Якія альтэрнатывы ёсць у дзяржаўнай школы?

У ходзе прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі была зафіксаваная вялікая колькасць парушэнняў і фальсіфікацый. Паколькі ў выбарчых камісіях традыцыйна прысутнічала шмат настаўнікаў, былыя вучні цяпер на знак пратэсту прыносяць да школ граматы і залатыя медалі, ну а бацькі задаюцца пытаннем: чаму могуць навучыць педагогі, якія ўдзельнічаюць у фальсіфікацыях і не выказваюцца супраць гвалту падчас мірных акцый? Аляксандр Лукашэнка сваю пазіцыю сфармуляваў: на яго думку, настаўнікі, якія не падтрымліваюць «дзяржаўную ідэалогію» Беларусі, не павінны працаваць у школах (заўважым у дужках, што ў артыкуле 4 Канстытуцыі РБ пазначана, што ідэалогія палітычных партый не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян).

 

Мы не будзем прад'яўляць прэтэнзій настаўнікам: мы не былі на іх месцы, не ведаем іх сітуацыі і ціску, пад якім яны знаходзіліся, ды і адказнасць павінна быць на тых, хто распараджаецца ўладай і прымушае да фальсіфікацый. Але мы высветлілі, што за варыянты ёсць у бацькоў, якія мець справу з несумленнай школай прынцыпова не жадаюць. Заадно пацікавіліся пазіцыямі маці з рознымі стратэгіямі: той, хто ніколі не аддавала дзяцей у школу, той, хто вырашыла забраць дзяцей са школы пасля выбараў, і той, чые дзеці працягнуць вучыцца ў дзяржаўнай установе.

Калі пытанне школьнай адукацыі для цябе стаіць востра, звярні ўвагу на важны івэнт – Канферэнцыю па альтэрнатыўных формах навучання, якая пройдзе 28 жніўня а 16:00 у культ. цэнтры «Корпус». Там абмяркуюць юрыдычныя нюансы, раскажуць, якія прапановы ў сферы адукацыі ёсць цяпер, і падзеляцца розным досведам. Уваход – фры данэйшан.

 

 

«Не хачу вадзіць дзіця ў дзяржаўную школу. Куды падацца?»

  Варыянты наступныя: пераход на індывідуальны план навучання або пераход у іншую школу. Ты можаш знайсці дзяржаўную школу, у якой не было фальсіфікацый (глядзі на сайце partisan-results.com), або аддаць дзіця ў прыватную школу.

 

«Так, што там з прыватнай школай?»

  У прыватнай школе бацькі змогуць самі ацаніць, наколькі ім падыходзіць вучэбная праграма і выкладчыкі. Усе ўстановы адукацыі рэгламентуюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. У Менску прыватных школ дастаткова шмат, але не ўсе з іх выдаюць дзяржаўны атэстат аб заканчэнні агульнаадукацыйнай сярэдняй установы. Большасць з іх выпускаюць вучняў толькі з пачатковай школы, а вось каб выдаваць атэстат дзяржаўнага ўзору, у школы павінны быць адпаведныя дакументы. У Менску яны ёсць у школ STEMBRIDGE, LuCH, «Інавацыя», «Альтэрнатыва» і іншых. Для паступлення, хутчэй за ўсё, спатрэбіцца сумоўе. Кошт задумы – у сярэднім $ 500 у месяц.

 

Валянціна Чэкан, сузаснавальніца сярэдняй школы LuCh

«Недахопы цяперашняй сістэмы адукацыі – гэта адсутнасць гнуткасці, варыятыўнасці праграм, няўзгодненасць грамадскага запыту і зместу адукацыі, падмена развіцця на бюракратыю, слабая прадметная і метадычная падрыхтоўка кадраў.

Закон пра ўсенавуч і адсутнасць у Кодэксе аб адукацыі паняццяў “сямейная адукацыя”," прыватная адукацыя” ды іншых робяць любы спосаб альтэрнатыўнай адукацыі ўразлівым. Таму варыянтам для бацькоў застаецца перавод дзіцяці на індывідуальны план у дзяржаўнай школе, а далей – любыя спосабы навучання: сямейная адукацыя, бацькоўскія кааперацыі, прыватныя школы, рэпетытарскія цэнтры, замежныя школы.

У гэтай сітуацыі кожная прыватная школа сама вырашае, якую пазіцыю заняць. Хтосьці аддае перавагу мімікраваць пад асяроддзе, хтосьці адсочвае бацькоўскія запыты ды страхі і выбудоўвае маркетынгавыя камунікацыі, хтосьці выпрацоўвае новыя адукацыйныя мадэлі».

 

 

«Прыватная школа не для мяне. Можна падрабязней пра індывідуальны план?»

Індывідуальны план – гэта варыянт навучання, замацаваны п. 6 арт. 167 Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь і ў пастанове Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 20 снежня 2011 г. № 283 – гл. 6 пп. 69–74. Для дзіцяці ў школе можа быць складзены індывідуальны план, па якім ён ці яна вучыцца па-за школай, атэстацыю пры гэтым даводзіцца праходзіць у школе.

Для пераходу на індывідуальны план неабходная наяўнасць паважнай прычыны, па якой дзіця не можа наведваць школу, але бацькі могуць вызначыць яе самастойна.

