З кім гутарым?

Мацей Сабураў
відэарэжысёр, кліпмэйкер, кампазітар, музыка. Суаўтар і рэжысёр праекта «Саша і Сірожа», музыкальных відэа для гуртоў «Ляпіс Трубецкой», «Без Білета», «Крамбамбуля», «Лявон Вольскі» і інш.

Каця Аверкава
тэатральная рэжысёрка, музыка. Паставіла больш за 20 спектакляў у Беларусі, Швейцарыі, Германіі, Індыі. Была суарганізатаркай міжнароднага тэатральнага фестывалю «Март-кантакт».
У жніўні 2017-га яны разам з архітэктарам і музыкантам Сяргеем Краўчанкам арганізавалі ў вёсцы Белая Царква Віцебскай вобласці фестываль эксперыментальнага мастацтва Sprava. Падчас фестывалю на паўвостраве побач з царквой 16-га стагоддзя група культурных актывістаў пабудавала сцэну ў стылі лэнд-арт, на якой выступалі Shuma, Port Mone ды іншыя музыканты, адбываліся тэатральныя і сталярныя майстар-класы. Арганізатары спадзяюцца, што ў будучыні тут будуць ладзіць імпрэзы не толькі яны, але і культурныя актывісты з іншых месцаў, а таксама тубыльцы.


Маладыя навасёлы
Мацей нарадзіўся ў прамысловым горадзе Новалукомлі, што ў 10 кіламетрах ад вёскі, але прыблізна 15 гадоў жыў і працаваў у Менску. Напачатку 2000-х ён вандраваў па новалукомльскіх ваколіцах і заехаў у Белую Царкву паглядзець на таямнічы напаўразбураны ўніяцкі храм на паўвостраве, да якога яшчэ з дзяцінства ставіўся з асцярогай – у 80-х тут разбілася маладая альпіністка, пакінуўшы ў суседніх мястэчках чуткі пра нядобрую энергетыку месца. Угледзеўшы незнаёмца на аўто, мясцовы мужык Іваныч, прапанаваў яму набыць адну з закінутых хат – усяго за тысячу даляраў. Мацей, які акурат напярэдадні атрымаў ганарар, прымеркаваў, што гэта будзе неблагой інвестыцый, і пагадзіўся.
Спачатку хату выкарыстоўвалі як тыповае лецішча: адпачывалі на прыродзе ля маляўнічага возера, святкавалі дні народзінаў і Новы год вялікімі шумнымі кампаніямі. Пасля пачалі выкарыстоўваць як здымачную пляцоўку для некаторых відэакліпаў і праектаў. Спонсарам выступаў новалукомльскі сэканд-хэнд кірмаш, дзе можна было знайсці дзікунскія касцюмы для здымак.

«Мая Беларусь акурат не апранутая – яна руіны, гарлачыкі, снег, людзі, якія вітаюцца і гавораць на дзіўнай мове»
Паступова вёска стала прыцягваць гараджан усё болей і болей, і тры гады таму Мацей з жонкай Кацяй перавезлі рэчы з Менска ў Белую Царкву, а Кацін сын Сцяпан пайшоў у школу ў Чарэі, вёсцы (а фармальна – аграгарадку) у 3-х кіламетрах адсюль.
У гарадскім жыцці сям’ю напружвалі не толькі звычайныя ўрбаністычныя праблемы накшталт неадпаведнай чалавеку архітэктуры і аўтамабільных затораў, але і сама вялікая канцэнтрацыя людзей, з-за якой вельмі складана наладзіць даверлівыя, уважлівыя стасункі. Каця, якая нарадзілася ў Менску, але мае досвед жыцця і працы ў невялічкіх гарадах, кажа, што для яе бліжэй такі стан рэчаў, калі ёсць магчымасць пазнаёміцца і даць крыху свайго часу і ўвагі кожнаму суседу і мінаку. Мацей жа ўвогуле выказваецца досыць радыкальна пра сваё нежаданне працягваць жыццё ў сталіцы:
– У Менску колькасць візуальнай інфармацыі накшталт «Беларусь мая родная», якую ты чапляеш вокам, калі абнуляешся, – фенаменальная. У Берліне я нешта не бачыў постараў «Наша любімая Германія». Я не хачу быць часткай гэтага. Мая Беларусь акурат не апранутая – яна руіны, гарлачыкі, снег, людзі, якія вітаюцца і гавораць на дзіўнай мове, у якой адчуваецца мікс мноства нацыянальнасцяў і ідэнтычнасцяў. У вялікіх гарадах цябе спрабуюць зафарматаваць. Мая ж Беларусь – вельмі маленькая.
Неўзабаве асобныя ўчасткі ў Белай Царкве набылі сябры Мацея і Каці – музыканты, мастакі і праграмісты, – некаторыя таксама для сталага вясковага жыцця. Тым часам у Чарэі адбываліся супрацьлеглыя міграцыйныя працэсы. Маладыя жыхары з’язджалі з вёскі ў горад па лепшае жыццё. У мінулым годзе мясцовая школа зачынілася, дзеці мусяць ездзіць па веды ў горад. Цяпер там выкупаюцца хаты, у асноўным – пад лецішчы.

