Як мастацтвам становіцца акварыум з акулай у фармальдэгідзе ці 6-гадзінныя пакуты чалавека, які дазволіў рабіць з сабой усё што заўгодна, так і красоўкі пераўтвараюцца ў аб’ект культуры, masterpiece з унікальнай канцэпцыяй, прадмет калекцыянавання. Напярэдадні Minsk Urban Weekend – буйнога івэнта пра шматлікія грані вулічнай культуры – мы завіталі ў ключавы асяродак менскага урбану – краму CLANS – і пагутарылі пра беларускую стрытўэр-дзвіжуху, гіпертрафаваны хайп вакол калабарацый і апошнія інжынерныя дасягненні ў абутковай індустрыі.
Clansна
З засыпанага снегам менскага брадвея Незалежнасці мы ныраем у непрыглядны шэры будынак гандлёвага цэнтра, дзе на нас адразу з лесвіцы абрушваецца лавіна рэкламных праспектаў з серыі «вырві вока, амарока». Мы ў Маскоўска-Венскім – аплоце мясцовых грасрутс-брэндаў і сэлераў з выразнай канцэпцыяй. Тут базуецца лаўка-мара для трансераў «Чеширский кот», распрацоўнікі менскай стрытўэр-ідэнтычнасці – крама LSTR, папяровыя крафтары Shabby Boom. Сярод стракатай кампаніі ўціснутыя ў гандлёвы бокс і першапраходцы снікер-культуры ў Менску – крама арыгінальных красовак і вулічнай вопраткі CLANS.
Унутры мінімалістычнага памяшкання, паабапал якога, быццам галерэйныя экспанаты, развешаныя дызайнерскія мадэлі абутковай індустрыі, мы сустракаем стваральніка крамы Дзмітрыя Смірнова aka Мітрыча і яго калег Антона і Юру. Гукавую прастору ўтульна запаўняе самавіты бас ад The Bug, расслабленасць атмасферы дадае мяккая канапа па цэнтры са столікам, з якога можна ўзяць пачытаць апошнія (і не толькі) выпускі часопісаў пра красоўкі Sneaker Freaker, «К.Е.Д.», а таксама пагартаць масіўны каталог Carhartt ці апошні лукбук CLANS. Мы ўладкоўваемся ў стратэгічных кропках крамы і пачынаем размову.
«Я не зусім разумею паняцце снікер-культуры, хутчэй, гэта “захапленне красоўкамі”, – напаўголаса, каб не турбаваць кліентаў, кажа Мітрыч. – З 2009 года існуе невялікая супольнасць аматараў брэндавых красовак на Onliner [якая, тым не менш, налічвае амаль 30 тыс. паведамленняў – 34mag], ёсць барахолкі, крамы, праходзілі фестываль Solid, выстава Time For Art, зараз будзе Minsk Urban Weekend. Але івэнты прысвечаны хутчэй вулічным субкультурам у цэлым, чым менавіта красоўкам. Так, у Менску ўсё гэта ёсць, але ў невялікіх памерах».
Мітрычу 27, ён родам з Баранавіч, але пераехаў у Менск добры дзясятак гадоў таму. У 2012-м адкрыў сваю краму, куды ад пачатку прывозіў толькі арыгінальныя мадэлі, у тым ліку і такіх брэндаў, якія ў Беларусь траплялі дагэтуль толькі праз анлайн-замовы. «Да крамы я два гады захапляўся красоўкамі: цэлымі днямі сядзеў на форумах, запытваўся, лазіў па барахолках. Я быў настолькі апантаны гэтым, што пачаў разумець, якіх брэндаў у нас не хапае і якія тут вельмі патрэбныя», – кажа Мітрыч з зіхатлівымі вачамі. У 2012-м ён першым афіцыйна прывёз у Менск амерыканскі брэнд Saucony, лепшыя топ-сайдары Sperry і лайфстайл-лінейку Asics. З пачатку свайго снікер-бізнэсу ён урываў эксклюзіўныя калабарацыі брэндаў з зоркамі, якія выпускаліся лімітаваным тыражом. Першай такой жамчужынай стала калабарацыя паміж Saucony і аўстралійскім снікер-часопісам Sneaker Freaker. «Я дагэтуль здзіўляюся, як яна да нас трапіла», – кажа Мітрыч.
Што цяпер актуальна ў сферы снікераў?
