Магілёў – рок-сталіца Беларусі
- 22.07.2018
- 6219
Магілёў валодае вялікім наборам салідных артыстаў: Akute, BEZ.NOT, Nizkiz і «Сердце Дурака» красуюцца ў музычнай калекцыі горада, ствараючы вобраз рок-сталіцы Беларусі. Мы нырнулі ў музычную гісторыю Магілёва, перашуфлявалі музычныя архівы, распыталі экспертаў і даведаліся, чаму ў горадзе на Дняпры шмат экспартнай музыкі, а яго галоўны жанр – гэта рок.
Папулярнасць магілёўскіх хэдлайнераў расце, як хлеб у печы: Каця IOWA выпускае трэк сумесна з Сержам Танкянам, Nizkiz штурмуюць Atlas Weekend, а Akute атрымліваюць тытул «герояў года». Мы задаліся лагічным пытаннем: чаму ў Магілёве так шмат крутых экспартных груп, прадстаўленых у катэгорыі «рок»? Для адказу прыйшлося з галавой сысці ў музычную гісторыю горада над Дняпром – яе вельмі сціснутую форму мы агучваем у гэтым матэрыяле.
Да даведкі:
«Цэнтр Жывога Рока» – магілёўскае контаркультурнае аб'яднанне, якое займалася экспансіяй рока ва ўсіх формах і значэннях;
«Окорок» – самвыдатаўскі часопіс, прысвечаны рок-музыцы;
«У ціхім віры» – творчае аб'яднанне Клайда Эрмана, засяроджанае на магілёўскіх паэтах, мастаках і музыках;
morok.ru – сайт, прысвечаны магілёўскай рок-сцэне.
Гістарычны экскурс
Музычная эра ў Магілёве пачынаецца з эпохі хіпі: у 80-х магілёўскія «дзецi кветак» вельмі актыўна каталіся па ўсім Савецкім Саюзе і шмат чаго цікавага цягнулі ў свой родны горад – апальнага Юрыя Шаўчука ў 85-м, «Арыю» ў 86-м і мноства іншага дабра.
У канцы 80-х у Магілёве адбылася рок-рэвалюцыя: у 1988 годзе прагрымеў першы міжнародны рок-фестываль «Дыялог» і праз паўгода ў Магілёве з'явіўся рок-клуб, у склад якога ўвайшло аж 12 гуртоў. У гэты ж час у горад прыехаў журналіст Юрый Раманаў, які пачаў выпускаць самвыдатаўскі часопіс «Окорок», які разыходзіўся тысячнымі накладамі па ўсім Савецкім Саюзе, – менавіта тады Магілёў атрымаў неафіцыйны тытул «рок-сталіцы Беларусі».
У 1991-м разваліўся СССР, а разам з ім разваліўся і магілёўскі рок-клуб – цікавасць да рок-музыкі ў насельніцтва згасла, большасць членаў клуба або з галавой сышла ў бытавуху, або рэціравалася за мяжу.
Перыяд з 1992 па 2000 год можна назваць «эрай магілёўскага рок-андэграўнду». З аднаго боку, маштабныя рок-фэсты спарадзілі ўсплёск творчай актыўнасці – у горадзе з'явіўся дзясятак новых груп, з другога, адсутнічала матэрыяльная база для стварэння якаснай музыкі: грошай ні ў кога не было, нармальнай апаратуры і інструментаў – таксама. Затое з'явілася творчая суполка «В тихом омуте» на чале з настаўнікам батанікі і хіміі Клайдам Эрманам – гэта была «сямейная» тусоўка таварышаў-хіпароў, якая змагла накіраваць магілёўскую рок-дзвіжуху ў канструктыўнае рэчышча.
