Улоў #11

  • Рубрыка: УЛОЎ
  • 08.05.2017
  • 10430

Улоў №11 выклікае змешаныя пачуцці – на гэтай планеце па-ранейшаму і пішуць прыгожую музыку, і пераследуюць за іншасць. Тэрмінова ў падборку: чачэнскія геі кажуць пра страшнае, Gorillaz вяртаюцца праз 6 гадоў, папулярны сайт выкатвае даведнік па папулярнай музыцы, музычны фэст для VIP’аў ляціць у трубу, ну і так, па дробязі.

 

 

Рэпорт тыдня:

 

 

Шок-публікацыі «Новай газеты» пра расправы над геямі ў Чачні выклікалі магутны рэзананс, але Крэмль і кадыраўскі ўрад працягваюць трымаць глухую абарону. У матэрыяле брытанскага партала Dazed пераважае прамая гаворка непасрэдных удзельнікаў падзей. Ком у горле.

 

 

 

Альбом тыдня:

 

 

Паэты алкагольных буккросінгаў і бархэпенінгаў у мінулую пятніцу выпусцілі новы, ужо шосты, альбом For Crying Out Loud. Адразу рэліз планаваўся на 28 красавіка, але музыкі вырашылі не блытаць чарты, бо ў гэты дзень таксама стартавала новая плытка Gorillaz. Лестарскія рок-зоркі не на жарт узбадзёрыліся і выдалі 12 паўнавартасных хітоў надыходзячага лета, якія, мы ўпэўненыя, стануць саўндтрэкам не аднаго кахання.

 

 

 

Сiнгл тыдня:

 

 

Рэйверы з Кейптаўна абяцаюць, што наступны лонгплэй The Book Of Zef будзе апошнім у дыскаграфіі Die Antwoord. Аднак іх фанаты не з тых, хто стане жаваць соплі на пероне. Хутчэй наб’юць з гэтай нагоды чарговую татуху. Так ці інакш, на днях у сетцы літаральна намалявалася лірык-відэа на першы сінгл. Сачы за рукамі і мурчы максімальна легкадумны тэкст: «Your love is like a drug». Пакуль меркаваць складана, але, здаецца, альбом абяцае быць годным фіналу.

 

 

 

 

Краўдфандынг тыдня:

 

 

 Рэпарцёр BBC Джэймс Лонгман сфатаграфаваў пасажырку лонданскага метро, у якой «збегла» піца, і – як без таго! – выклаў фотку ў Twitter. Карыстальнікі інтэрнэту тут жа наштампавалі фотажабаў, а сам Лонгман запусціў кампанію #jesuispizza, каб знайсці спадарожніцу і купіць ёй новую піцу. Спячая прыгажуня пакуль на сувязь не выходзіла.

 

 

 

Фэйл тыдня:

 

 

Оргі Fyre Festival абяцалі элітным дзяўчатам і хлопцам першакласную багамскую тусоўку з Blink-182, Major Lazer, Disclosure, віламі, брулікамі, амарамі і MOЁT. Аднак напярэдадні падзеі на райскім востраве не апынулася ні музыкаў, ні прыбіральняў (у дастатковай колькасці). Сырныя буцікі сітуацыю, зразумела, не выправілі. Першыя ластаўкі-іскі ўжо паляцелі па судах, аднак амерыканскі Астап Бэндэр Білі Макфарланд не маркоціцца: ён прапануе ўладальнікам квіткоў (што каштавалі, дарэчы, ад 1500 баксаў) замест вяртання грошай... патусіць на фестывалі ў наступным годзе. Ну што тут скажаш? На ўсялякі выпадак перачытай наш мануал «Як арганізаваць фэст у сябе на раёне».

 

 

 

 

Эфір тыдня:

 

 

Сяргей Стылавін няспынна расшаркваецца перад сваімі кансерватыўнымі слухачамі, запрашаючы іх «адкрыцца насустрач новаму». Тыя ж у лепшым выпадку называюць Антоху МС «узбекскім джаміракваем», а што там у горшым – вядучы пакідае па-за эфірам. Антоху, вядома, ніякай справы няма да гэтай валтузні. Бо «в голове батон, и не знаешь, что там делает он»... На думку экспертаў «Афіша Daily», альбом «Радня» ўваходзіць у лік сарака ключавых рэлізаў 2016 года.

 

 

 

 

Манумент тыдня:

 

 

Партал 9GAG эфектна закапаў у патаемнай лакацыі 24-тонны манумент, прысвечаны самым стромкім мемасам XXI стагоддзя. Сярод іх – Dick Butt, Harlem Shake, Me Gusta, Філосараптар, Пінгвін-Сацыяпат. Оргі праекта сабой ганарацца: маўляў, дзякуючы іх намаганням нашчадкі дакладна будуць ведаць, што ў нас усё ў парадку было і з IQ, і з пачуццём гумару. Вось як глянуць ролік пра Pen Pineapple Apple Pen – і ўсе сумневы адваляцца.

 

 

 

 

Даведнік тыдня:

 

 

Arzamas выкаціў даведнік па замежнай папулярнай музыцы ад Элвіса Прэслі да The xx. Адразу ў закладкі!

 

 

Улоў збіралі Zamandarin, Sheeborshee і Manaxrom