Чым крутыя тэатры Магілёва?
- 30.07.2018
- 5507
Для сапраўдных тэатралаў у Магілёве шмат спраў: трэба ўбачыць самы стары тэатр Беларусі, пачуць культавы маналог маньяка-канібала, пракрасціся на спектакль праз таемны лаз. Дэталёва распавядаем, чым так адметнае тэатральнае жыццё ў гэтым горадзе.
Краўдфандынг ХIХ века
Тэатр для Магілёва – цалкам сабе горадаўтваральнае прадпрыемства, толькі не ў эканамічным плане, а ў культурным. Прычым прадпрыемства з багатымі традыцыямі.
Магутным штуршком да развіцця тэатральнага руху ў горадзе стаў візіт імператрыцы Кацярыны II у 1780 годзе. З гэтай нагоды з Пецярбурга была выпісаная італьянская опера, а па праекце вядомага архітэктара Брыгонзі пабудавалі драўляны тэатр і бальную залу. Тэатральныя прадстаўленні даволі хутка сталі часткай побыту магіляўчан, але так жа хутка прыходзіла ў заняпад драўляная зала Брыгонзі. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя спектаклі паказвалі то ў адным, то ў іншым будынку. А ў 1870-х у горадзе загаварылі пра тое, каб пабудаваць стацыянарны тэатр.
«Магутным штуршком да развіцця тэатральнага руху ў горадзе стаў візіт імператрыцы Кацярыны II у 1780 годзе»
Нягледзячы на дзяржаўнае фінансаванне і ахвяраванні заможных тэатралаў, грошай не хапала, і губернатар разгарнуў у Магілёве своеасаблівую краўдфандынгавую кампанію. У яе актыўна ўключылася інтэлігенцыя. Ды і не толькі яна: пасільныя фінансавыя ахвяраванні прыносілі і студэнты, і простыя служачыя, і маламаёмасныя гараджане.
Будаўніцтва тэатра па праекце архітэктара Пятра Камбурава паспяхова завяршылася адкрыццём у 1888 годзе. На вынік краўдфандынгу ХІХ стагоддзя можна паглядзець і сёння. Будынак Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра – найстарэйшы тэатр Беларусі – па-ранейшаму ўпрыгожвае горад, а трупа рыхтуецца да 131-га сезона.
Містычны Саўлюс Варнас
Аднойчы Саўлюс Варнас – цяперашні галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра – ішоў па пешаходнай вуліцы і ўбачыў чалавека з пітонам. Варнас тады працаваў над спектаклем «Скарына» па п'есе Мікалая Рудкоўскага і раптам зразумеў, што жывёла павінна сыграць у пастаноўцы. У выніку ролі атрымалі нават дзве змяі: маленькую выносілі на руках у кірмашовай сцэне, а вялікі пітон з'яўляўся ў таямнічым абрадзе, накшталт пасвячэння ў масоны. У гэтым увесь Варнас – у адкрытым дыялогу з жыццём, які адрознівае творчасць і цікаўнасць. Ён пераносіць убачанае на сцэну, прапушчанае праз сістэму колб, рэторт і механізмаў у лабараторыі алхіміка. У выніку перад гледачамі з'яўляецца інтуітыўнае, ірацыянальнае, метафарычнае выказванне мастака. Светаадчуванню рэжысёра блізкая драматургія абсурду, і Магілёўскі драмтэатр – адно з нямногіх у Беларусі месцаў, дзе яе сапраўды варта паглядзець. Напрыклад, падобны да мудрагелістага сну спектакль «У маленькай сядзібе» Станіслава Віткевіча або нашумелую прэм'еру пра імкненне чалавека да шчасця – «Смага і голад» Эжэна Іанэска.
