Самае галоўнае – адказаць сабе, навошта ты гэта робіш і для каго. Хочаш перазнаёміць суседзяў паміж сабой? Вырашыць нарэшце пытанне з паркоўкай у двары? Зрабіць свята для дзяцей? Паставіць у раённым парку модны варкаўт? Памяняць імідж свайго раёна ў вачах сяброў?
Пастарайся сфармуляваць мэту, задачы і мэтавую аўдыторыю максімальна канкрэтна і запісаць іх у асобны файл – у будучыні ён стане тваім асноўным працоўным дакументам.
Складзі простую і зразумелую абвестку пра набор у каманду арганізатараў фэсту. Не абмяжоўвайся расклейкай друкаваных экзэмпляраў. Знайдзі ўсе магчымыя суполкі ў сацыяльных сетках і на форумах, прысвечаныя твайму раёну. Збяры як мага больш актыўных людзей, паміж якімі можна размеркаваць розныя зоны адказнасці.
Адначасова збірай ідэі па актыўнасцях ад мясцовых студый, гурткоў і асобных жыхароў. Заняткі ёгай, тэатральнае прадстаўленне, майстар-клас па дыджэінгу – усё тое, што стане начыннем твайго фэсту. Цябе ўразіць, што ўмеюць рабіць людзі, з якімі ты штодзённа стаіш у чарзе па малако.
На гэтым жа этапе пачынай шукаць партнёраў і спонсараў. У залежнасці ад дамоўленасцяў, спонсары могуць узяць частку грашовых выдаткаў на сябе альбо падтрымаць «прадуктам»: забяспечыць пакетамі для смецця, балонікамі, алоўкамі і паперай, гукавым апаратам – усім, што можа спатрэбіцца як на падрыхтоўчым этапе, так і падчас самога івэнту.
Партнёры патрэбныя, каб узмацніць канцэптуальны бок твайго фэсту і распаўсюдзіць інфу пра яго сярод шырокай аўдыторыі. Для гэтага выдатна пасуюць суполкі архітэктараў, урбаністаў.
Расказвае адзін з арганізатараў леташняга фэсту ў Малінаўцы Аляксей Стрэльнікаў: «Мы запрасілі групу маладых архітэктараў, якія правялі даследаванне ў парку Паўлава і высветлілі, як мясцовыя юзаюць гэтае месца, што там можна палепшыць і што мы можам паспрабаваць зрабіць падчас самога фэсту, напрыклад пасадзіць фіта-гарод ці абсталяваць незвычайную дзіцячую зону».
Складзі афіцыйную заяву на правядзенне масавага мерапрыемства і накіруй яе ў Мінгарвыканкам (у іншых гарадах – мясцовы выканаўчы орган). Заява падаецца не пазней за 15 дзён да планаванай даты івэнту, але, вядома, лепш пачаць чухацца загадзя.
«Першыя перамовы з Мінгарвыканкамам мы пачалі весці яшчэ за некалькі месяцаў. Вядома, адразу ж сустрэлі недавер з іх боку, маўляў, навошта тут нейкія фэсты, у нас і так усё добра. Таму падрыхтуйся выкарыстоўваць розныя хітрыкі, пастарайся паводзіцца спакойна і дыпламатычна», – каментуе Аляксей.
У заяве трэба пазначыць час, месца, крыніцу фінансавання, планаваную колькасць удзельнікаў (для мерапрыемстваў з удзелам больш за 1000 чалавек працуюць іншыя рэгуляванні), асабістыя дадзеныя пра арганізатара(ў), сцэнар мерапрыемства.
Асобна ўзгадняюцца візуальныя матэрыялы (банеры, плакаты).
Каб атрымаць дазвол на гандаль спіртнымі напоямі, півам, ежай і іншымі таварамі на фэсце, неабходна звяртацца ў аддзел гандлю Мінгарвыканкама.
Акрамя таго, трэба падпісаць пісьмовае абавязанне ад арганізатара па арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства. Спампаваць шаблон заявы і абавязання можна на сайце Мінрайвыканкама.
Мінгарвыканкам абавязаны зарэгістраваць тваю заяву і адказаць на яе цягам трох дзён. У выпадку адмовы ты можаш абскардзіць рашэнне праз суд.
Памятай, што да атрымання дазволу ад Мінгарвыканкаму распаўсюджваць афішы і абвяшчаць пра івэнт у медыя і сацсетках – нельга.
Атрымаўшы станоўчы адказ на правядзенне фэсту, ты мусіш аплаціць працу хуткай дапамогі і міліцыі. Адна міліцыянер-гадзіна ў Менску каштуе BYR 91 тыс. (BYN 9,1), праца брыгады хуткай – ад BYR 200 тыс. (BYN 20) да BYR 500 тыс. (BYN 50).
Супрацоўнікі міліцыі, якія працуюць на тваім івэнце, маюць права праводзіць асабісты дагляд удзельнікаў і іх рэчаў, весці фота-, аўдыя- і відэазапісы, абмяжоўваць колькасць удзельнікаў з улікам умяшчальнасці тэрыторыі.
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу арганізатару фестывалю ў Малінаўцы Аляксею Стрэльнікаву.
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Расказваем, што табе можа быць за рэпост песенькі ва «ЎКантакце».
Простыя правілы для таго, каб твой ненаглядны гадаванец не стаў парушальнікам закона.
Малады прадакшан збірае грошы на стылёвае кіно.
Размова з прызёркай World Press Photo.
З 23 красавіка па 4 траўня.
Варушняк без пафасу і алкаголю.
Каму смачныя цукіні з градкі ў горадзе?