«В тихом омуте» не толькі пакінулі пасля сябе кучу самвыдату і аўдыякасет, але і падштурхнулі да дзеяння кучу людзей: з'явіліся гурты «Место распродажи иллюзий», «Оркестр Меланхолической Музыки Имени Презрения Убийц Святого Себастьяна», Like Suicide і яшчэ добры дзясятак нядрэнных калектываў. Аб'яднанне завяршыла сваю гісторыю фестывалем «Последний Эшелон» – пасля гэтай падзеі аб'яднанне развалілася і на магілёўскім гарызонце замаячыла новая рок-хваля.
Трэцяя рок-эпоха пачалася са стварэння «Цэнтра Жывога Рока» – контркультурнага аб'яднання, якое тварыла самабытны DIY. «ЦЖР» займаўся арганізацыяй выстаў і канцэртаў, выпускаў самвыдат і курыраваў дзясятак магілёўскіх бэндаў – тытул «рок-сталіцы» вярнуўся да Магілёва менавіта са з'яўленнем гэтага аб'яднання.
Перыяд з 2002 па 2010 гады стаў самым плённым у гісторыі магілёўскага рока: у горадзе з'явіліся сотні гуртоў, канцэрты сталі праходзіць з зайздроснай перыядычнасцю. Таксама паўстаў сайт morok.ru, які валодаў штодзённай наведвальнасцю ў тысячу чалавек.
«Цэнтр Жывога Рока», нарабіўшы шуму ў горадзе над Дняпром, сышоў у 2011 годзе на спакой, адкрыўшы дзверы ў сучасную эпоху – тую, якую мы назіраем цяпер.
Экспарт магілёўскай музыкі
Прычыну экспартнай папулярнасці Akute, BEZ.NOT і Nizkiz можна звесці да таго, што гэтыя калектывы знаходзяцца ў перманентным «баявым рэжыме», рэгулярна забяспечваюць фанатаў якасным свежым матэрыялам і жывымі выступамі.
Мы не можам «раскласці па палічках» усю дзейснасць маркетынгавых стратэгій хэдлайнераў магілёўскай сцэны, але можам растлумачыць прычыну папулярнасці некаторых жанраў, прадстаўленых у экспартных гуртах. Да прыкладу, дэпрэсіўна-танцавальны постпанк, які граюць Akute, выдатна адлюстроўвае сусветную пасіянарнасць, а рэгі, якім распараджаюцца BEZ.NOT, прыйдзецца да месца там, дзе не хапае сонца і цёплага вайба – лічы, што практычна ўсюды. А з індзі-попам і альтэрнатыўным рокам, якія зыходзяць ад IOWA і Nizkiz, усё максімальна проста – гэта сучасная музыка, якая знойдзе свайго слухача на любым фэсце.
Эксперты пра музычную сцэну Магілёва:
Рома Жыгараў
бас-гітарыст і аўтар песень гурта Akute
– Магілёў па праве носіць тытул рок-сталіцы: так атрымлівалася, што які-небудзь старэйшы брат твайго другана абавязкова ведаў якога-небудзь дзіўнага чувака з 90-х, які быў якім-небудзь крутых рокерам. Неяк так складвалася, што з'яўляліся канкрэтныя асобы з вялікай літары «А», якія маглі даводзіць справу да нейкага сур'ёзнага выніку, не спыняючыся на выступах у лакальных барах. Такія справы не толькі з рок-музыкай: тут была і наймагутнейшая хардкор-тусоўка, былі і рэперы, якія зараз вельмі папулярныя, – усё рухалася ў розных напрамках. Усё заключалася ў сіле асобы – Андрэй Мажара, Віталь Шум, Юрый Альбертавіч Раманаў і Клайд Эрман рухалі магілёўскую музычную тусоўку.
Калі казаць пра 2018 год, то прывяду просты прыклад: Akute рэпеціруюць перыядычна – у нас няма нейкага пастаяннага часу рэпетыцый, і мы рэпаем тады, калі нам трэба. І я магу сказаць, што часам мы не можам улезці на студыю, таму што яна «забітая» той самай шпаной, якая рана ці позна кагосьці сатрэ з твару Зямлі.
