Наша новая гераіня – Дыяна – нарадзілася хлопчыкам. Але яна з дзяцінства не адчувала сябе натуральна ў такім целе, таму ёй давялося перажыць здзекі ў школе, пачуццё самоты і некалькі аперацый для таго, каб ці не ўпершыню адчуць сябе шчаслівай. Дыяна пакрокава распавядае, як стала транссэксуалкай.
Дыяна:
Мае змены – гэта не жаданне стаць асаблівай або адрознівацца ад усіх. Гэта жаданне выглядаць так, як я адчуваю сябе ўнутры. З самага дзяцінства ў мяне былі жаноцкія рухі, звычкі, інтарэсы, манера зносін. Таму ў мяне ўзнікалі канфлікты з аднагодкамі. Мама абсалютна адэкватна да гэтага ставілася, таму што ўжо ў 2-3 гады я не паводзіла сябе як хлопчык.
Калі пачаўся пераходны перыяд, у мяне быў дысананс: я не разумела, чаму пачалі расці плечы і ламацца голас. Гэта было жудасна і выклікала дыскамфорт. Да 17 гадоў я чакала, калі змагу пераехаць у Менск і стаць самой сабой. Пасля некалькіх гадоў гармонатэрапіі і фемінізуючых пластык я адчуваю сябе камфортна ў сваім целе. Але ўсё ж мне яшчэ трэба будзе перажыць некаторыя кардынальныя змены ў сабе.
Пераходны перыяд
Вырашыцца на змену полу было складана, таму што раней я была прывабным маладым чалавекам і прывыкла, што да мяне добрага ставіліся. Усё ж такі прыгожым людзям жыць прасцей. І я разумела, што калі стану дзяўчынай, то не буду такой жа прыгожай, як раней – у целе хлопца. Так, гэта эгаістычна. Але мяне мучыла думка: «А што, калі я прачнуся ў 40 гадоў і зразумею, што пражыла няшчаснае жыццё?»
У студэнцкія гады я выглядала як андрагін, таму што маё цела яшчэ не было занадта «мужчынскім». Але потым узрост пачаў браць сваё. У мяне пачаліся дэпрэсіі: я не хадзіла ва ўніверсітэт, мне было сорамна з'яўляцца на людзях. І тады адзін чалавек сказаў фразу, якая стала вырашальнай: «Трэба быць альбо мужчынам, альбо жанчынай. Тыя, хто знаходзяцца “паміж”, жывуць нешчасліва».
З пачаткам пераўвасаблення ў жыцці з'явіўся сэнс. Да гэтага я проста існавала. Я была недастаткова жаноцкай, каб падабацца хлопцам, і недастаткова мужнай, каб падабацца дзяўчатам. А самай галоўнай каштоўнасцю для мяне заўсёды было ўзаемнае каханне. Цяпер яно ёсць, і я шчаслівая.
Твар
Я ўсё рабіла паступова: лазерная эпіляцыя, прыём гармонаў, адпусканне валасоў, догляд за скурай. Гармоны я стала прымаць два гады таму, у свой дзень народзінаў. У той жа дзень я стэлефанавалася з мамай па скайпе, і яна сказала: «Калі ты будзеш шчаслівая, то рабі тое, што лічыш патрэбным».
У маім выпадку гармонатэрапія дазволіла целу перастаць выпрацоўваць тэстастэрон і не развівацца па мужчынскім тыпе. Але ў самім арганізме нічога не памянялася. Пасля гэтага я зрабіла першую аперацыю – фемінізуючую тварную хірургію. Гэта змена формы чэрапа – усё ж такі ў мужчын і жанчын яна адрозніваецца. І калі да гэтага я апраналася ў вопратку ўнісэкс, то пасля пачатку прыёму гармонаў пачала апранаць больш жаноцкія рэчы. Гэта называецца full time – калі ты цалкам жывеш у адпаведнасці з гендарам, з якім сябе атаясамліваеш.
«Трэба спілаваць кадык для таго, каб ужо цалкам расслабіцца»
Спачатку я змяніла форму носа і зрабіла яго больш вузкім. Таксама мне прыбралі гарбінку. Потым падраўняла падбародак – раней ён быў квадратным, а стаў больш плаўным. Аперацыі рэкамендуецца рабіць раз на паўгода, і прыкладна так я і рабіла.
Скулы ў мяне свае. Мне не прыйшлося выдаляць зубы, каб зрабіць іх вострымі. Што тычыцца вуснаў, то я зрабіла толькі адзін укол у верхнюю губу. Ніжняя і так пухлая. Валасы свае – адпусціла. Шнар на твары з'явіўся ў дзяцінстве, і мне б хацелася ад яго пазбавіцца.
Засталіся яшчэ некалькі нюансаў, якія я хачу падправіць. Напрыклад, трэба спілаваць кадык, хоць ён у мяне і невялікі. Проста для таго, каб ужо цалкам расслабіцца.
Грудзі
Большасць аперацый я зрабіла ў Беларусі, але за больш сур'ёзнымі трэба ехаць, напрыклад, у Маскву. Так адбылося з грудзьмі: колькі б я ні піла гармоны, яна б сама па сабе не павялічылася.
Калі пасля аперацыі я прачнулася і адышла ад анестэзіі, было вельмі дзіўнае адчуванне. Цягліцы нацягнуліся, я не магла паварушыць рукамі, таму што з'яўляўся жудасны боль. На мне ляжалі вялізныя мяшкі з лёдам, якія дапамагалі астудзіць грудную клетку. Інакш маглі б з'явіцца ацёкі і зрушэнне імплантаў.
