«Мяркую, мужчыны ў спадніцах – гэта і ёсць людзі нашай будучыні. Нават калі гэта пакуль што толькі ўяўныя спадніцы на ўяўных мужчынскіх целах. Сукенка нясе вызваленне – і не толькі ад задухі, але і ад глупства і забабонаў». Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч – пра тое, чаму беларускія мужчыны зайздросцяць беларускім жанчынам. Чытай новы тэкст з калекцыі «Таемнага госця»!
Ёсць такі палітычны лозунг: «Не зайздросцім нікому!»
Харошы лозунг. Абсалютна слушны, калі ўдумацца ў яго як след і забыць пра палітыку.
Але палітычныя падзеі забываюцца лёгка. А ты паспрабуй забудзь пра ліпучую менскую задуху. Тую задуху, што пануе над намі, быццам нехта сеў проста на нос горада сваім мяккім месцам.
Душна. Менск пахне гарачым камунальным душам і потам спартовай раздзявальні.
Душыць сушылкамі сваіх млявых вятроў.
Разам з гэтай задухай і прыходзіць яна, зайздрасць.
Зайздрасць да жанчын і шатландцаў.
Старажылы, пэўне, памятаюць, як годзе гэтак у 2005-м у Менск прыязджала футбольная зборная Шатландыі, каб згуляць супраць нашых. Здаецца, быў чэрвень: Менск раптам апанавалі лысыя мужыкі ў спадніцах, шатландскія фаны, якія, выпіўшы ў «Цэнтральным» па тры літры «Аліварыі», горда мачыліся ў найбліжэйшых кустах. Проста пад позіркамі ўсялякіх дзяржынскіх, не здымаючы кілтаў і не расшпільваючы перад агаломшанымі менчукамі нічога, апрача сваіх кельцкіх душаў. Госці сталіцы радасна дэманстравалі нам перавагі нацыянальнага касцюму – і мы ім зайздросцілі. Вось гэта – Еўропа, думалі мы тужліва. Вось гэта культура. Нацыянальная па змесце і дэмакратычная па форме. Ці наадварот. Нам бы так…
«Паспрабаваў уявіць сябе ў сукенцы. У лёгкай летняй сукенцы вышэй за калена з голай спінай. Такая свабода ў рухах, такая воля ў чрэслах… Такая яснасць думак…»
Футбол футболам, Еўропа Еўропай, а fucking факт застаецца фактам: кожнае лета беларускія мужчыны зайздросцяць беларускім жанчынам.
Дакладней, іхным лёгкім і зручным апранахам, у якіх значна прасцей супрацьстаяць задусе, няпрусе, запрэласці і іншым прэлесцям лета.
Вядома, мужыкі ўсяляк імкнуцца гэтага не паказваць. Яны зайздросцяць бабам употай, лютай, валасатай мужчынскай зайздрасцю, яны затаўклі гэтую сваю зайздрасць у шорты і схавалі яе ў густых бародах.
Але мы храновыя акторы, вось у чым штука. Потныя гетэрасэксуальныя храновыя акторы ў недарэчнай і архаічнай вопратцы. Мы хочам новыя сукенкі. А нам не даюць. Не даюць, сукі. Вось у чым вапрос.
Прыгледзься: вось па праспекце нясецца мужык на матацыкле. Ён такі, як ты. Адзін з нас.
З якой асалодай ён надзеў бы зараз празрыстую сукенку з адкрытымі плячыма, тонкую белую сукенку крыху вышэй за калена, з дэкальтэ, у якое лілося б шчодрае сонца, ці з выразам на спіне, сукенку, пад якую заглядваў бы вольны вецер. І ніякага табе станіка.
Толькі стан лёгкасці і лагоды, поўнае зліццё з гарадской прыродай.
Ці вось іншы персанаж у тыпова гарадской уніформе: джынсавыя шорты, маечка, сандалікі. Стаіць у тралейбусе, яйцы пачухвае, думае, ніхто не бачыць. Свярбяць, свярбяць гендарныя стэрэатыпы, ціснуць, як шорцікі, макрэюць, як маечка, смярдзяць, як сандалікі. Стаіць, небарака, церпіць, марыць. Пра тое, з якім задавальненнем памяняў бы шорцікі на спадніцу. Простую баваўняную спадніцу, сцяг свабоды.
Мяркую, мужчыны ў спадніцах – гэта і ёсць людзі нашай будучыні. Нават калі гэта пакуль што толькі ўяўныя спадніцы на ўяўных мужчынскіх целах. Сукенка нясе вызваленне – і не толькі ад задухі, але і ад глупства і забабонаў.
Недзе на маім нэтбуку вісяць першыя раздзелы новай кніжкі, дзеянне якой адбываецца ў 2049 годзе. Адзін з галоўных герояў, увасабленне мужчынскасці, заўжды ходзіць у сукенцы – чорнай сукенцы да калена. А тонкую азіяцкую бародку падвязвае серабрыстым матузком. Вось каго кахаюць усе жанчыны ў гэтым рамане. Вось каго яны хочуць. А зусім не кансерватара Бюхмана, які назло ўсім носіць плячысты пінжак, старажытныя штаны і майткі з 2016-га. А ў Беларусі тым часам народ паўтарае новую прыгаворачку: «Не ў сукенцы – не мужык».
Вядома, маючы ў галаве такія дурныя думы, я аніяк не мог прамінуць учорашняе мерапрыемства ў галерэі «Ў». Надта ўжо спакушальна яно было анансавана: «Сукенка для сусвету. Дэманстрацыя калекцыі мужчынскіх сукенак». Ішоў паглядзець на сукенкі, а трапіў на перформанс. Некалькі знаёмых і сімпатычных людзей прадэфілявалі ў чорных сукнях перад публікай, сталі за сталы і доўга, невыносна доўга церлі келіхі. Сукенкі на мужыках выглядалі як тогі – ці як нейкія будысцкія плашчы. Эх… Не, не за такія сукенкі я змагаюся гэтым тэкстам… Не за гэтыя прыгожыя балахоны. З іншага боку, а чаго я чакаў – кардэбалету?..
Паспрабаваў уявіць сябе ў сукенцы. У лёгкай летняй сукенцы вышэй за калена з голай спінай. Такая свабода ў рухах, такая воля ў чрэслах… Такая яснасць думак… Карацей, паскудства, брат, і не пытайся. Сам я сукенку ніколі не надзену. Што я, вычварэнец які?
Га? Ды мае штаны і пінжак мне мілейшыя за ўсе бабскія адзёжкі. Мае шкарпэткі пахнуць упэўненасцю.
А вы – вы дзярзайце. Вы маладыя, вольныя духам, адважныя, за вамі будучыня. Каму, як не вам, суворым мужчынам у сукенках, будаваць яе – нашу сінявокую, з прынтамі, льняную, паркалёвую, поліэстэравую Беларусь.
Альгерд Бахарэвіч наведвае D.I.Y.-бар на Зыбіцкай і трапляе на панк-вечарынку.
Гэтым разам «Таемны госць» разважае аб прыгажосці краіны, эскапізме і пачуцці віны ў гарадскіх людзей.
Альгерд Бахарэвіч прымярае на сябе ролю рэвізора і наведвае кнігарню «Сон Гогаля» на вуліцы Леніна.
«Менскае лета – як сад сцяжынак, што разыходзяцца ўва ўсе бакі, і заблукаць у іх – абавязак кожнага культурнага чалавека». Новая калонка Альгерда Бахарэвіча.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.