Дзяніс Васількоў
журналіст
– Калі разглядаць постсавецкі час, то магчымасць прывозіць з-за мяжы музычныя інструменты і ладзіць нейкія канцэрты паслужыла моцным штуршком да развіцця магілёўскай музыкі. Вельмі вялікую ролю адыграла тое, што Магілёў нават з-за эканамічных прычын быў вельмі моцна звязаны з Расіяй: людзі, якія ездзілі на заробкі ў Піцер ці Маскву, аказваліся ў вельмі насычаным асяроддзі, слухалі больш музыкі, але, «надыхаўшыся» гэтым асяроддзем, вярталіся ў Магілёў і спрабавалі рабіць нешта сваё.
Калі ўжо казаць пра наш час, то я лічу, што ў нас недастаткова самой музычнай дзвіжухі – у сезон у нас праходзяць два-тры канцэрты з мясцовымі гуртамі, а гэта ўвогуле нішто. Многія музыкі граюць ва ўмоўных «гаражах», і яны кансервуюцца ў гэтых месцах, але, як мы ведаем, колькасць пераходзіць у якасць, і з велізарнай колькасцю музыкаў, якія мігруюць з аднаго калектыва ў іншы, атрымліваюцца класныя каманды, якія мы зараз маем у Магілёве. Гэта хлопцы, якія выйшлі з «нулявых», – прадукт таго, што нават у «вольны час» гэтай свабоды было мала.
Магчыма, справа ў спецыфіцы Магілёва – у нас дастаткова вузкі спектр забаў, і калі ты ўжо схадзіў ва ўсе магілёўскія кафэ і галерэі, абудзіў у сабе цікавасць да музыкі, табе захочацца граць – ты вырашаеш зрабіць свой круты рок-гурт, прыдумаць свой «Smoke on the water» і зрабіць нешта класнае.
Віталь Шум
лідар творчага аб'яднання «Цэнтр Жывога Рока»
– Наогул моцная музычная сцэна ў Магілёве ўтварылася з-за таго, што ў адной пясочніцы з'явіліся асобы, якія пачалі адзін з адным канкураваць. Гэта як з бард-фестывалямі – усе збіраюцца ў адным месцы, тусяць, нечаму вучацца адно ў аднаго і спаборнічаюць паміж сабой. Я б не сказаў, што гэта нейкі талент, – гэта проста працавітасць і ворыва на працягу многіх гадоў. Груба кажучы, калі ты дзесяць гадоў арэш на гэтай ніве, то ты ў выніку і на інструментах навучышся граць, і песні пісаць.
У Магілёве музыкаў падтрымлівалі дзве арганізацыі: «Наше радио» і «Центр Живого Рока». У «ЦЖР» мы не займаліся камерцыяй, а спрабавалі стварыць ясны музычны мікраклімат – рабілі «кватэрнікі», праводзілі начныя канцэрты ў школах. Гэтае асяроддзе, якое развівалася вельмі бурна і прагрэсіўна, аказала моцны ўплыў на музыкаў – утварыўся андэграўнд, з якога камусьці ўдалося выйсці на новы ўзровень.
Другая магілёўская кантора, якая падтрымлівае музыкаў, – гэта «Наше радио», былая хваля 98,6. Калі на радыёстанцыях увялі квоту ў 75% беларускай музыкі, працаўнікі «Нашего Радио» не проста ставілі N.R.M., «Краму» і да т.п., а стараліся актываваць магілёўскі хлопцаў – прышчапіць ім гэты фармат, стварыць магілёўскую сцэну і раскруціць новых персанажаў. BEZ.NOT і IOWA – персанажы з гэтай гісторыі.
