Канспект лекцыі Arzamas: як прымусіць людзей палюбіць навуку

 

 

Cустрэча з праектам Arzamas выклікала нечаканы ажыятаж у Press Club Belarus. Ліміт рэгістрацый на лекцыю шэф-рэдактара Arzamas Алега Кароннага «Як прымусіць людзей любіць навуку» быў вычарпаны за суткі. На фоне аншлагу мы заканспектавалі для цябе самы цымус.

 

 

Што такое Arzamas.аcademy?

  Летам 2014 года наш галоўны рэдактар Філіп Дзядко сабраў маленькую каманду і прапанаваў запісаць на відэа лекцыі сапраўды класных навукоўцаў. Далей аказалася, што проста лекцый недастаткова і трэба забяспечваць іх дадатковымі матэрыяламі, рабіць сайт, прыдумляць дызайн. Спачатку ў праекце ўдзельнічалі тры чалавекі. Потым «Арзамас» вырас у праект, які робіць больш за дваццаць чалавек

 

 

 

 

Пра ідэалогію

  Першапачатковая ідэалогія Arzamas – зрабіць з навукоўцаў рок-зорак. Мы хацелі распавядаць проста пра складанае, перакладаць каштоўныя веды навукоўцаў на зразумелую і даступную ўсім мову. Веданне гісторыі ці літаратуры наўрад ці дапаможа вам у жыцці, але, хутчэй за ўсё, дапаможа знайсці агульную мову з аднадумцамі. Наша ідэя – адукоўваць.

 

 

«Першапачатковая ідэалогія Arzamas – зрабіць з навукоўцаў рок-зорак»

 

 

Хто робіць Arzamas

  Усяго ў камандзе больш за 20 чалавек. Задача галоўнага рэдактара – сабраць каманду і быць класным. Задача чатырох шэф-рэдактараў – цалкам адказваць за праект. Ёсць рэдактар, які ў асноўным займаецца аўдыя, а ёсць той, хто займаецца аплікацыямі. У выніку каманда з сямі рэдактараў прыдумляе ідэі, абмяркоўвае спецпраекты і структуру курсаў. Блізка да гэтых людзей знаходзяцца дызайнеры. Разам з рэдактарам яны прыдумляюць логіку сайта. У штаце – два праграмісты: front-end і back-end.

  Ад двух фотарэдактараў у камандзе залежыць настрой, таму што людзі ў першую чаргу спажываюць вачыма. Фотарэдактар павінен знайсці ідэальную ваўчыцу, каб было смешна, або ідэальнага сабаку. І, вядома, у нас ёсць выпускаючы рэдактар, які глядзіць на вынік апошнім і кажа, што гэта нікуды не гадзіцца.

  Камерцыйны аддзел шукае партнёраў, якія хочуць рабіць з намі спецпраекты. Адміністратар рэдакцыі сочыць за тым, каб выконваўся дэдлайн і каб мы не павар’яцелі. Калі рэдактар шчыруе над сваёй маленькай дзялянкай, то адміністратар рэдакцыі арудуе над усімі, каб было зразумела, куды цягнуць камень для пабудовы піраміды.

  У асноўным гэта ўсе людзі, якія раней працавалі ў СМІ. Філіп Дзядко сабраў каманду мары: у нас ёсць людзі з Esquire, Lenta.ru і іншых выданняў.

 

 

 

 

Як уладкаваны сайт

  Калі вы апынуліся на галоўнай старонцы, значыць, хутчэй за ўсё, з вамі нешта не так. Таму што галоўная старонка – гэта тое, што цікавіць толькі тых, хто робіць сайты. Карыстальнікі звычайна трапляюць на сайт праз сацсеткі.

  Калі я пачаў упершыню працаваць у медыя ў 2011 годзе, усё, што я запомніў пра рубрыкатар: ён у мінулым.

  Вялікія праекты выходзяць у нас звычайна раз на некалькі тыдняў. Да наступнага абнаўлення на галоўнай вісіць нешта з апошніх матэрыялаў. Калі хочацца весялосці, мы ставім матэрыял, які заўсёды заходзіць. Адно з нашых найвялікшых адкрыццяў: стары матэрыял заходзіць так жа добра, як і новы.

