Чаго здольныя дамагчыся суседскія супольнасці?

  • 11.11.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 4125

«Менская ўрбаністычная платформа» ладзіць серыю анлайн-лекцый па добраўпарадкаванні двароў #нашидворы. У першым выпуску кіянін Паўло Калюк падзяліўся вопытам арганізацыі сапраўднага «нэйбархуда» ў сябе на раёне. Для тых, хто хоча зрабіць свой двор не менш прыемным, але зум-сесію прапусціў(-ла), 34 заканспектаваў самае галоўнае.

 

У англійскага слова «neighbourhood» няма аналагаў ва ўкраінскай або беларускай мове. Яно азначае геаграфічна лакалізаваную супольнасць унутры горада, жыхары якой знаёмыя адно з адным, могуць сумесна вырашаць праблемы месца, у якім жывуць, і рабіць яго лепшым. З пэўнага часу дваровыя супольнасці пачынаюць фармавацца і ў нас. Пры гэтым яны не ўпісваюцца ў рамкі мікрараёнаў, межы якіх гістарычна прыдуманыя зверху.

У жніўні 2014 года Паўло Калюк разам з Воляй Закрэўскай стварылі супольнасць «Падаляначка», закліканае аб'яднаць жыхароў Старога Падола ў Кіеве. Простая і трапная назва стварала агульную ідэнтычнасць, а група ў Facebook стала неабходным пунктам зборкі неабыякавых жыхароў. Цяпер у «Падаляначцы» – больш за 5700 чалавек, а ў жаданні прачуць магію добрасуседства ў раён наязджаюць госці з усяго горада – разам з мясцовымі яны глядзяць разумнае кіно ці проста тусуюцца на акуратным газончыку.

 

 

Навошта трэба ведаць сваіх суседзяў?

  Усім спачатку здаецца, што змены нараджаюцца на ўзроўні вялікіх структур, накшталт партый. Але падумай сам(-а): якая справа партыі да твайго двара, калі ў ім не жыве яе заснавальнік(-ніца)?

  Уласны двор становіцца цікавым для яго жыхароў у той момант, калі яны перастаюць думаць пра яго, як пра транзітную зону ў цэнтр або да лакацый прыцягнення, накшталт паркаў і мастацкіх галерэй. Людзі глядзяць вакол і задаюцца пытаннямі: што знаходзіцца каля мяне, хто тут жыве, як нам жыць разам, чаго мы можам дасягнуць сумеснымі намаганнямі?

  Важна ўсвядоміць унікальную ролю суседа. Так, гэта не той чалавек, на дзень нараджэння якога табе нельга забыцца, але вы шэрыце з ім агульную тэрыторыю, а значыць у вас патэнцыйна ёсць агульны інтарэс – гэтую самую тэрыторыю паляпшаць.

  Базавы ўзровень паляпшэння, неабходнасць якога зразумелая кожнаму(-ай), – бяспека: добра, калі ў двары адчуваеш сябе абароненым, ноччу тут ярка свецяць ліхтары, а днём не лётаюць, што дурныя, машыны. Наступны ўзровень паляпшэння – эстэтычны. Двор можа стаць якаснай прасторай для баўлення часу. Тут могуць праходзіць канцэрты, паказы дыяфільмаў, гаражныя распродажы і спаборніцтвы па пінг-понгу.

  Кожны чалавек можа стаць кропляй у акіяне агульнага. Калі захоча. Тут важна: а) знайсці сваіх і б) збіцца ў купку.

 

Як развіваецца добрасуседства?

  Спачатку людзі знаёмяцца і пазнаюць, хто ёсць хто. Суседская супольнасць дазваляе вырашаць такія базавыя рэчы, як тэрміновы пошук сантэхніка ў суботу ўвечары. Замест жэсаўскай цяганіны можна мець пад рукой кантакт чалавека, які побач і які арыентуецца ў лакальнай праблематыцы.

  Далей з'яўляюцца ідэі, а на добрыя ідэі рэсурсы, як правіла, «намагнічваюцца». Напрыклад, вы прыдумалі зрабіць сцены пад'езда высокамастацкімі. Усё, што вам трэба, – гэта фарба і мастак(-чка) з эскізам, які суседзям падабаецца.

  Круг салідарнасці пашыраецца за кошт пралакальных бізнэсаў, якія таксама зацікаўленыя ва ўзаемадзеянні (хоць не ўсе з іх гэта ўсведамляюць). Выдатна, калі ў людзей фармуюцца рытуалы накшталт ранішняга кубка какавы з кавярні ля дома, а з супрацоўнікамі гэтай кавярні ладзяцца смалтокі. Так людзі абменьваюцца інфармацыяй: не толькі навінамі, але і пра свае кампетэнцыі, напрыклад, ён табе – какаву, а ты яму – дапамогу ў пошуку класнай арэнднай кватэры.

  Калі асяроддзе ўжо «размарозілі», можна прыступаць да работы над чужымі памылкамі – выпраўляць тое, што не падабаецца. Рабяты з Падола, напрыклад, прывялі ў парадак закідку, што стаяла аблепленая рэкламай і мазоліла вочы. Агульная праца – выдатны каталізатар цёплых адносін: людзі бачаць іншых людзей, якім не ўсё роўна, яны працуюць разам, камунікуюць у працэсе – цяпер ім значна лягчэй уключыцца ў рашэнне наступнай задачы.