Прысутнічаць праз справу
Неяк натуральна Каця з Мацеем пачалі даследаваць гісторыю гэтых мясцін. А даследаваць ёсць што, і багата. У розныя часы тут гаспадарылі Сапегі і Мілашы, Іван Грозны падарыў мясцоваму храму абраз, Пётр Першы павёз у сваю сталіцу спіс з выявы Чарэйскай Божай Маці, а бацька Максіма Багдановіча часта наведваў мясцовы кірмаш і адзначаў прыгажосць тутэйшых садоў і смак мясцовага піва. У мястэчку, 60% жыхароў якога складалі габрэі, аж да пачатку 20-га стагоддзя была развітая вытворчасць, гандаль, адукацыя і культура. З прыходам савецкай улады ўсе гэта моцна «палягло», а ў вайну і зусім скончылася. Пры гэтым Каця адзначае, што большасць помнікаў архітэктуры існавалі да канца вайны, але былі разабраныя мясцовымі на цэглу і дошкі ўжо пазней.



Гістарычныя сведчанні пра Чарэю і Белую Царкву старанна збірае і захоўвае мясцовая бібліятэкарка Таццяна Міхайлаўна Казлоўская. Ёсць пагроза, што пасля закрыцця школы яе пасаду таксама скасуюць, а жанчыну адправяць у новалукомльскую бібліятэку або на пенсію. Мацей кажа, што пасля закрыцця школы ў жанчыны сумныя перспектывы:
– Мясцовы ДК таксама збіраецца ў рай, бібліятэчныя фонды разам з усёй яе працай, даследаваннямі развязуць па іншых бібліятэках, а яе саму адправяць у Новалукомль ці ўвогуле – на пенсію. Усім пляваць. Калі ў нас атрымаецца стварыць нешта накшталт культурнай прасторы, мы паспрабуем захаваць дзейнасць бібліятэкаркі.
Навасёлы плануюць атрымаць у валоданне частку ці цалкам Дом культуры, воданапорную вежу ды іншыя закінутыя пабудовы, якія можна было б прыстасаваць пад творчую актыўнасць. Яны лічаць свае перспектывы добрымі – дзякуючы фестывалю арганізатары зарэкамендавалі сябе сярод мясцовых уладаў і атрымалі падтрымку вяскоўцаў. Мацей працягвае:
– Тутэйшыя фермеры, хоць і ў невялікім аб'ёме, дапамагалі з прадуктамі для валанцёраў на фестывалі, што для нас было істотна. Мяркую, яны адгукнуліся на просьбы, бо ўсё, што адбывалася, было цалкам непадобна да іх рэальнасці з селектарнымі нарадамі і вертыкаллю ўлады. У людзей з савецкім мінулым наша актыўнасць выклікала нейкую здзіўлена-пазітыўную рэакцыю, бо, з аднаго боку, нешта робіцца не дзеля бабла, а з другога – на вялікім імпэце і не па разнарадцы зверху.


Прастора, якая прагне жыцця
– Штораз, калі мяне даймае руціна з фундатарамі, грашыма і іншымі рэчамі, якія неабходныя, але стамляюць, я іду пагуляць на паўвостраў. Прыходжу і разумею, што гэтае месца чакае мяне, яно хоча рэалізавацца. Я не з тых людзей, што глядзяць на свет містычна, я не гавару літаральна, я гавару вобразна, — распавядае Мацей.
У кам’юніці Sprava ўжо атрымалася прыцягнуць увагу культурных актывістаў да мясцовасці. 1-10 траўня 2018-га Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў зладзіць тут міжнародную школу архітэктуры «Ex Nihilo». Болей за 130 удзельнікаў з розных краін прыедуць у Чарэю, каб даследаваць прастору і патрэбы яе жыхароў і разам стварыць аб’екты, якія дапамогуць вярнуць вёску людзям, а вёсцы – людзей.
Акрамя таго, музыкант Павел Кузюковіч і фатограф Максім Шумілін, якія разам арганізуюць канцэрты класічнай музыкі ў розных урбаністычных і прыродных лакацыях, улетку плануюць правесці на паўвостраве некалькі такіх імпрэзаў і нават зладзіць класічны міні-фестываль.

– Цікава, што рэакцыя мясцовага (карэннага) насельніцтва на ўсё гэта вельмі пазітыўная. А рэакцыя дачнікаў – вельмі негатыўная. Яны хочуць, каб тут было мёртвае ўсё, каб тут было ціха. Мясцовыя жыхары ў гэтым сэнсе больш жывыя людзі. Яны ўспрымаюць мясцовасць у аб'ёме, у іх ёсць гістарычная памяць пра гэтую зямлю.
Калі хочаш жыць у цішыні – едзь у тое месца, дзе зямля не хоча жыцця, у суровае, непрыдатнае месца, у Сібір, будзь там паляўнічым і цешся жыццём на прыродзе ў адзіноце. А калі ты хочаш жыць у афігенна прыстасаваным месцы, то гэта падобна да рэзідэнцыі прэзідэнта, калі зручны прыгожы кавалак зямлі агароджваецца ад кожнага ўплыву – негатыўнага ці пазітыўнага – і замарожваецца для карыстання вузкім колам не надта зацікаўленых людзей.
«Рэакцыя дачнікаў негатыўная. Яны хочуць, каб тут было мёртвае ўсё, каб тут было ціха. Мясцовыя жыхары ў гэтым сэнсе больш жывыя людзі»

Чытаць у камфортным тэмпе, даследаваць сябе і іншых.
Вальжына Морт, Юлія Цімафеева, Уладзімір Лянкевіч, Марыя Мартысевіч, Дзмітрый Строцаў.
Добра, што цяпер можна проста ўключыць Netflix.
10 сяброўскіх саветаў для заходніх журналістаў, якія робяць матэрыялы пра Беларусь.
12 пытанняў, каб праверыць, ці можаш ты стаць героем/гераіняй аўтафікшану.