Што трэба ведаць пра смяротнае пакаранне ў Беларусі?

Ці ведаеш ты, што Беларусь – гэта адзіная краіна ў Еўропе і СНД, дзе людзей забіваюць стрэлам у патыліцу ў якасці вышэйшай меры пакарання? Пакуль Беларусь працягвае выносіць смяротныя прысуды, мы разбіраемся ў нюансах пакарання. Навошта ў Беларусі ўсё яшчэ існуе смяротнае пакаранне, ці праўда, што каты не ведаюць, хто з іх стрэліць насмерць, і ці ёсць магчымасць уратавацца – у свежым выпуску рубрыкі «Працэс».

 

Што такое смяротнае пакаранне ў Беларусі?

 

Смяротнае пакаранне – гэта пазбаўленне жыцця чалавека ў якасці пакарання за здзейсненыя ім злачынствы. У Беларусі гэта расстрэл.

У мірны час смяротнае пакаранне прымяняецца за 12 катэгорый злачынстваў, у ваенны – за 2.

Смяротнае пакаранне дасталася Беларусі яшчэ з часоў СССР. На рэферэндуме 1996 года 80% прагаласаваўшых выказаліся за захаванне смяротнага пакарання.

 

Чаму яно існуе?

У шмат якіх кірунках Беларусь кансерватыўная краіна. Гэты кансерватызм захаваўся і ў нашай крымінальнай сістэме.

Юрыдычная база Беларусі мае шмат вытокаў з савецкага права. Адтуль перайшло і смяротнае пакаранне. Нават тое, што родным не паведамляюць месца пахавання, нагадвае савецкія рэпрэсіі 30-х гадоў.

Смяротнае пакаранне – адзін з «лотаў» падчас палітычных перамоваў з Захадам. Калі Беларусь перажывае перыяд «адлігі», то ўлады часта гавораць, маўляў, мы ўжо на фінішнай прамой да скасавання. Калі палітычная кан'юнктура ў Беларусі мяняецца ў бок усходняга суседа, то прадстаўнікі ўлады адразу мяняюць тон размоў.

Беларусь не можа далучыцца да Рады Еўропы з-за наяўнасці смяротнага пакарання. Гэта кепска тым, што беларусы не могуць звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Праз ЕСПЧ грамадзяне маглі б адсудзіць матэрыяльную кампенсацыю ў дзяржавы за парушэнне сваіх правоў, што актуальна для Беларусі з дэкрэтам аб дармаедах, парушэннем права на мірныя сходы і сітуацыі з палітвязнямі.

 

За што?

Пералік дастаткова сур’ёзны. Найбольш часта ўзгадваюць артыкул 139 частка 2 – забойства двух асоб ці больш, забойства з асаблівай жорсткасцю.

Толькі адзін раз у гісторыі незалежнай Беларусі быў вынесены смяротны прысуд па справе «тэрарызм». Так, гаворка ідзе пра гучную справу Кавалёва і Канавалава за выбух у менскім метро.

Па сваёй цяжкасці злачынствы, па якіх можна трапіць на смяротнае пакаранне, ніяк не адрозніваюцца ад тых, за якія выносяць пажыццёвы прысуд. Смяротнае пакаранне выносіцца, грунтуючыся на асабістым меркаванні суддзі.

 

Хто ў зоне рызыкі?

Толькі мужчыны. Жанчын не забіваюць.

На момант вынясення прысуду падазронаму мусіць быць 18 год, а на момант прывядзення пакарання – не больш за 65.

 

Працэс

Прысуды прыводзяць у выкананне ў СІЗА №1 па вуліцы Валадарскага. Людзей з іншых гарадоў Беларусі таксама звозяць сюды.

Усе дэталі, звязаныя са смяротным пакараннем, засакрэчаныя.

Наколькі вядома праваабаронцам, прысуды адбываюцца ўначы.

Месцы пахавання забітых дагэтуль невядомыя. Гэтую інфу не выдаюць нават сваякам. Раней у пасведчанні аб смерці ставілі прочырк, зараз пішуць «адбыў у адпаведнасці з прысудам».  

Расстрэльваюць некалькі чалавек. І расповеды пра тое, што каты не ведаюць, хто дакладна з іх стрэліў на смерць, – легенды. Аніякіх халастых патронаў няма.

Асуджаных ставяць на калена і страляюць у патыліцу.

Акрамя саміх катаў на месцы выканання прысуду знаходзіцца пракурор, які адсочвае законнасць, доктар, які канстатуе смерць і робіць агляд. Па жаданні чалавека можа прысутнічаць святар.

 

Як абскардзіць?

У 10-дзённы тэрмін можна напісаць зварот у Вярхоўны суд, аднак гэта малаэфектыўна.