Кажа Юра, супрацоўнік CLANS:
– Хоць вінтажныя красоўкі дзіка папулярныя, але ёсць сучасныя снікеры, якія на парадак зручней. Зараз вытворцы робяць упор на экалагічнасць, каб менш было адкідаў, каб красоўкі былі зробленыя з адзінага кавалка матэрыялу. Напрыклад, у мадэлях Nike Flyknit і ў Adidas Primeknit у аснове – плецены красовак, адчуванне – быццам ты ў вязанай шкарпэтцы, няма швоў, нічога не націрае. Сучасныя тэхналогіі пранікаюць і ў гэтую індустрыю. Брэнды эксперыментуюць з 3D-друкам, муцяць калабарацыі сумесна з інжынерамі NASA. Рэвалюцыйных мадэлей хапае, але яны з’яўляюцца спачатку ў спорце і толькі потым прыходзяць на вуліцу.
Mad world
Крэйза на красоўкі ў свеце пачалася ў сярэдзіне 80-х, калі абутковыя кампаніі зразумелі, што на першы план выходзяць нематэрыяльныя рысы брэнда: статуснасць, яго «каштоўнасці», стыль жыцця, які ён «прапаведуе», – і пачалі залучаць у маркетынг медыйных зорак. Першым выбухам, напэўна, стала калабарацыя баскетбаліста Майкла Джордана і Nike, у выніку якой нарадзіліся легендарныя Air Jordan. З іншага боку нарастала папулярнасць хіп-хопу, які надаваў сэнс вулічнай культуры, куды красоўкі арганічна ўпісваліся. У 1986-м Run-D.M.C. выпусцілі трэк «My adidas» – і панеслася!
Цяпер снікеры шчыльна ўпісваюцца ў паўсядзённае жыццё, у тым ліку і далёка за межамі хіп-хопу. У пітсбургскім універсітэце Carnegie Mellon University адкрылі нават курс па гісторыі снікераў Sneakerology 101. Пры гэтым хваля калекцыянавання не згасае і дагэтуль. У 2009-м Кэні Ўэст выпусціў свае вядомыя Nike Air Yeezy, якія змяталі з прэсэйлаў у лічаныя хвіліны. Першапачаткова яны каштавалі трохі болей за $ 200, а на аўкцыёнах асабліва эксклюзіўныя экзэмпляры (тыя, што Кэні апранаў на ўручэнне Grammy) дасягалі $ 20 000. Чума!
«Мяне цікавяць красоўкі Кэні Ўэста, але я назіраю за імі толькі як за культурным феноменам»
Мітрыч кажа, што раней калабарацыі мелі больш wow-эфекту, таму што здараліся не так часта і сапраўды былі эксклюзіўнай з’явай: «Зараз колькасць калабаў дасягае некалькі дзясяткаў-соцен у месяц, таму сачыць за ўсімі проста бессэнсоўна. Няма гэтай лімітаванасці, рэдкасці і эксклюзіву. Мяне цікавяць красоўкі Кэні Ўэста, але я назіраю за імі толькі як за культурным феноменам. Нават чувакі, якія чакалі іх перад рэлізам ля крам, – гэта, хутчэй за ўсё, не калекцыянеры, якія будуць іх насіць ці захоўваць на паліцы, а рэсэйлеры, якія потым перапрадаюць іх на форумах, барахолках і аўкцыёнах. І часам яны зарабляюць больш, чым сама крама на гэтай пары. Хайп у некаторых момантах набывае гіпертрафаваны ўзровень».
У Менску, дарэчы, таксама аднойчы здарыўся кемпінг – некалькігадзіннае чаканне пачатку продажу ля крамы. Тады ля CLANS сабраліся каля 60 чалавек, усе чакалі рэліз калабарацыі Saucony і расійскага брэнда Anteater «Sea & Sand», але хапіла толькі 20-ці шчасліўчыкам.
«Скользкие улицы»
Хоць CLANS у асноўным – гэта пра снікеры, але ў краме можна прыдбаць і парку ад маскоўскага стрытўэр-брэнда Codered, цішотку ад HHX, порткі ад Carhartt ці модную панамку ад каліфарнійцаў Stussy. На пытанне, чаму ў краме амаль зусім няма беларускіх брэндаў, Мітрыч кажа, што тут шмат акалічнасцей: ад дакументаў да брэндавай палітыкі. «Адразу мне было цікава прыцягваць да сябе ўсе мясцовыя брэнды, але потым хваля рамантыкі сыходзіць, і ты разумееш, што ёсць куча нюансаў, – распавядае Мітрыч. – У кагосьці сваё ўяўленне, у нас сваё. У Менску, хутчэй, кожны сам сябе прасоўвае».