 

 

«Калі вы апынуліся на галоўнай старонцы, значыць, хутчэй за ўсё, з вамі нешта не так»

 

 

Пра курсы

  Курсы складаюцца з лекцый і дадатковых матэрыялаў. Лекцыя працягваецца ў сярэднім пятнаццаць хвілін. Як вы разумееце, не вельмі проста здымаць на тры камеры, а потым яшчэ мантаваць. Вытворчасць відэа дарагая, а глядзіць іх значна менш людзей, чым чытае матэрыялы. Аднак менавіта відэалекцыі – цэнтр нашага курсу. І ўжо да тэмы лекцый мы робім дадатковыя матэрыялы: тэксты, тэсты, гульні. Мы паступова пераходзім ад відэа- да аўдыялекцый. Па-першае, вытворчасць аўдыя танней. Па-другое, здаецца, што аўдыя больш неабходна людзям. Мы марнуем час на стварэнне графікі для відэалекцый, але іх слухаюць, пакуль мыюць посуд, адвярнуўшыся ад экрана або гуляючы ў прыстаўку.

 

 

 

 

Пра часопіс

  Калі мы зразумелі, што не зможам выпускаць па адным курсе на тыдзень, мы прыдумалі часопіс. У ім выходзяць матэрыялы пра ўсё на свеце, звязаныя з гісторыяй культуры. Ён абнаўляецца кожны дзень за кошт маленькай хітрасці – мікрарубрыкі. Так ствараецца ўражанне, што сайт не памёр і не быў зачынены Раскамнаглядам. Курсы – гэта пра адукацыю, часопіс – гэта проста займальныя артыкулы.

 

 

«Адно з нашых найвялікшых адкрыццяў: стары матэрыял заходзіць так жа добра, як і новы»

 

 

Пра шлях матэрыялу

  Давайце прасочым шлях матэрыялу. Да прыкладу, мы запісалі курс лекцый пра Парыж ХІХ стагоддзя: знайшлі лектара, адздымалі відэа. Далей з’яўляецца рэдактар, адказны за курс. Задача рэдактара – прыдумаць дадатковыя матэрыялы вакол курсу. Так, можна напісаць таймлайн Французскай рэвалюцыі, але гэта ўжо ёсць на Вікіпедыі. Нам жа трэба растлумачыць, што за чым ішло, але не ў панылай форме. Для такога матэрыялу мы прыдумляем гульню.

  Напрыклад, у нас ёсць гульня «Перажываючы ўсе рэвалюцыі». З яе дапамогай мы расказваем храналогію Французскай рэвалюцыі ў займальнай форме. Мы апісваем сітуацыю і прыдумляем механіку. У фінале я атрымліваю картку з вынікам, якая адправіцца ў сацсетку і прымусіць маіх сяброў паўдзельнічаць у гэтай віктарыне жыцця і смерці.

  Пасля трэба знайсці чалавека, які напіша тэкст. Звычайна складана знайсці аўтара, які добра піша і шмат ведае. Магчыма, прыйдзецца перапісаць тэкст восем разоў. Калі скончацца баталіі з аўтарам, паказваем тэкст навуковаму спецыялісту для фактчэкінгу. Дарэчы, лектар ніяк не кантралюе дадатковыя матэрыялы.

  У стварэнні складанага матэрыялу ўдзельнічаюць праграміст, дызайнер, карэктар, выпускаючы рэдактар. І такі матэрыял адразу запамінаецца. Трэба пастаянна здзіўляць чымсьці новым, каб у вас заўсёды быў імідж інаватара.

 

 

 

 

Пра сацсеткі

  Пасля выпуску матэрыялу трэба данесці яго людзям. Мы, вядома, выкладваем яго ў сацсеткі. У розных сацсетках мы паводзім сябе па-рознаму. У Facebook неверагодны, нікому не зразумелы алгарытм. Facebook не любіць, калі вы часта выкладваеце матэрыялы. Напрыклад, лайфстайл-сайты, у якіх ёсць суполкі ў Facebook, выкладваюць матэрыялы кожныя паўгадзіны. У іх тры-чатыры лайкі – поўны адстой! Мы выкладаем у Facebook матэрыялы два-тры разы на дзень, і ў нас усё добра: сотні лайкаў, куча перапостаў.

