Наш дасведчаны аўтар Sasha By адказвае на асноўныя пытанні пачаткоўцаў-татуіроўшчыкаў. Якую ўзяць машынку, дзе купляць расходнікі, навошта табе свіная скура – чытай пяць парадаў, калі жадаеш стаць галоўным(-ай) кольшчыкам(-цай) на раёне.
Каб не пекчы пад сонцам свежататуяваную скуру і не ўстрымлівацца ад купання ў вадаёмах, тату лепш набіваць восенню ці зімой. Канешне, каб пантануцца «абноўкай», прыйдзецца чакаць лета, але пад адзеннем свежыя масці зажываюць лепш.
Але размова пойдзе не пра тых, у каго свярбіць скура, а пра тых, хто вырашыў сам стаць татуіроўшчыкам. Калі заўважыць, колькі тату ўлетку красуецца на аголеных целах, разумееш, што да майстра з машынкай не зарасце народная сцежка. Прафесія запатрабаваная, таму 34mag запытаўся ў дасведчаных людзей пра першыя крокі ў тату-мастацтве.
Што трэба ведаць?
Звычайна, калі чалавек думае пра асваенне гэтай прафесіі, яму ўжо вядома ўсё, аб чым пішуць на адпаведнай старонцы «Вікіпедыі». Таму абыдземся без гісторыі татуіроўкі як з’явы, адсылак да зэкаў і індзейцаў. Нагадаем толькі, што татуіроўка – гэта мясцовае траўмаванне скурнага покрыва. Фарба, якую ўбіваюць у падскурную клятчатку, трапляе туды праз мікратраўмы ад іголак. Пакуль гэтыя мікратраўмы не зажывуць, існуе верагоднасць занесці туды якую-небудзь інфекцыю. Але, садраўшы калена ад падзення са скейтборда, экстрэмал рызыкуе атрымаць у сваю ранку інфекцыю ў столькі ж разоў больш, у колькі асфальт бруднейшы за стэрылізаванае абсталяванне тату-салона. Сам пігмент, безумоўна, вітамінамі не напоўнены, але праходзіць сертыфікацыю ў краінах (Швецыя, Японія), дзе ахова здароўя на ўзроўні значна вышэйшым за айчынны.
Алена Мінко
студыя City 8 Tattoo (Маладэчна)
– Усе матэрыялы павінны быць стэрыльныя, трэба шмат увагі надаваць санітарыі. Імкніся выконваць працу чыста, даваць кліентам пісьменныя кансультацыі па даглядзе за татуіроўкай. Гэтым ты засцеражэш сябе і кліента: правільнае гаенне – 50% поспеху. Калі кліент несур’ёзна ставіцца да гаення, гэта можа адгукнуцца ўскладненнямі: інфекцыяй ці ўтварэннем скарынак. З непрыемных фактараў – алергія, хоць гэта і рэдкасць, аднак не спрабуй гуляць у доктара і адразу адпраўляй чалавека да дэрматолага.
Мастацкі ўзровень
Маляваць па скуры тату-машынкай крыху не тое самае, што алоўкам на паперы: машынка вібруе, мае вагу; фарба, акрамя таго што трапляе ў скуру, расплываецца па паверхні, і яе трэба бесперапынна выціраць ватным дыскам альбо спецыяльнай сурвэткай, каб бачыць, што атрымліваецца. Далёка не заўсёды выбітныя мастакі становяцца выдатнымі татуіроўшчыкамі. Але мастацкая падрыхтоўка – разуменне кампазіцыі і спалучэння колераў – усё ж вельмі дапамагае ў прафесіі.
Пачынаць варта з невялікіх работ. Ніхто не патрабуе ад майстра працаваць фры-хэнд – без эскіза, адразу па скуры. І татуіроўшчыку, і кліенту зручней і надзейней, калі абрысы будучага тату пераведзены на скуру з дапамогай калькі ці капіявальнай паперы.
Стылі татуіроўкі кшатлту old school не патрабуюць нічога асаблівага ад майстра і, тым не менш, выглядаюць даволі стылёва: разнастайныя якары, штурвалы, чарапы ў капелюшы-цыліндры, сэрцы, абгорнутыя стужкай з надпісам, ігральныя косткі – карацей кажучы, малюнкі схематычныя, блізкія да мультыплікацыйных. Олдскул так называецца за, як здаецца, крыху прымітыўную графіку, якую атрымлівалася выканаць тату-прыстасаваннямі мінулых часоў. За колеры, якія былі даступны татуіроўшыкам паўстагоддзя таму. І за сюжэты, актуальныя для матросаў, гульцоў у азартныя гульні і іншых сацыяльных груп. Цяпер гэта класіка, якую выкарыстоўваюць усе. Дзякуючы сучаснаму абсталяванню для тату такія масці могуць біць і пачаткоўцы.