У нас было шмат умоў для самарэалізацыі і развіцця. Калі ты адзін на вёсцы, ты не развіваешся, а лысееш і пачынаеш співаецца. У Магілёве ж была канкурэнцыя, людзі былі інфікаваныя вірусам творчасці і завязлі ў музыцы з галавой. Нават паўстаў міф пра тое, што Магілёў – гэта рок-сталіца Беларусі. Гэта легенда, але яна разраслася да таго, што гурты тыпу «ПТВП» былі гатовыя прыехаць сюды ледзь не бясплатна, каб пазнаёміцца з мясцовымі музыкамі. Зараз жа ў горадзе няма музычнага асяроддзя – мала хто выходзіць за межы рэпетыцыйных кропак, гурты там нараджаюцца і там жа паміраюць.
Дзяніс Манёнак
гукарэжысёр студыі «Арзамас-16»
– Я б не сказаў, што ў Магілёве шмат экспартнай музыкі, – ёсць каманды, якія знаходзяцца на годным узроўні, але гэта не следства таго, што ў Магілёве моцная музычная тусоўка. Ёсць тры каманды – BEZ.NOT, Akute і Nizkiz, а потым бах – прорва, на дне якой ляжаць кавер-бэнды. Больш нічога ўцямнага няма – усе астатнія гурты знаходзяцца ў нейкім анабіёзе. Думаю, ва ўсіх гарадах Беларусі падобная сітуацыя.
Легенда пра тое, што Магілёў – гэта сталіца рок-музыкі? З такім жа поспехам можна заявіць пра тое, што Менск – гэта сталіца фістынгу, але гэта не значыць, што гэта праўда. Гэта проста чыёсьці меркаванне, на яго не трэба абапірацца. Зараз рок-музыка наогул не папулярная, а іншай музыкі ў Магілёве банальна няма.
Сяргей Кульша
бас-гітарыст гурта NIZKIZ
– Музычны варушняк у Магілёве быў у канцы 2000-х, а цяпер у нас спад. Тады было модна граць гітарную музыку, а цяпер усе перакінуліся ў хіп-хоп і нават музыку робяць у сябе дома. Раней жа моладзь актыўна рэпетавала на рэпетыцыйных кропках, стварала гурты і давала канцэрты.
Зараз у Магілёве няма пляцовак, на якіх маладыя каманды маглі б пра сябе заявіць, а раней быў той жа «Второй эшелон» – фестываль, які «ЦЖР» арганізоўваў для калектываў-пачаткоўцаў. Фестываль быў настолькі папулярны, што моладзь спецыяльна збіралася ў групы для таго, каб на ім выступіць, – такая дзвіжуха была.
Поспеху тут дабіваецца той, хто не забівае на музыку. Я на сваёй рэпетыцыйнай базе гадоў дзесяць знаходжуся, і я проста назіраю, як некаторыя калектывы распадаюцца з-за бытавых праблем і банальнай ляноты – таленавітыя людзі не рэалізоўваюць сябе і займаюцца нейкім глупствам.
Галоўная фішка экспартных магілёўскіх бэндаў у тым, што яны ўмеюць працаваць і маюць мэту, да якой упарта рухаюцца. Як тая ж Каця Іванчыкава, вакалістка IOWA, – яна сама з горада Чавусы, але пры гэтым увесь час аўтастопам ездзіла ў Магілёў на рэпетыцыі, а пазней уначы вярталася дадому спынам. Гэта сведчыць аб упартасці і жаданні займацца справай – некаторыя прапускаюць рэпетыцыі, жывучы ў некалькіх кроках ад рэпбазы.
Фота: Таня Капiтонава
Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з праектам #ЕСдляБеларусі. Еўрасаюз не нясе адказнасці за матэрыялы, падрыхтаваныя партнёрамі праекту.
КАМЕНТАРЫ (2)
салідарная з папярэднім аратарам
Добры артыкул пра Магілёў! Люблю свой родны горад.
Адзіная паправачка: Шум па факце - піздлівы підар, не цярплівы да чужой думкі і чужога поспеху.