ні па-французску.
«Мяне Duolinguo дагэтуль не навучыў выбачацца ні па-нідэрландску, ні па-французску»
У UX і UI ёсць метад user journey map – калі мадэлюецца рэальны досвед карыстальніка. Вось калі я мігрант, то вучуся ўзаймадзейнічыць з людзьмі на вуліцы і ў краме, я вучуся патлумачыць нешта пра сваю сабаку: «дзяўчынка» ці «хлопчык», «дружалюбная» ці «недружалюбная». Адпаведна, іншая сітуацыя, калі я ў рэальным жыцці спрабую зразумець, у якіх сітуацыях я апынуся, што і ў якой паслядоўнасці мне спатрэбіцца са слоў, на якія тэмы я пачну размаўляць, умоўна, па-французску, а на якія – працягну па-ангельску. І гэта іншы падыход. Бо я магу вельмі доўга не ведаць слоў кшталту «відэлец» ці «нож», затое буду ведаць штосьці пра «від на жыхарства».
Абапірацца на свае зацікаўленасці і прафесійныя інтарэсы
– Я не магу змусіць сябе зацікавіцца нейкай мовай. Нешта мусіць захапляць. Мне нецікавая французская, і я нічога не магу з гэтым зрабіць. Але мне стала цікавая латышская – і я вывучыў канчаткі склонаў па-латышску, хоць карысны выхлап з гэтага, пэўна, мінімальны.
Літоўская мова спадабалася, калі я пачуў яе ў фільме пра жыццё літоўскай сям'і ў падзеленым Берліне: у памяць урэзалася фраза «neik su manimi» – «не хадзі са мной». Першыя штукі, якія мяне заваражылі ў літоўскай мове, былі праз такую ступень падабенства, якая табе на штосьці намякае, але пры гэтым яно не вельмі падобнае. Потым я слухаў песні Аліны Арловай, чытаў і перакладаў шыльды ў горадзе, на больш прасунутым узроўні глядзеў на ютубе інтэрв'ю з рознымі музыкамі, чытаў навіны, кнігі. Вельмі дапамагаў кінафестываль Nepatogus Kinas, бо там класнае дакументальнае кіно, і ты прыходзіш, а там яшчэ дыскусія, рэжысёр нешта кажа пра фільм, і ты выхопліваеш словы, якія паўтараюцца. Так і запамінаеш, што «ўцекачы» – гэта «pabėgėlis», напрыклад. Пакрысе нібыта розныя лакуны запаўняюцца.
Класным трэнажорам могуць быць і дэйтынгавыя праграмы. Бо дыялогі там вельмі часта ідуць па адной формуле, але ты можаш іх развіваць. Тыпу «прывет», «як справы», «колькі табе гадоў», «адкуль ты», «што шукаеш», «што табе падабаецца», «што не падабаецца». Ты вывучваеш пэўныя фразы праз паўтарэнне, а далей іх вар’іруеш.
Лера Хоціна,
перакладчыца
У рознай ступені валодае пяццю мовамі
Лера на выдатна вывучала мовы ў лінгвістычным універсітэце, а нядаўна ўзяла для сябе чэлендж тэрмінова падвысіць узроўні валодання нямецкай і польскай, каб трапіць на постдыпломнае навучанне і потым атрымаць высокааплатныя прафесійныя перспектывы. Перад тым як пусціцца ў гэтую авантуру, яна звярнулася да лінгвістычнай інструктаркі, а потым у працэсе навучання даведался шмат пра тое, якія методыкі ёй падыходзяць, а якія – не.
Паставіць канкрэтную мэту
– У школе я вучыла англійскую, каб паступіць ва ўнівер, а потым пяць гадоў вучыла англійскую, нямецкую і польскую, каб універ скончыць. Атрымліваецца, што ўсё жыццё я вучыла мовы як быццам без мэты. Я ніколі не вучыла мовы такім чынам, як людзі, якія кажуць: «Хачу вывучыць англійскую, каб пайсці ў айці». Яны прапампоўваюць скіл, каб упісаць яго ў рэзюмэ і ўзмацніць свае характарыстыкі. Вучыць мовы так я стала толькі цяпер, і атрымліваецца, што я нібыта спрабую вельмі хутка асвоіць форму мовы, а не яе змест. Я не цікаўлюся, як палякі ці немцы жывуць і пра што камунікуюць. Мне трэба падняць узроўні да акрэсленага дэдлайну, і мае намаганні нехта пэўным чынам ацэніць, а ў канчатовым выніку гэта ўсё патрэбна для таго, каб зарабляць больш грошай. То-бок матывацыя зусім тупая.