Так званы new school выкарыстоўвае тыя ж матывы, што і old school, – маякі, гадзіннікі, сіметрычныя ластаўкі, але ўжо з растушоўкай і контурамі, якія магчыма рабіць сучаснымі машынкамі. Палітра ў такіх масцях значна багацейшая. Ньюскул не лепш і не горш за олдскул. Проста кожны абірае, што яму больш падабаецца.
Найбольшае ўражанне робяць звышрэалістычныя татуіроўкі, фатаграфічныя партрэты. Але гэта гады практыкі ў татуяванні, нават калі ты можаш такое рабіць на паперы.
Аляксандр Міхеенка aka Адыдас
заснавальнік студыі Good Sign Tattoo (Менск)
– Навічкам раю пачынаць з простых малюнкаў: нават адна лінія ці надпіс на запясці патрабуе не меншай засяроджанасці, чым вялікі праект. Для мяне ж вышэйшы пілатаж і самы складаны стыль – напэўна, японскі oriental.
З чаго пачаць?
Вось тату-энтузіяст праглядзеў серыю за серыяй Tattoo Age на Vice, прачытаў усё, што трапляецца пра гісторыю татуіроўкі і стылі яе выканання, вывучыў у сеціве артыкулы па дэрматалогіі аб стэрылізацыі і зажыўленні і нават ужо адшкадаваў грошай, каб закупіць усё неабходнае. Што далей?
У першую чаргу патрэбная індукцыйная машынка з трымальнікам (ротарная звычайна занадта дарагая для навічка). Напачатку можна браць універсальную, якая падыдзе і для контураў, і для зафарбоўкі. Потым гэта будуць асобныя апараты для кожнага элемента татуявання.
Затым неабходны блок сілкавання з педалькай. Прынцып дзеяння як у швейнай машынкі: ціснем на педаль – блок раздае электрычны ток на маторчык у машынцы і ў яе пачынаюць паступальна рухацца іголкі. Макаеш імі ў фарбу і пачынаеш убіваць у скуру. Традыцыйна гэта так, але варыяцый з кожным днём з’яўляецца ўсё больш. Ёсць нават тату-машынка, якая працуе ад айфона – выкарыстоўвае дэвайс як блок сілкавання, а сіла току рэгулюецца не кнопкамі ці тумблерам, як на звычайным блоку, а з дапамогай усталяванага на тэлефон софта.
І канешне ж, неабходны расходнікі – іголкі, фарбы, пальчаткі, сурвэткі, плёнкі, вадкасці для стэрылізацыі і гэтак далей. Дыстрыб’юцыяй усяго неабходнага ў Менску займаецца шэраг тату-салонаў. Таксама тавары можна замовіць у спецыялізаваных інтэрнэт-крамах альбо прыдбаць былыя ва ўжытку машынкі ды блокі на тэматычных форумах. Атрымаецца значна танней, глядзі па грашах.
Калі падыходзіць да справы сур’ёзна, то ўсё гэта каштуе да штукі баксаў, лічыць Алена:
– Добрая машынка не можа каштаваць танна – не менш $ 200. Ёсць мноства айчынных вытворцаў, якія прапануюць годнае абсталяванне па смачных цэнах. У Беларусі можна вылучыць хлопцаў з J&A, якія вырабляюць якасныя блокі сілкавання, машынкі і педалі для тату. На гэта пойдзе ў сярэднім 600 даляраў, калі браць дзве машынкі. Фарбы можна купляць у краме Алы Рамазанавай: у яе шырокі выбар расходнікаў па прымальных коштах. Для пачатку хопіць чорнай контурнай – для зафарбоўкі, некалькі асноўных колераў, аднаразовых каўпакоў для фарбаў, гумовых кольцаў і грометаў для машын, наканечнікаў і іголак, аднаразовых пальчатак, бар’ернай абароны для кліп-кордаў і машын, вазеліну і сродкаў для загаення. Усё гэта абыдзецца ў дзесьці 300 даляраў.
На чым трэніравацца?
Насамрэч некаторыя салоны праводзяць навучанне і прапануюць кліентам атрымаць тату са зніжкай, якое выканае стажор пад кіраўніцтвам майстра. Але ніхто з апытаных у гэтым тэксце экспертаў ніякіх курсаў не скончваў.
Аляксандр мяркуе:
– Я пачынаў самаробнай машынкай на сябрах і знаёмых. Часы былі іншыя, не быў так развіты інтэрнэт, кліенты, галоўным чынам, былі з розных субкультурных суполак. Цяпер татуіроўка выйшла з андэграўнду і стала больш папулярная сярод абывацеляў, таму пачаткоўцу знайсці кліента, зрабіўшы пост «калю за расходнік», значна прасцей. На курсах, я лічу, навучыцца рабіць тату за тры месяцы немагчыма, хутчэй толькі даведацца пра асновы. Я перарабляў і перакрываў свае старыя працы. Вельмі важна бачыць іх праз 3-5 гадоў, каб разумець, як жыве пігмент пад скурай.