Паслужны спіс Варнаса доўгі час пераконваў гледачоў, што ён рэжысёр, які працуе выключна з класікай драматургіі. І новая драма цікавіць яго менавіта ў класічным значэнні гэтага тэрміна – Ібсэн, Стрындберг ды іншыя. Сутыкненне чалавечага духу з моракам рэальнасці рэжысёр даследуе ў спектаклях «Фрэкен Жулі» Аўгуста Стрындберга і «Жанчына мора» Генрыка Ібсэна.
«У гэтым увесь Варнас – у адкрытым дыялогу з жыццём, які вылучае ўважлівасць і цікаўнасць»
Але некалькі гадоў таму Саўлюс Варнас сваімі перакананнямі паступіўся і звярнуўся да сучасных тэкстаў, паспрабаваўшы адкрыць іх ключамі метафар, хоць новая драма ХХІ стагоддзя даволі скептычна ўспрымала традыцыю тлумачальнага тэатра. Першай ластаўкай стаў ужо названы «Скарына», дзе біяграфія беларускага першадрукара была прадстаўлена па-за звыклым беларусам канону – метафізічна.
Таксама варта прыехаць і паглядзець «Ліпень» Івана Вырыпаева. З творчасцю расійскага драматурга і рэжысёра, які змяніў постсавецкі тэатральны ландшафт, у Беларусі больш знаёмыя па кінаработах: «Кісларод», «Эйфарыя», «Танец Дэлі». У тэатры яна прадстаўлена кропкава і мала. Таму «Ліпень» у Магілёве – адназначны must see для сапраўдных тэатралаў. Маналог маньяка-канібала вырашаны ў традыцыі, якую заклала самая першая нашумелая маскоўская пастаноўка гэтай п'есы: для таго, каб глядач знаходзіўся на пэўнай дыстанцыі ад хорару ў галаве героя, рэжысёр мяняе пол расказчыка – транслятарам тэксту становіцца актрыса. У Магілёве «Ліпень» у жывым інструментальным суправаджэнні ўдарных выконвае Юлія Ладзік. Рашэнне спектакля падкрэслівае, што нават у сучаснай драме для Варнаса ключавымі застаюцца містычная прыгажосць і асаблівая музычнасць тэксту.
У сваім светаадчуванні і разуменні тэатра Саўлюс Варнас знайшоў аднадумцаў сярод чальцоў трупы. І ў беларускім тэатразнаўстве цалкам сабе можа з'явіцца вызначэнне «варнасаўскі акцёр». Калі хочаш паглядзець на яго ў вельмі яркай праяве, купляй білет на «Крэйцараву санату» Льва Талстога, дзе Іван Трус у ролі Познышава даследуе інфернальную прыроду любові і рэўнасці.
«Не варта думаць, што з прыходам Варнаса магілёўская драма стала выключна меккай для метафізікаў»
Іншыя галасы
Але не варта думаць, што з прыходам Варнаса Магілёўская драма стала выключна меккай для метафізікаў. Са сцэны тэатра гучаць і іншыя галасы. Сведчаць аб трагедыях і патрасеннях, якія мы перажылі. Разважаюць аб крытэрах нармальнасці сучаснага чалавека. Спрабуюць зразумець: чаму ж мы сёння такія інфантыльныя? Гэтая традыцыя сацыяльнага тэатра, цікавасць да вострых сучасных тэкстаў – шмат у чым заслуга папярэдняй галоўнай рэжысёркі Кацярыны Аверкавай. Падчас яе працы на малой сцэне рэгулярна чыталі сучасную драматургію. Яна пакінула свой след у легітымізацыі наватарскай драматургіі Паўла Пражко ў Беларусі – паставіла ў Магілёве монаспектакль па яго п'есе «Гаспадар кавярні».
Сёння рэпертуар прыцягвае ўвагу камернымі вострасацыяльнымі спектаклямі Уладзіміра Пятровіча. Напрыклад, рэпартажнай п'есай Торстэна Бухштайнера «Норд-Ост», заснаванай на рэальных гісторыях трох жанчын, чые лёсы звязаныя з тэрактам у Тэатральным цэнтры на Дуброўцы ў Маскве, – тэрарысткі-смяротніцы, глядачкі, якая апынулася ў закладніках, і лекара. А таксама інсцэніроўкай маналогаў з апошняй кнігі Святланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд».