  Скажу максімальна банальную думку: патрэбны класны загаловак. Не варта перабольшваць і падманваць людзей, пісаць у ім тое, чаго няма ў матэрыяле.

  «УКантакце» – трохі іншая аўдыторыя, мінімальна іншая мова, больш пастоў. Там мы робім пасты значна часцей: прыкладна раз на дзве гадзіны. Ёсць ілюзія, што «УКантакце» абавязкова трэба выкладваць мемы. Мы іх не выкарыстоўваем. У нас 210 тысяч падпісчыкаў, і за ўсю гісторыю вядзення «УКантакце» мемы мы посцілі толькі тры-чатыры разы.

  У нас ёсць «Аднакласнікі». Каб зрабіць класны праект, трэба выйсці з зоны камфорту. Нам важна, каб нас чыталі не толькі ў сталіцах, але і ў рэгіёнах. У «Аднакласніках» складана. Што б мы ні напісалі, у каментарах нас абвінавацяць ва ўсіх смяротных грахах. Трэба пісаць вельмі акуратна: ніякіх жартаў і пажадана пра Расію. Напрыклад, мы хочам размясціць у «Аднакласніках» матэрыял з біяграфіямі персанажаў былін. Замест падводкі «Божа, вы здзівіцеся, калі даведаецеся, што Ілля Мурамец забіў сына, а Дабрыня Нікіціч адсек рукі свой нявесце!» мы пішам: «Нашы спрадвечныя, выдатныя, айчынныя быліны. Глядзіце, чытайце, каментуйце».

  Мы карыстаемся рассылкай. Гэта такі олдскульны метад, але больш-менш дзейсны. Рэдактар, адказны за выхад новых матэрыялаў, піша ліст. Адсотак адкрыцця – 50%. Мы робім рассылку праз MailChimp. Гэта выдатная рэч, каб не выклікаць праграміста кожны раз, а паспрабаваць зрабіць гэта сваімі рукамі.

 

 

«Калі ў вас ёсць жаданне выдумляць інтэрактыўныя дурныя штукі, праводзьце больш часу за відэагульнямі»

 

 

Якія матэрыялы працуюць

  У дзясятцы самых папулярных матэрыялаў амаль усе – тэсты. Калі ў вас ёсць жаданне выдумляць інтэрактыўныя дурныя штукі, праводзіце больш часу за відэагульнямі.

  «Элементарны даведнік па філасофіі ХХ стагоддзя» – матэрыял-шпаргалка, які добра працуе. У чалавека ёсць уяўленне, што ён зойдзе і адразу пра ўсё даведаецца. Хутчэй за ўсё, ён захавае такі матэрыял у закладкі і не будзе яго чытаць. Тым не менш гэта робіць матэрыял папулярным і карысным, да яго можна звяртацца перад іспытам.

  «Усё, што трэба ведаць пра...» у некалькіх пунктах – гэта адзін з самых эфектыўных і дзейсных фарматаў. Калі трэба распавесці пра вялікую тэму і выціснуць інфармацыю па максіме, трэба звяртацца да яго.

  Спісы і рэкамендацыі на цікавую тэму накшталт «Што чытаць / глядзець / слухаць на вакацыях» заходзяць заўжды добра.

  Фармат міфаў. Напрыклад, матэрыял «23 міфы, якія раздражняюць навукоўцаў» выявіўся вельмі папулярным.

  Тлумачэнні на пальцах. З гэтым усё зразумела.

 

 

 

 

Пра манетызацыю

  У нас ёсць мецэнат, які паверыў у нашу ідэю і разам з Філіпам прыдумаў гэты сайт. Яшчэ ў нас ёсць камерцыйны аддзел, які шукае партнёраў і прапануе ім спецпраекты. Наогул прадаваць рэчы пра гісторыю і культуру нашмат прасцей, чым пра штосьці іншае. Вядома, кампаніі хочуць, каб з іх брэндам асацыявалася нешта добрае. А што можа быць лепш за асвету і адукацыю?

 

 

Дзякуй за арганізацыю мерапрыемства Press Club Belarus. Сачыць за навінамі і падзеямі клуба можна на іх старонцы.