Без сумневаў, самаадукацыя – шлях да поспеху. Трэніруйся на свіной скуры (34mag не раіць трэніравацца на жывым падсвінку), толькі не кладзі яе на стол ці нешта цвёрдае, бо сапсуеш машынку, – падкладзі падушку, напрыклад. Далей практыкуйся на сабе, гёрл- ці бойфрэндзе, кінь аб’яўку ў сацсетках пра просценькае тату па кошце расходнікаў. У кожнага майстра ёсць свая шафа з няўдалымі наколкамі, таму баяцца не трэба. Амаль усё потым можна перарабіць. Вывесці тату без следу на сённяшнім узроўні тэхналогій немагчыма, а перакрыць іншым тату ці адкарэктаваць няўдалае – у любы час. Каверы – гэта нават асобны накірунак у тату-мастацтве.
Перспектывы ў прафесіі
Выставы дасягненняў у тату-прамысловасці – тату-канвенцыі. Яны праходзяць у шэрагу буйных еўрапейскіх гарадоў – Санкт-Пецярбургу, Вроцлаве, Берліне, Барселоне – і прыцягваюць увагу не толькі людзей у тэме, але і звычайных цікаўных. У Менску такое мерапрыемства плануецца ў лістападзе. Калі вырашыў стаць татуіроўшчыкам – варта ісці. Мясцовыя і запрошаныя з-за мяжы студыі на канвенцыях спаборнічаюць у конкурсах, там можна паглядзець на тату-тусоўку ў сукупнасці, набыць атрыбутыку. Тут жа набіваюцца татуіроўкі – назіраць за гэтым не забараняецца.
Калі татуіроўкі пачнуць атрымлівацца такімі, што іх не сорамна паказаць людзям, можна і паўдзельнічаць у канвенцыі рэзідэнтам якой-небудзь студыі, якая атрымала запрашэнне.У салонах майстры зарабляюць адсотак ад кошту выкананай работы (ён адрозніваецца), і фінансавая мэтазгоднасць працы наймітам тут у тым, што ты пастаянна маеш кліентаў. У Еўропе гэты адсотак у 2-3 разы вышэй. Дзякуючы партфоліа ў сеціве топавыя беларускія майстры перыядычна атрымліваюць запрашэнні папрацаваць у еўрапейскіх студыях, таму ўзровень нашых татуіроўшчыкаў не ніжэй, чым у Францыі альбо Нідэрландах.
Можна зарэгістравацца афіцыйна як прадпрымальнік – плаціць падаткі і працаваць на сябе, – але для гэтага трэба мець упэўненасць у сваіх прыбытках.
Алена пра фінансавы бок тату-дзейнасці кажа:
– У кожным салоне свае расцэнкі, звычайна ідзе пагадзінная аплата за татуіроўку – у сярэднім $ 30 за гадзіну (не забывай, колькі каштуюць расходнікі!). Ад агульнага кошту татуіроўкі майстру выплачваюць адсотак – ад 30% да 70%. За мяжой татуіроўку ацэньваюць даражэй, чым у Беларусі, – і гэта нядрэнная магчымасць зарабіць. Але зноў такі, перад тым, як адкрыць для сябе гэтыя межы, трэба працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць.Саша доўгі час жыў і працаваў у Польшчы:
– У Еўропе прафесія татуіроўшчыка аплачваецца лепш, таму што дабрабыт насельніцтва там у некалькі разоў вышэй. Еўрапейскія студыі, якім цікавы той ці іншы майстар, запрашаюць да сябе ў госці. Калі ладзіш нешта ў Беларусі, тут, як з адкрыццём любога прадпрыемства альбо фірмы, трэба прайсці розныя інстанцыі, сабраць дакументы і гэтак далей. Звычайная працэдура, можа быць, не самая прыемная, але не непасільная.
Размова з аўтаркай самых яркіх пейзажаў Менска.
«Тэатр шчасьлівых дзяцей» і «Плошча Перамогі» распаўсюджваюцца ў электронных версіях.
«Нужно объединяться всем».
Разбираемся, как реагировать на «письма счастья» из налоговой.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (2)
Можно рассмотреть, к примеру, ношение
татуировок. Татуировки представляют собой по меньшей мере изли-
шество. Кроме того, они ассоциируются с той частью молодёжи,
которая не настроена участвовать в общественно-полезном труде,
заботиться о собственном здоровье и безопасности, сохранять
общественный порядок, поддерживать традиционную культуру, отли-
чается невысоким уровнем интеллектуального развития и слабово-
лием.
татуировка не показатель невысокого уровня интеллектуального развития и слабоволия. сколько таких людей и без татуировок?