Што такое «M@rt.контакт»?
Калі ты збіраешся ў Магілёў у сакавіку на Міжнародны моладзевы тэатральны форум «M@rt.контакт», скажам табе толькі адно: паклапаціся пра квіткі вельмі загадзя. Магілёўцы форум любяць, на спектаклях аншлагі, і думаць, што білет на Тумінаса або Ваўкастрэлава можна будзе свабодна купіць перад пачаткам, – утопія.
Трынаццаць гадоў запар дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Андрэй Новікаў збірае праграмы «M@rt.контакта», якія бударажаць тэатральную супольнасць і ўплываюць на тэатральнае жыццё Магілёва і Беларусі. Праграма 2019 года яшчэ не абвешчаная, але каб нешта зразумець пра форум, можна паглядзець леташнюю.
Умоўна афішу «M@rt.контакта» можна падзяліць на тры блокі. У першым – спектаклі, якія ўспрымаюцца як майстар-клас для маладых. Напрыклад, удзельнікам форуму-2018 стала апошняя праца культавага літоўскага рэжысёра Эймунтаса Някрошуса «Майстар голаду» паводле навелы Франца Кафкі, дзе суровы літовец паўстаў перад гледачамі нечакана іранічным і лаканічным.
Другім блокам становяцца спектаклі маладых рэжысёраў, якія ўжо зрабілі сабе імя. Так, у 2018 годзе ў Магілёве можна было ўбачыць працу аднаго з самых яркіх эксперыментатараў сучаснай расійскай сцэны – Дзмітрыя Ваўкастрэлава. Спектакль «Разенкранц і Гільдэнстэрн» аб'яднаў у сабе знакамітую п'есу Тома Стопарда «Разенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя», дзе другарадныя героі шэкспіраўскага «Гамлета» раптам становяцца галоўнымі дзейнымі асобамі; храналогію і форму шматмесячнага шахматнага матчу, які вялі Анатоль Карпаў і Гары Каспараў у 1984–1985 гг.; і цытаты з савецкага адрыўнога календара таго часу (накшталт парад, як правільна мыць галаву, і вытрымак з выступу генеральнага сакратара).
«Так, жанр "Гамлета" рэжысёр Ігар Казакоў вызначыў як "трагіфарш"»
Трэцім блокам праграмы становяцца студэнцкія і дыпломныя працы тэатральнай моладзі. Напрыклад, незалежны тэатральны праект Аляксея Размахава і Філіпа Вінаградава «Двое» (з якім яны, дарэчы, абараняліся ў Дзмітрыя Крымава і Яўгена Камяньковіча ў ГІТІСе). Аўтары даследуюць узаемасувязь лёсу пісьменніка і яго твораў на прыкладзе Аляксандра Грыбаедава і камедыі «Гора ад розуму». Асаблівую ўвагу да гэтай працы прыцягвае сцэнаграфія з ноўтбукаў і гаджэтаў.
Тэатральнае, ды і наогул культурнае жыццё ў горадзе, дзе ёсць фестываль, на парадак цікавейшае, чым у горадзе, дзе яго няма. І размова не столькі пра святочную тыднёвую афішу, колькі пра схаваныя працэсы, якія запускае ўся гэтая тусоўка з паказамі, майстар-класамі, творчымі лабараторыямі, абмеркаваннямі. Прыклады Берасця, дзе ёсць «Белая вежа», і Магілёва, дзе ёсць «M@rt.контакт», гэта пацвярджаюць. У выніку з'яўляюцца шырыня поглядаў па абодва бакі рампы, канкурэнтаздольная ўключанасць у агульны тэатральны працэс, асаблівая творчая атмасфера. А яшчэ – новыя спектаклі: напрыклад, 131-ы сезон у Магілёўскім абласным драматычным тэатры адкрые прэм'ера па апавяданні Васіля Быкава «Жоўты пясочак». Студэнтка Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў (майстэрня Генадзя Трасцянецкага) Каміля Хусаінава прадставіла эскіз гэтага спектакля ў рамках традыцыйнай Майстэрні маладой рэжысуры на «M@rt.контакте – 2018» і атрымала запрашэнне на пастаноўку.