  Час заўсёды правярае суседскую супольнасць на ўстойлівасць. Разбіць агарод захоча шмат хто, а вось штодня надаваць яму ўвагу – адзінкі самых адданых. Трэба думаць, як падмацняць рэгулярнасць. Хай супольнасць развіваецца павольна, але яна павінна развівацца кожны дзень.

  Калі экзамен на ўстойлівасць здадзены, супольнасць пачне прыцягваць магчымасці. Людзям з грашыма будзе зразумела, што яны могуць укласціся ў нейкі праект тут і на ім не прагарэць.

  У рэшце рэшт прастора пачне акумуляваць падзейную энергію, а любая падзея – няхай гэта будзе канцэрт ці сумесны прагляд дакументалкі – гэта новая нагода для збліжэння: бо ўбачанае абавязкова захочацца абмеркаваць.

 

 

Што здольныя вырашаць раённыя суполкі?

  Людзі маюць права ўплываць на асяроддзе, таму што асяроддзе ўплывае на іх. Доўгая барацьба з тым, што не задавальняе, ідзе толькі на карысць супольнасці: людзі збліжаюцца ў агульнай бядзе.

  Сумесныя намаганні людзей аказваюцца плённымі, напрыклад, у выпадку, калі трэба паўплываць на «недружалюбны» бізнэс. Рэстаран перашкаджае пешаходам летняй верандай, якая займае ўвесь тратуар? Адзін абураны голас пачуты не будзе. Дваццаць – амаль заўсёды так.

  Знакаміты прынцып, які варта ўзяць на ўзбраенне, калі даводзіцца ўзаемадзейнічаць з мясцовай адміністрацыяй: нічога для нас – без нас. Першы адкрыты канфлікт у «Падаляначкі» з чыноўнікамі здарыўся праз тое, што ў раёне без якога-небудзь папярэджання раптам абгарадзілі фантан. Жыхары насцярожыліся: што гэтыя чыноўнікі задумалі? Яны выйшлі на вуліцу, хтосьці агароджу паваліў. Калі б усё было агаворанае на беразе, канфлікту ўдалося б пазбегнуць. З іншага боку, канфлікт у публічнай прасторы ўзмацняе веру ў групу.

  Што можна зрабіць з пусткай? Для пачатку прыбрацца. Потым – сустрэцца і абмеркаваць яе патэнцыял. Менавіта так нарадзіўся праект «Самасад» на Падоле: цёмную, брудную, маргіналізаваную прастору рабяты ператварылі ў гарадскі сад-агарод. Без усялякіх грантаў: скрыні папрасілі ў прадаўцоў на рынку, расаду і зямлю прывезлі мясцовыя дачнікі. «Самасад» атрымалася зрабіць месцам прыцягнення і канцэнтрацыі энергіі.

 

Як сабраць суседзяў і не страціць іх зноў?

  «Падаляначка» пачыналася ў Facebook. Яе стваральнікі дадалі ў групу агульных сяброў і ўсіх знаёмых жыхароў раёна, а таксама людзей, якія працуюць, напрыклад, у мясцовых школах. Спачатку ўдзельнікаў набралася 200. Цяпер іх колькасць пераваліла за 5700.

  Важна пастаянна расці. Інфармацыю пра дваровую групу або чат можна прасоўваць і ў афлайне: сустрэў(-а) чалавека са свайго раёна – раскажы яму пра супольнасць.

  На камунікацыю трэба закладваць час, а весці групы трэба свядома. Узяўся(-лася) – рабі.

  Важна сфармуляваць правілы камунікацыі і сачыць за тым, каб людзі іх прытрымліваліся. Калі суполка ператвараецца ў дошку бясконцых аб'яў пра згубленых сабак і пошук кватэр, людзі пачынаюць м’юціць новыя паведамленні і выпадаць з кантэксту наогул.

  Трэба зрабіць камфортнае асяроддзе. Так, у фэйсбуку аднатыпныя тэматычныя пасты можна каталагізаваць, і тады страчаныя сабакі будуць знаходзіцца ў адной галінцы. У тэлеграме варта дамовіцца, каб паведамленні пісаліся адным асэнсаваным мэсэджам, а не па слове ў радок. І ўсюды клас – пазначыць, што ў групе раёна абмяркоўваецца жыццё раёна, а не краіны або планеты (агульныя навіны можна пачытаць прыкладна паўсюль).

  Мадэрацыя – важны момант. Усім членам супольнасці прыйдзецца жыць побач адно з адным, таму палітычная бітва ў чаце не нясе ніякага канструктыву. Разбураныя масты аднаўляюцца доўга. Лепей зрабіць усё магчымае, каб яны не разбураліся.

 

У чым галоўны сакрэт паспяховых нейбархудаў?

  У тым, што іх ініцыятары не спыняліся на простых адказах на складаныя пытанні. «Чаму ў нас так дрэнна?» – «Ой, гэта ўсё менталітэт!» – не трэба так. Варта капаць далей, каб атрымліваць задавальненне ад разгадвання рэбусаў, якія загадвае табе твой мікрараён.

 

Канспект лекцыі ад Паўло Калюка на рускай мове можна пачытаць на сайце «Менскай урбаністычай платфомы». Сачыць за івэнтамі каманды зручна на Facebook.

 

Фота: palasatka