Увесь гэты тыдзень прыкметнымі ньюсмэйкерамі былі беларуска-расійскія адносіны, бамбёжкі ў Сірыі і новы альбом Кендрыка Ламара. Што адбылося апроч гэтага – глядзі ў нашай сакавітай медыякампіляцыі.

Падзея тыдня:

Апошнія вавёркі-палятухі на тэрыторыі Беларусі яшчэ засталі, як распускалася заканадаўчая ўлада ў краіне падчас рэферэндуму 1996 года, пасля звяркоў-парапланерыстаў не бачылі. Але напрыканцы мінулага тыдня берасцейскія арнітолагі Дзяніс Кіцель і Андрэй Абрамчук забраліся ў самы гушчар паўночных лясоў Віцебшчыны і нечакана замест савы знайшлі ў дупле вавёрку-палятуху. Вучоныя кажуць, што трэба лепш шукаць, бо маюцца шматлікія знаходкі іх памёту. Экспедыцыя працягваецца.
Рашэнне тыдня:

Раней улады Казахстана хацелі зрабіць гэта да 2025-га, але ў сераду прэзідэнт Назарбаеў заявіў пра пераход да лацінкі ўжо ў наступным годзе. Сярод
аргументаў «за» – жаданне далучыцца да цюркамоўнага свету (Турцыя карыстаецца лацінкай яшчэ з 1920-х гадоў, Азейрбаджан, Узбекістан і Туркменістан перайшлі пасля распаду саўка) і эканамічнае жаданне ўключыцца ў глабальны рынак. Мо і нам ужо час?
Камбэк тыдня:

Пасля нашумелага вяртання класічнай тэлефанавалкі Nokia 3310 і архетыпічнай кансолі Nintendo NES, у шэраг рэпатрыянатаў памяці ўступаюць і нашы першыя віртуальныя гадаванцы – мініяцюрныя тамагочы. Цяпер ты зноў зможаш задавальняць не толькі сваю піраміду Маслоў. Купіць звяркоў можна на японскім
Amazon за € 17, але змятаюць іх вельмі хутка.
Фота тыдня:

Дачка кыргызскага прэзідэнта, 20-гадовая Алія Шагіева ўжо не раз правакацыйным шляхам падымае важныя пытанні. У апісанні да фота, якое на мінулым тыдні Алія выклала ў сацыяльныя сеткі, яна кажа пра дзве хібы сучаснага грамадства: сэксуалізацыю жаночых грудзей і дыскрымінацыю людзей, чые бацькі займаюць высокую пасаду. «Жаночыя грудзі – гэта частка цела, якая мае важную функцыю (гадаванне дзіцяці), і ніяк не сэксуальны аб’ект. <…> Грамадства кажа, што мацярынства выдатна, але кажа “фу, як ёй не сорамна” пры позірку на тое, як корміць маці. Пацешна, праўда?» – даводзіць яна.
Артыкул тыдня:

Чаму канцэпцыя шчасця вельмі эфектыўная ў кіраванні дзяржавай, як бутанскія жанчыны атрымліваюць раўнапраўе, не зважаючы на традыцыйнасць грамадства, і ці глядзяць бутанцы галівудскія фільмы – расійская «Афіша»
пагутарыла з міністрам шчасця невялікага азіяцкага каралеўства Дорджэ Пенджо.
Відэа тыдня:

Раней мы ўжо распавядалі пра новы кліп Івана Дорна
Collaba, дзе ён пераапрануўся ў прастытутку. На гэтым тыдні ўкраінскі музыка выпусціў поўнафарматны англамоўны альбом OTD (Open The Dorn), які, як кажуць у СМІ, набярэ максімальную колькасць каментаў «Дорн ужо не той». Лепей
слухай сам(-а)! Адначасова Дорн заехаў у госці да расійскага журналіста, рэдактара sports.ru Юрыя Дудзя і даў гадзіннае інтэрв’ю для яго ютуб-перадачы «вДудь». Раім да прагляду – Юрый ведае, як заняць тваю ўвагу на цэлую гадзіну.
Вечарынка тыдня:

Гэты панядзелак для некаторых пасажыраў лонданскага сабўэя выдаўся неспадзяваным. Пранкерская групоўка Trollstation усталявала мабільную саўндсістэму ў адным з вагонаў метро на лініі Бэйкерло і зладзіла сапраўдны нелегальны драм-н-бэйс-рэйв. Бяром на заметку!
Выпуск «Улова» рыхтавалі Manaxrom і Sheeborshee
КАМЕНТАРЫ (2)
Украінцы ваююць на Данбасе, а украінскі спявак дае інтэрв'ю расійскаму вядучаму.
- Навошты ты надзеў майку з трызубцам ў Юрмале? Што гэта было?
- Каб ніхто не ваняў наконт касцюму ))
По такой логике мне видимо стоит отказаться от посещения сайта Арзамаса, ПостНауки, прослушивания группы "Озёра" и даже выпивать "Аліварію" (потому что у Балтики и Алівы один холдинг). Но неа, не хочу.