Заўтра, 21 студзеня, у прасторы «Верх» пройдзе самая буйная падзея ў менскай стрыт-культуры апошняга часу – фестываль Minsk Urban Weekend. Цягам суботняга дня адбудзецца прэм’ера фільму пра расійскія стрытўэр-брэнды «Голас вуліцаў», тры лекцыі, танцавальны батл Cypherz і маштабнае афтэрпаці ад менскай грайм-фармацыі Bruuud. Пытаемся ў маладых арганізатараў-энтузіястаў, як ім удалося сабраць гэты Вавілон.
Хлопцам-арганізатарам – Марку Міласціваму і Сашы Дзічэнку – 18 і 19 гадоў адпаведна. Яны родам з Вілейкі, дзе раслі поплеч з даўніх часоў, цяпер вучацца ў Менску. Марк кажа, што ідэя зарганізаваць фестываль прыйшла да яго неспадзявана: «Я люблю пагартаць інстаграм перад сном – там і наткнуўся на анонс фільму “Дух улиц” у акаўнце адной маскоўскай крамы. Тут жа звязаўся з хлопцамі ды набыў ліцэнзію стужкі. Далей вырашыў, што гуляць трэба па-буйному: запрасіў цікавых мне людзей з Расіі і ўвязаў ува ўсю гэтую справу сябра».
«Дух улиц» – дакументальная стужка пра расійскія брэнды вулічнай вопраткі: ад легендарных Extra, Anteater і Codered да навабранцаў «Горе», «Волан» і «Подполье». Стваральнікі фільму цягам другой паловы 2016-га каталіся па еўрапейскай частцы Расіі: Піцер, Масква, Тальяці, Ніжні Ноўгарад, Сочы, Краснадар – і збіралі гісторыі пра мясцовыя брэнды, іх вытворчасць і будаванне ўласнай ідэнтычнасці. Пад новы 2017 год фільм змантавалі, але пакінулі ў фестывальным фармаце: яго няма ў онлайне, можна глядзець толькі па ліцэнзіі, якую і прыдбалі Марк і Саша для паказу на Minsk Urban Weekend.
Паводле арганізатараў, запрасіць гасцей на імпрэзу было зусім не складана. «Дамаўляцца з таленавітымі людзьмі заўсёды лёгка. Яны дабіваюцца прызнання якраз дзякуючы ўменню камунікаваць з публікай ды і самі жадаюць дзяліцца сваймі ведамі», – кажуць хлопцы.
Беларускі бок забяспечыць фестываль кірмашнай мітуснёй: увесь дзень будзе працаваць маркет, дзе ты знойдзеш крамы CLANS, Look, Salarium, Adept, некалькі стэндаў з кастамнымі снікерамі, снікертрон з бясплатнай чысткай красовак, Good Sign будуць біць татухі, ну і, вядома, фудкорт. Пасля адукацыйнай праграмы пройдзе танцавальны батл Cypherz, які выявіць найлепшых бі-бояў і бі-гёрлаў, ну і на салодкае – афтэрпаці ад Bruuud з самым брудным гукам у горадзе. Карацей, гарадскія фланёры, заняцца будзе чым!
«Нашая мэта, – кажа Марк, – сабраць пад адным дахам банду аднадумцаў і ўзбуйніць яе новымі адэптамі, зрабіць усіх сябрамі хоць бы на суткі. Гэта аповед пра вопратку, музыку і вуліцу працягласцю дзень. Прыходзь, каб стаць яго часткаю».
Фестываль Minsk Urban Weekend адбудзецца заўтра, 21 студзеня, у прасторы «Верх». Падрабязнасці глядзі тут.
Загуглили, где учиться, играть в шашки и танцевать, когда вдруг обнаружилось много свободного времени, а тебе уже за 60.
Пасля пераезду паўгода таму ў Менску нарэшце пераадкрылася галерэя сучаснага мастацтва «Ў». 34mag зазірнуў на вернісаж.
Пра сэкс-адукацыю, прафарыентацыю, ментальнае здароўе, пластык і арт.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.