Чарговы экафэст «Пастарнак» пройдзе на Кастрычніцкай

22–23 траўня ў менскай прасторы «Вершы» на Кастрычніцкай, 19, адбудзецца экалагічны фестываль здаровага ладу жыцця «Пастарнак». У праграме – веганская ежа, экамаркет, творчыя майстар-класы, лекцыі, музыка і кіно.

 

 

Лекцыі

Прадстаўнікі(-ніцы) экалагічных і зоаахоўных арганізацый і сацыяльных бізнэсаў распавядуць пра актуальныя экалагічныя праблемы і падзеляцца лайфхакамі па экалагічным ладзе жыцця, а госці фестывалю змогуць паўдзельнічаць у дыскусіях на тэму экалагічнага асяроддзя ў гарадах.

 

Творчыя майстар-класы

У межах «Пастарнаку» наведвальнікі(-цы) змогуць паўдзельнічаць у майстар-класах па тэхніках малявання і навучыцца рабіць прадметы дэкору і інтэр'еру з эка-матэрыялаў.


 

Спектаклі і кіно

Увечары на фестывалі будуць праходзіць тэатральныя пастаноўкі і прагляды дакументальнага кіно.

 

Маркет

На панадворку «Вершаў» будзе знаходзіцца сэрца фэсту – маркеты і фудкорты ад лакальных экабрэндаў і гастра-энтузіястаў(-ак).  

 

Дзеці

Для жэўжыкаў арганізуюць гульнявую эказону.

 

Прыгажосць і здароўе

Экабрэнды прадставяць вялікую колькасць крафтавай, брэндавай і хэнд-мэйд-касметыкі, якая з'яўляецца экалагічнай і не тэстуецца на жывёлах.

 

Музыка

Усе два дні на фэсце будуць гучаць дзённыя дыджэй-сэты і вечаровыя акустычныя канцэрты і канцэрты класічнай музыкі. У праграме: электронная музыка Triangle і Dodoma, імправізацыі ад Minsk Improvisers Orchestra, аўтэнтычныя амерыканскія песні ад братоў Бланк, тэхна-джазавыя нумары ад «Каларыт Кульмана», класічная музыка ад школы «Авангард».

 

Спорт

«Пастарнак» запрашае гасцей стаць гледачамі спаборніцтваў па скейтбордынгу і пагуляць у актыўныя гульні.


Арганізатары(-кі) заклікаюць наведвальнікаў(-ніц) прытрымлівацца эпідэміялагічных норм, а таксама прыходзіць з уласнымі торбамі і кубкамі. Уваход вольны, прыходзіць можна з сабакамі – для іх будзе арганізаваная гульнявая пляцоўка.


 Падрабязнасці