Але ўвогуле, мяркую, SMART-мэту мець важна [SMART – абрэвіятура з менеджменту, якая падкрэслівае, што мэты мусяць быць specific (канкрэтнымі), measurable (вымяральнымі), аssignable (дасягальнымі), realistic (рэалістычнымі), time related (звязанымі з часам). – заўв. рэд.]. Я назіраю за некаторымі сябрамі, якія «вучу ангельскую тры гады і да гэтага часу не ведаю, на якім я ўзроўні», і мне здаецца, што гэта дзіўны падыход і марнаванне часу – быццам нешта павінна з'явіцца ў канцы. Але ж наш мозг альбо пераследуе мэту, альбо адмаўляецца, калі мэты не бачыць.
У маім выпадку з нямецкай мовай было б нармальна сказаць: «Хачу за год B2 і трошкі перайсці на C1», што было б рэалістычна і досыць проста для майго мозгу – крыху выйсці з зоны камфорту і прасоўвацца павольна. А калі я хачу тры ўзроўні за год, то я разумею, што гэта немагчыма. Таму мая мэта мяне моцна трывожыць. Гэта ўжо не зона навучання, а зона панікі: калі ты разумееш, што гэта не твайго памеру адзенне, але спрабуеш яго на сябе нацягнуць і выглядаць хоць неяк. Аднак я ўсё роўна хачу паспрабаваць і абіраю для сябе чэлендж, які альбо прайду, альбо не.
«Гэта ўжо не зона навучання, а зона панікі: калі разумееш, што гэта не твайго памеру адзенне, але спрабуеш яго на сябе нацягнуць»
Адрэфлексаваць прычыны супраціўлення
– Калі на польскія заняткі я заўсёды ішла з радасцю, бо там у мяне С1, я магу гаварыць пра палітыку і пра іншыя цікавыя мне рэчы, я хутка раблю дамашку, хутка запамінаю, то з нямецкай кожны ўрок быў у духу «калі ласка, можна я не буду расказваць?». Я не люблю сябе неідэальную і ненавіджу, што мне даводзіцца перавучвацца. У мяне быў В2, але 15 гадоў таму. Гэта як зарабіць грошай і змарнаваць іх, а потым апынуцца ў сітуацыі «зараз мне тыя грошы вельмі б спатрэбіліся». І я ўвесь час супраціўлялася, бо не хачу хадзіць па другім коле.
Таксама ў мяне ёсць базавае ідэалагічнае і маральнае адвяржэнне ўсяго нямецкага, таму не маю жадання чытаць артыкулы ці вышукваць людзей, каб паразмаўляць з імі на нейкія тэмы. Але часам бывае, што іду гуляць, уключаю падкаст, дзе нехта балбоча па-нямецку, і мяне пачынае цікавіць нямецкая палітычная кухня. І я такая: «Добра, хаця б так буду датыкацца». Вядома, у мяне будзе вельмі штучная мова, але, з іншага боку, я вучу яе не каб жыць у Германіі, а каб разумець бюракратаў у ЕС, якія будуць расказваць адно аднаму нешта сваёй бюракратычнай мовай.
Калі я намагалася зразумець прычыны майго супраціўлення, то звярнулася да лінгвістычнай коўчыні, якая прапануе людзям дапамогу з тым, каб разабрацца, чаму ты ніяк не пачнеш вучыць мову або вучыш тры гады і не можаш вывучыць, таксама яна можа падказаць методыкі, якія табе пасуюць, і гэтак далей. Мне было стромна пакласці на свой чэлендж год жыцця, не бачыцца з сябрамі, не тусавацца, а потым вельмі засмуціцца, калі не атрымаецца. Таксама, калі я за нешта бяруся, мне трэба дагнаць гэта да 100%, а калі я кідаю на 80%, то я вельмі моцна сябе крытыкую, таму ў мяне была асцярога, што на палове шляху я моцна стамлюся, але ў мяне не будзе дазволу сабе спыніцца. І я пайшла да коўчыні, мы размаўлялі паўтары гадзіны, яна задавала пытанні пра матывацыю, розныя пачуцці да мовы. Такая ўмоўная тэрапія, дзе праз моўную мэту ты разглядаеш, якая ты асоба і якія ўзаемадзеянні тваёй асобе падыходзяць. Гэтая размова зняла з мяне шмат трывожнасці і нявызначанасці. Я дазволіла сабе быць цікаўнай да сваіх жаданняў, спрабаваць і памыляцца.
«Я дазволіла сабе быць цікаўнай да сваіх жаданняў, спрабаваць і памыляцца»
Вызначыцца з падыходам, які табе пасуе
– Ёсць розныя падыходы да выкладання моў. І адзін з іх – наш, умоўна саўковы, у духу «прачытаў – перакажы», «вось табе слова – вось адпаведнік, вучы». Гэта падыход на завучванне, выпрацоўку аўтаматычнай памяці. Ён эфектыўны, хоць і даволі складаны для мозгу, бо патрэбны вялікі аб'ём увагі, памяці і іншага датуль, пакуль яно аўтаматычна з цябе не стане вылятаць.