Людзі і лялькі
Яшчэ адна важная кропка па маршруце тэатральнага падарожжа ў Магілёў – Магілёўскі абласны тэатр лялек. Ён быў адкрыты ў снежні 1976 года, а ўласны будынак па адрасе вул. Першамайская, 73, атрымаў у 1979-м. Таму аматараў архітэктурных помнікаў уразіць куды менш, чым драмтэатр. Але затое пацешацца тыя, хто любіць бываць у музеях: у тэатры працуе музей лялек, дзе можна паглядзець, напрыклад, на героя самага першага спектакля – тыграня Петрыка. З гісторыяй гэтага тэатра звязаныя імёны вядомых беларускіх рэжысёраў: тут працавалі і Аляксей Ляляўскі, і Алег Жугжда.
Цяпер тэатр узначальвае вучань Аляксея Ляляўскага Ігар Казакоў. Яго спектаклі для дарослых адрознівае пэўная рэзкасць выказвання. Так, жанр «Гамлета» рэжысёр вызначыў як «трагіфарш», а галоўны герой з'яўляецца на сцэне ў касцюме супермэна і з бензапілой у руках. Або вось у фінале хрэстаматыйнай п'есы «На дне» лялек проста змываюць са сцэны людзі ў хімабарончых касцюмах. Дарэчы, для гэтага спектакля мастачка Таццяна Нерсісян прыдумала лялек вельмі цікавай сістэмы, якая асаблівым чынам спалучае часткі цела акцёра і часткі лялькі.
«У фінале хрэстаматыйнай п'есы "На дне" лялек проста змываюць са сцэны людзі ў хімабарончых касцюмах»
Для дзіцячых спектакляў Казакова характэрная нетрывіяльнасць выбару матэрыялу. Ён шмат працуе з сучаснымі аўтарамі. Дзецям напэўна спадабаецца казка Святланы Залескай-Бень «Самы маленькі самалёт на свеце». Каго пакіне абыякавай сустрэча самага маленькага самалёта, якога дражняць «камар з прапелерам», з самым вялікім сабакам, які заняў палову сцэны? Ён таксама пакутуе ад сваіх памераў, дарэчы.
У працы з класікай Казакоў зноў выбірае невідавочнае. Напрыклад, яго апошняя прэм'ера – казка Оскара Уайльда «Волат-эгаіст». Дарэчы, трапіць у глядзельную залу на гэты спектакль можна толькі праз чароўны лаз...
А яшчэ ў Тэатр лялек варта патрапіць на «Іншую сцэну». Часцей за ўсё ў рамках гэтага праекта праходзяць канцэрты. На сцэне тэатра гралі «Серебряная свадьба», Ягор Забелаў, Іван Кірчук, «Сердце дурака» і інш. Зімой музычнасць праекта разнастаілі «Жывыя гісторыі» – дыялог з гледачамі, падчас якога распавядаюць шэсць рэальных гісторый пра людзей у зале.
Увогуле тэатралы ў Магілёве дакладна не засумуюць. Трэба ехаць!
Фота: mdrama.by, kultprosvet.by, www.teatrkukol.by, Юлiя Пеплер, Наталля Расiнава, Дзянic Васількоў, Галіна Радзькова, Аліна Бераснёва
Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з праектам #ЕСдляБеларусі. Еўрасаюз не нясе адказнасці за матэрыялы, падрыхтаваныя партнёрамі праекту.