Іншы метад – прашэнне аб памілаванні прэзідэнту. Ён яго разглядае і вырашае: пакараць ці памілаваць. За ўсю гісторыю з больш за 400 расстраляных памілавалі толькі аднаго чалавека.

Памілаванне не азначае, што асуджанага вызваляюць. Замест гэтага чалавека пераводзяць на пажыццёвы тэрмін.

 

Статыстыка

У параўнанні з ліхімі 90-мі сітуацыя крута змянілася. Не ў апошнюю чаргу з-за зменаў беларускай крымінальнай сітуацыі. Калі ў 90-я каралі каля 40 чалавек у год, то ў апошнія гады расстрэльваюць у сярэднім 3-4 чалавекі ў год.

Смяротнаму пакаранню ўвялі альтэрнатыву – пажыццёвыя і доўгія тэрміны. Напрыклад, у 1990-я максімальны тэрмін прысуду быў 15 гадоў. Зараз – 25 гадоў.

 

У якіх краінах яшчэ?

Смяротнае пакаранне існуе ў розных краінах з рознымі тыпамі палітычнай сістэмы: і ў Паўночнай Карэі, і ў розных штатах ЗША, у Японіі і Індыі. Агулам 58 краін захоўваюць смяротнае пакаранне як у заканадаўстве, так і на практыцы.

Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе яшчэ выконваецца на практыцы смяротнае пакаранне. Тым часам яго ўжо адмянілі ў Туркменістане і ва Узбекістане. 

 

Чаму трэба скасаваць?

Адна з галоўных прычын – магчымасць судовай памылкі і немагчымасць яе выправіць.

Сам факт існавання інстытуту легальных забойцаў – катаў – яшчэ адна з прычын скасаваць смяротнае пакаранне. Праца ката вельмі моцна адбіваецца на псіхіцы чалавека. Па расказах былых супрацоўнікаў расстрэльнай каманды, перад здзяйсненнем прысудаў яны часта выпівалі.

На зніжэнне злачыннасці смяротнае пакаранне аніяк не ўплывае. Нават назіраецца адваротны эфект – напрыклад, у Грузіі пасля адмены смяротнага пакарання сур’ёзна знізіўся ўзровень наўмысных забойстваў.

Больш падрабязна пра аргументы за адмену смяротнага пакарання чытай на сайце праваабарончага цэнтра «Вясна».

 

Рэзанансныя справы

Справа Сяргея Хмялеўскага, які выпіваў разам з суседзямі. Яны пасварыліся, і ён забіў свайго суседа і ягоную жонку. А потым спрабаваў падпаліць хату – і ўсё ў п’яным угары.

Адна з самых вядомых «судовых памылак» – Міхаіл Гладкі. У 2003 годзе яго асудзілі за забойства брата, якое ён не здзяйсняў. Праз 8 гадоў у 2011 годзе следства знайшло сапраўднага забойцу, якога прыгаварылі да смяротнага пакарання.

Справа Кавалёва і Канавалава. Хлопцаў абвінавацілі ў выбуху ў менскім метро.

Апошні смяротны прысуд у Беларусі быў вынесены літаральна на днях. Двух фігурантаў рэзананснай справы «чорных рыэлтараў» з Магілёва прыгаварылі да расстрэлу за забойства шасці чалавек.

 

 

Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу праваабаронцу, каардынатару ініцыятывы «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэю Палудзе.

Ілюстрацыя by Sheeborshee

 


КАМЕНТАРЫ (1)

Eugene Semchanka | 24.07.2017 18:50

"Расстрэльваюць некалькі чалавек" - гэта аднаго асуджанага некалькі расстрэльвае ці проста ёсць некалькі выканаўцаў, што "працуюць" у розныя дні, напрыклад?

"Асуджаных ставяць на калена і страляюць у патыліцу", "Акрамя саміх катаў на месцы выканання прысуду знаходзіцца пракурор, які адсочвае законнасць, доктар, які канстатуе смерць і робіць агляд. Па жаданні чалавека можа прысутнічаць святар" - адкуль гэтая інфа?

І вось гэта вельмі цікава: "па расказах былых супрацоўнікаў расстрэльнай каманды, перад здзяйсненнем прысудаў яны часта выпівалі". Адзіная вядомая крыніца, што калісь распавядала пра расстрэлы ў Беларусь (былы начальнік менскага СІЗА на Валадарцы Алег Алкаеў) казала, што піць у працоўны час, а боле таго - перад выкананнем смяротнага пакарання, катэгарычна не дазвалялася. Зараз усё змянілася?!



Увогуле - вельмі востры ды актуальны ў нашай краіне тэкст, дзякуй за яго. Але ж цікава, адкуль крыніцы гэтай інфармацыі?! Вядома, што адкрыць іх ня можна, але так вельмі ўжо бяздоказна...

5 1 +4