А ёсць камунікатыўны падыход: калі настаўнік з табой наогул не размаўляе на зразумелай табе мове, ён апускае цябе ў асяродак, ты вымушаны з ім узаемадзейнічаць і хоць нешта запамінаеш. Тут, як правіла, не робяць упор на дамашку. Напрыклад, у Гётэ-інстытуце нам давалі на дом два практыкаванні па пяць сказаў у кожным. І мне вельмі не хапала адпрацоўкі, аўтаматызму. Я зразумела, што камунікатыўны падыход мне не пасуе. Як быццам мой мозг, вывучаны на савецкіх методыках, патрабуе: «Дайце мне на дом пераклад на дзесяць сказаў, дайце мне не выбар паміж a, b, c, а прабел, дзе мне трэба будзе падумаць, якое слова ўставіць».
У выніку я кінула курс і цяпер займаюся з рэпетытаркай, якая камбінуе жорсткі падыход, дзе куча практыкаванняў на дом, з камунікатыўным, але свайго кшталту: яна дае відэа, дома трэба з ім папрацаваць і на занятку пераказаць. Калі я дзесяць разоў зраблю такі пераказ на розныя тэмы, то ў рэшце рэшт загавару. Напрыклад, яна дае рэпартаж пра сірыйскае паўстанне з Deutsche Welle ці пра выбары ў немцаў, то-бок мы працуем з матэрыялам, які цяпер актуальны, і мне цікава па ім выказацца, але пры гэтым з-за таго, што я яшчэ не ўмею выказвацца нармальна, мне трэба дома запісаць, выкарыстаць вакабуляр, які ў гэтым відэа прысутнічае, і потым пераказаць.
Мы займаемся ўсяго адзін раз на тыдзень паўтары гадзіны, бо рэпетытарка лічыць, што важнейшы асабісты кантакт з мовай, а не калі ты прыходзіш на заняткі час змарнаваць: пачытаць нешта нібыта разам ці каб табе задавалі пытанні, на якія ты не можаш адказаць, бо ў цябе няма актыўнага слоўніка. Лепш ідзі, чытай, слухай, пішы – і прыходзь на заняткі сказаць хоць нешта, што за тыдзень сабе напрыдумляла, кантактаваўшы з мовай.
«Лепш ідзі, чытай, слухай, пішы – і прыходзь на заняткі сказаць хоць нешта, што за тыдзень сабе напрыдумляла»
Абаперціся на рэальнасць і мемы патрэбнага рэгістру
– Узроўні C1 або C2, мяркую, мусяць уключаць мемнасць: трэба разумець, калі чалавек робіць да нечага адсылку. Напрыклад, у Польшчы шмат што завязана на прышпілах пра Папу. Нядаўна мы з рэпетытаркай глядзелі палітычную перадачу, дзе дзве журналісткі размаўлялі пра тое, як палітыка Трампа паўплывае на Польшчу, і яны гаварылі пра кліматычныя ініцыятывы Green Deal (Zielony Ład па-польску) і жартавалі, што «зялёны лад» трэба замяніць на «жоўты лад». Гэта адсылка да мема пра «жоўтага Папу»: калі афіцыйныя асобы адмаўлялі («рэтушавалі») тэму педафілію ў касцёле, і пазней крытыкі касцёла сталі на мемах фарбаваць Папе твар жоўтым, спасылаючыся на гэтую рэтуш. Калі мема не ведаеш, то і частку размовы ты не зразумееш.
У маім выпадку, калі я кажу пра чыноўніцкую мову, мемамі будуць усялякія абрэвіятуры. Мемнасць розная ў розных рэгістрах, але яна ёсць і яна вельмі важная. Нельга проста абапірацца на тое, што ты вывучыў дзве тысячы слоў публіцыстычнага стылю і ведаеш, як усё слушна прамаўляць.
І мне вельмі важна, каб мова абапіралася на маю рэальнасць. Калі мы вучылі, як сабачка па-нямецку кажа «гаў-гаў», я разумела, што гэта можа быць цікава, але мне гэтыя словы не спатрэбяцца ў працы, на якую я хачу паступіць, і было адчуванне, што я проста марную час. У польскай мове мы даведваліся, адкуль прыйшлі кулінарныя асаблівасці мясцовай кухні, колькі палякі пілі трыста гадоў таму назад, мы чыталі міфы і легенды, і я ўвесь час адчувала з аднаго боку цікавасць, а з другога – што гэта мне не трэба, хацелася сацыяльна-палітычную тэму, адкуль я магла б запазычыць вакабуляр для сябе.