Менская стрытўэр-гісторыя цягнецца не так даўно – дзесьці з 2011 года. Першым гучным вулічным брэндам, напэўна, стаў Robotsmarsa з іх праславутымі пяціпанэльнымі кепкамі. Потым пачалі з’яўляцца паўнакамплектныя калекцыі ад Ruslo, Outcast, Skilfuldot, Lifer, LSTR, хвалю сакавіта афарбавала вышываначна-вышымаечная тэматыка, якая не сыходзіць і дагэтуль. Прыкметай высокай якасці стала шыць вопратку ў мясцовых швейных майстэрнях. А выпусціць лімітаваную калекцыю ці паўдзельнічаць у калабарацыі – справай гонару неабыякавых да стылю менчукоў. Напрыклад, як нам.
CLANS таксама нядаўна выпусцілі невялікую «Черновую коллекцию» – мінімалістычную манахромную серыю, каб непрыкметна знікаць у менскіх падворках. «Гэта штосьці паміж брэндам і мерчам. Мы не проста ўзялі бланкавыя футболкі і талстоўкі, наляпілі туды лога і сказалі, што гэта нашы рэчы. Мы распрацоўвалі ўласны крой, шылі ў мясцовай майстэрні. Непадалёку, дарэчы, ад Камароўцы. Мы падтрымліваем усю гэтую лакальную тэму».
«Некаторым спажыўцам падаецца, быццам мы наварваем нерэальна вялікія працэнты, – скардзіцца на хэйтараў Мітрыч. – Але яны не думаюць, што наклады ў менскіх брэндаў не такія, як у Zara, якая шые па мільёне адзінак. Маленькі брэнд, чувак саскроб свае грошы, ледзь знайшоў пыльную майстэрню, каб адшыць там некалькі адзінак, дзясяткаў. Не ведаю, ці шые хто-небудзь у нас сотні адзінак рэчаў. А калі колькасць маленькая, адпаведна і сабекошт адзінкі высокі. Але яму яшчэ неабходна знайсці пакупнікоў і зацікавіць іх, нават дзесяць чалавек, каб яны аддалі свае грошы. Потым вярнуць гэтыя грошы ў новую вытворчасць, каб пашыць не пяць цішотак, а сем ці дзесяць – тут аднаго толькі энтузіязму мала, патрэбны больш сур’ёзны падыход. Бо брэнд папросту памрэ».
«Менскія тусоўкі – як кланы, гэта тое, што мяне заўжды натхняла і цікавіла»
Перад Новым годам CLANS стварыў стылёвы лукбук у калабарацыі з фатографкай 34mag Каралінай Паляковай. Атрымалася настолькі выдатна, што свет пабачыла і папяровая версія праекту. «Нам хацелася паказаць мясцовы стыль, не кальку на штосьці заходняе ці ўсходняе. Паказаць, што ў Менску ёсць свая аўтэнтычнасць. Для нас ён падобны да трохі дзіўнага старэйшага брата, які досыць строгі, стрыманы, але часам любіць расслабіцца і паказаць сваю прыгажосць. Атрымалася гэта выразіць ці не, але мы спрабуем хадзіць няходжанымі шляхамі», – падагульняе Мітрыч разам з Каралінай.
Крама CLANS у гэтую суботу будзе ўдзельнічаць у Minsk Urban Weekend – буйным івэнце, які прысвечаны вулічным субкультурам. Глядзі інфу тут і хутка чакай падрабязнасці на старонках 34mag.
Фота by Караліна Палякова
Гутарым з музычнаю тусоўкай «Бассота», якая цяпер адказная за развіццё бэйс-сцэны ў Менску, а таксама за скрыжаванне клубнай і хіп-хоп культуры гораду.
Завіталі ў мадэльнае агенцтва B.O.O.M., дзе татуіроўка і бодзімадыфікацыя – гэта норма. І нават умова.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (2)
узровень згадак сяброў 34маг у артыкуле ўражвае. ад лстр, латэнтнага элсепэ да кавалка YCЁ. палякова, прыкраці эта !!
это не я