Дома я забылася прыняць абязбольвальнае, і калі зрабіла некалькі крокаў, то ледзь не страціла прытомнасць ад жудаснага болю. Любы рух рук выклікаў дзікі дыскамфорт, але ўжо на дзясяты дзень я змагла танцаваць. Цяпер усё добра, толькі сплю крыху па-іншаму.
Цела
Пасля гармонатэрапіі цела стала развівацца па жаночым тыпе: тлушчавыя адклады цяпер узнікаюць не на жываце, а на сцёгнах. З'явіўся цэлюліт. Але ўсё адно ёсць рэчы, якія нельга змяніць: напрыклад, шырыня плячэй і таза.
«Я зрабіла толькі адзін укол у верхнюю губу. Ніжняя і так пухлая»
З сур'ёзных аперацый мне засталося зрабіць толькі адну – па змене полу. Гэта вельмі сур'ёзнае хірургічнае ўмяшанне і велізарная нагрузка на арганізм. Яе я буду рабіць дзесьці за мяжой: у Германіі, Нідэрландах, Ізраілі або Тайландзе.
Татуіроўкі
Першая тату – месяц. З 14 гадоў я часта была зусім адна дома: бацькам даводзілася з'язджаць, а бабуля ўлетку жыла на лецішчы. Тады я глядзела шмат анімэ, і звычайна гэта адбывалася па начах. З-за таго, што ў мяне асабліва не было сяброў, месяц быў маім адзіным спадарожнікам. Я размаўляла з ім, дзялілася думкамі. Вядома, без фанатызму. Месяц ператварыўся ў мой талісман. Яшчэ ў мяне ёсць маленькі рытуал: кожны раз, калі бачу месяц, падымаю ўверх руку з гэтай татуіроўкай.
Потым з'явіўся гатычны касцёл – не які-небудзь канкрэтны, а які складаецца з некалькіх элементаў. У ім трохі Кёльна, Нотр-Дама ды іншых сабораў.
Апошнюю татуіроўку я зрабіла дзесьці паўтара месяца таму. Я лічу гэты малюнак адлюстраваннем майго ўнутранага свету. Ён таксама мой амулет.
Наступствы
Цяпер я шчаслівая, падабаюся сабе, убудоўваюся ў соцыум. Шкада толькі, што ўжо пару гадоў я не бачылася са сваімі бабулямі і дзядулямі. Мы вельмі любім адно аднаго, але ім будзе цяжка прыняць змены, якія адбыліся са мной. Усё ж яны людзі савецкай загартоўкі. Таму мы толькі стэлефаноўваемся, і яны вельмі сумуюць, што не бачаць мяне. Калі гаворым па тэлефоне, я стараюся не выкарыстоўваць словы, якія падкрэсліваюць мой род.
Каханы малады чалавек з'явіўся ў маім жыцці адразу пасля таго, як я зрабіла фемінізуючую аперацыю. Я вельмі ўдзячная яму за тое, што ён перажыў гэта разам са мной. Назаўжды запомню наш першы паход у кіно: калі ён пацалаваў мяне ў шчаку, я ледзь не памерла ад сумесі шчасця і страху.
Мы – гэта тое, з чаго складаецца наша мінулае. Маё жыццё ў целе хлопца – гэта таксама частка жыццёвага вопыту, які я не спрабую забыць або выкрасліць. Гэта жыццё «да». Змянілася я толькі вонкава, а ўнутрана засталася тым жа чалавекам, якім была. Толькі адчуваю сябе значна вальней. Цяпер чакаю новыя дакументы.
«Нядаўна незнаёмы падлетак на ўсю вуліцу закрычаў: “Трансвестытка!”»
У Беларусі ёсць такая праблема, што ўсім да ўсяго ёсць справа. Абавязкова трэба пакапацца ў чужой ніжняй бялізне. Некаторым людзям проста неабходна выказаць тое, што яны думаюць. Аднойчы мне напісаў нейкі чалавек: «А мы тут абмяркоўвалі цябе з чуваком з Магілёва».
Напрыклад, нядаўна незнаёмы падлетак на ўсю вуліцу закрычаў: «Трансвестытка!» Але трансвестыт – гэта чалавек, які пераапранаецца ў адзенне іншага полу, а я транссэксуалка. Так што часта людзі робяць такія каментары проста з-за неадукаванасці. Ды і наогул, чаму б проста не ўспрымаць людзей такімі, якія яны ёсць? Магчыма, гэта з-за таго, што многія людзі тут няшчасныя. Шчаслівыя людзі не будуць пляткарыць.
«Калі раптам застанешся без нагі, табе давядзецца прабегчы марафон». Фотабіяграфія гукарэжысёра без рук.
Пара бодзімадыфікатараў крок за крокам распавядаюць пра свае змененыя целы.
Запускаем серыю інтымных інтэрв’ю, у якіх за герояў кажуць іх уласныя целы.
Паміж чайлдфры і «яжмаці»: як выглядае цела дзяўчыны падчас цяжарнасці?
Размова з прызёркай World Press Photo.
Варушняк без пафасу і алкаголю.
З 23 красавіка па 4 траўня.
Каму смачныя цукіні з градкі ў горадзе?
Сугучча беларускай культуры і культуры вулічнай.
КАМЕНТАРЫ (1)
Какая красивая девушка!