5 галоўных спектакляў Belarus Open
- 16.10.2020
- 3431
Заўтра на міжнародным форуме тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» стартуе наш любімы – бо тутэйшы – шоукейс Belarus Open. Сёлета ён аб’ядноўвае 10 спектакляў, якія ілюструюць, што адбываецца ў актуальным тэатры краіны проста цяпер. Каб пазбавіць цябе пакут выбару, мы распаловілі праграму і выбралі 5 пастановак, якія вартыя ўвагі найперш.
«Прымітывы»
Ок16, 17 кастрычніка
Тэатральны праект выбудаваны на матэрыялах жыцця Алены Кіш (1889 ці 1896 – 1949) – беларускай мастачкі з ваколіц Слуцка, якая зарабляла на жыццё, ствараючы дываны-маляванкі для жыхароў вёсак.
На аснове фактаў з жыцця Алены Кіш, дзённікавых запісаў яе аднавяскоўцаў, газетных артыкулаў таго часу, а таксама разважанняў сучаснікаў-экспертаў нараджаецца вобраз чалавека і часу. Трагічны лёс Алены Кіш (яна скончыла жыццё самагубствам) становіцца падставай не толькі ўспомніць легендарную беларуску, але і звярнуцца да праблем сучаснага соцыуму.
Галоўную і адзіную ролю ў спектаклі выконвае Аляксандр Малчанаў – адзін з самых прыкметных беларускіх акцёраў (іграў у «С училища», а яшчэ калісьці была справа – у нашумелым «Войцэку» Купалаўскага тэатра).
«Сярожа вельмі тупы»
Ок16, 19 кастрычніка
Герой п’есы чакае «пасылачку на працягу гадзіны». Кур'еры прыбываюць у час, але пасылку не аддаюць, з хаты не сыходзяць і кажуць, што, як і дамоўлена, «мы ў вас будзем на працягу гадзіны». Абсурд, але ці ёсць для беларуса штосьці сапраўды абсурднае? Дакучлівыя кур'еры і нечаканая пасылка – усяго толькі метафары сучасных канфліктаў. У чарадзе абсурдных падзей выразна гучыць пытанне свабоды чалавечага выбару, недатыкальнасці яго асабістых межаў і перакананняў – усяго таго, што знаходзіцца ўнутры кожнага(-ай) і не патрабуе агучвання або аспрэчвання з боку кагосьці яшчэ.
Дзмітрый Багаслаўскі будуе сюжэт «Сярожы» на аднайменнай п'есе Дзмітрыя Данілава – лаўрэата «Залатой маскі – 2018» за «Чалавека з Падольска».
Набыць квіткі на «Сярожа вельмі тупы»
«Без пудры»
ТЮГ, 20 кастрычніка
Монаспектакль Кацярыны Аверкавай (якая, дарэчы, робіць фестываль Sprava) на тэму фемінізму і girl power. У цэнтры сюжэту – сучасная жанчына. «Сучасная жанчына» – значыць эфектная, прыгожая, разумная, клапатлівая. «Сучасная жанчына» – значыць зробіць тысячу спраў за палову дня, каб у другой палове паспець яшчэ тысячу, а ўвечары раскажа пра гэта ў блогу і дадасць ідэальны здымак. Пошуку рэальнасці, якая хаваецца за гэтай клішаванай карцінкай, і прысвечаны тэатральны матэрыял: што там – пад пластом пудры адпаведнасці грамадскім чаканням?
Спектакль прымеркаваны да юбілею вядучай артысткі Магілёўскага драмтэатра Галіны Лабанок і ўключае яе біяграфічныя нататкі. Галоўную і адзіную ролю выконвае сама Галіна. Бонус для аматараў паэзіі: гучаць вершы Зінаіды Гіпіус, Вячаслава Іванава, Арсенія Таркоўскага, Веры Паўлавай і Тані Кушнер.
Набыць квіткі на «Без пудры»
«Гоголь. Fatum»
ТЮГ, 21 кастрычніка
Юра Дзівакоў – бадай, самы супярэчлівы рэжысёр беларускага тэатра, і яго працы заўжды суправаджае бурнае абмеркаванне. Раней ён ставіў таго самага «Войцэка» ў Купалаўскім, «Крестовыйпоходдетей», «Песнь Песней» (крытык Аляксей Стрэльнікаў называе апошні сваім любімым спектаклем у Менску).
«Гогаль. Fatum» здарыўся як творчы эксперымент у рэгіянальным тэатры – Дзівакоў паставіў яго ў Гомельскім драматычным. Асаблівай увагі заслугоўвае тут электронна-музыкальнае аздабленне тэатральнага кампазітара Эрыка Арлова-Шымкуса.
Ні ў якім разе не чакай інсцэніроўку класіка. Рыхтуйся падзівіцца на прыгожую фантазію на тэму «Шыняля» ды іншых твораў вялікага ўкраінца, насілкавацца музычна-пластычнымі ўражаннямі і разам са стваральнікамі спектакля паразважаць пра месца чалавека ў жыцці, пра лёс і выпадковасці, пра ўзаемаадносіны з навакольным светам і пра татальную адзіноту «маленькага чалавека».
Жанр спектакля пазначаны як «летаргія» – гэта стан, якога ўсё жыццё страшыўся пісьменнік. Персанажы дзейства сапраўды знаходзяцца на мяжы явы і сну, гогалеўскай фантасмагорыі і рэальнага жыцця.
Набыць квіткі на «Гогаль. Fatum»
«Нейрапластыка. Хто тут?»
Hide, 21 кастрычніка
Новы харэаграфічны спектакль ад кіраўніка тэатра танца «Альтана» Ганны Корзік – гэта зачаравальнае і насычанае дзеянне, сучасны танец, перформанс, імерсіўнасць, абстракцыя. Стваральнікі называюць пастаноўку спектаклем-ускрыццём, прапануючы гледачу «поўнае апусканне ў мозг чалавека, у яго фізіялагічныя і псіхічныя працэсы, у сферу непаўторных узаемасувязей ды рэакцый».
Дарэчы, «Нейрапластыка» – другі ўдзел Ганны Корзік у шоукейсе Belarus Open. Калі ты глядзеў(-ла) у 2017 годзе «Кроткую» Алены Медзяковай, то маеш уяўленне пра Ганну-харэографку.