Каб перавесці дзіця на індывідуальны план, трэба напісаць заяву ў вольнай форме на імя дырэктара школы, у якой адзначыць, што бацькі абавязваюцца самастойна забяспечыць навучанне ў рамках вучэбнай праграмы, а таксама сфармуляваць прычыну пераводу. На працягу двух тыдняў школа павінна даць індывідуальны план. Перавесціся можна ў любы момант на працягу навучальнага года – не абавязкова рабіць гэта менавіта 1 верасня. Шаблон заявы ёсць тут.

Для індывідуальнага плана даведка не патрэбная. Яна патрэбная для надомнага навучання па медыцынскіх паказаннях.

Атэстацыя дзіцяці праводзіцца ў школе раз на чвэрць (могуць казаць пра тое, што трэба не менш за тры адзнакі, у гэтым выпадку справаздачныя працы можна дасылаць настаўнікам на пошту), дзіця можа прыходзіць у школу для камунікацыі.

Калі адміністрацыя школы адмаўляе ў пераводзе на індывідуальны план навучання, патрабуй пісьмовую адмову.

 

«Я не змагу самастойна навучыць сваіх дзяцей. Што рабіць?»

  Не абавязкова станавіцца ўніверсальным настаўнікам. Ты можаш знаходзіць рэпетытараў або далучыцца да нейкай бацькоўскай кааперацыі, калі адзін настаўнік будзе дапамагаць некалькім дзецям, якія знаходзяцца на індывідуальным плане. Шукай гэтыя кааперацыі ў групе «Альтэрнатыўная адукацыя ў Беларусі» ў Facebook або з дапамогай праекта «Свабодная школа».

 

Што кажуць іншыя бацькі?

 

Наста Базар, арганізатарка мерапрыемстваў і праектаў, мама двух хоўмскульных дзяцей (яны ніколі не хадзілі ў школу)

«Школа – гэта адзін з варыянтаў арганізацыі навучання дзяцей, і канкрэтна мне і маім дзецям гэты фармат не падыходзіць. Рашэнне было прынятае задоўга да першага класа, дзеці ў выніку навучаліся і навучаюцца па-за школай.

Тым, хто хоча забраць дзяцей са школы, трэба адказаць сабе на пытанне “чаму?”. Што стаіць за гэтым жаданнем? Зыходзячы з гэтага можна думаць далей, як гэта зрабіць. Хоўмскулінг (навучанне дома) – гэта дадатковая няпростая нагрузка. Адна справа – пераход у прыватную школу, але калі гэта індывідуальны план навучання, то варта адразу прадумаць, як і ў якой форме дзіця будзе навучацца.

Абавязкова трэба памятаць пра такое паняцце, як "расшкольванне". Калі дзіця пабывала ў школьнай сістэме, то, калі вы яго забераце, немінуча наступіць адкат. Першы час дзіця можа нічога не хацець рабіць. Важна ведаць, што гэта нармальна. У сярэднім гэта займае да паўгода, пасля чаго дзеці пачынаюць знаходзіць самастойную цікавасць да вучобы і хутка наганяюць прапушчанае».

 

Аляксандра Давыдзенка, моўшан-дызайнерка, аддае дачку ў дзяржаўную гімназію з трэцяй спробы

«Мы выбіралі школу (дзяржаўную гімназію) па профілі і па прынцыпе, куды можна паступіць сумленна, без прывязкі да прапіскі, без пратэкцый і хабараў. У першым класе ў нас не выйшла, з другога па чацвёрты дачка вучылася ў прыватнай школе, але да пятага такая школа знайшлася. Першыя дзве спробы з дзяржаўным садком і пачатковай школай пацярпелі крах, але мы ўсё яшчэ спрабуем знайсці нешта, што ў гэтай краіне працуе так, як гэта дэкларуецца. З кожным месяцам у нас усё больш сумневаў, ці правільна мы паступаем. Але хочацца верыць, што нармальная школа дзесьці яшчэ існуе.

Спробы высветліць, ці сумленныя людзі вучаць тваё дзіця, сталі трэндам. Некаторыя настаўнікі здзіўляюцца, чаму платы іх школ абвешваюць дыпломамі і вінавальнымі плакатамі, хоць яны асабіста не ўдзельнічалі ў фальсіфікацыях. Іншыя проста забіраюць дакументы – рэпетытары зараз будуць патрэбныя як ніколі.

Бацькоў жа хвалююць наступныя пытанні: ці маюць права вучыць нашых дзяцей людзі, якія "не ўмеюць лічыць"? Ці можна даверыць дзяцей людзям, якія падманваюць сваіх суседзяў? Ці бяспечна пакідаць дзяцей з людзьмі, якія лічаць гвалт і катаванні чымсьці прымальным?

Паміж рамантычнай прафесіяй беларускага настаўніка пачатку XX стагоддзя і чынам "слугі дзяржавы", які прапануе Лукашэнка, пралягае няўяўная прорва. На жаль, адмоўчваючыся, настаўнікі працягваюць губляць свой аўтарытэт у вачах грамадства. Пратаколы падраблялі адзінкі, але пакутуе ўся гільдыя. Настаўнікам патрэбны страйк, бо яго складана не заўважыць, але ці хопіць смеласці людзям, якіх запалохвалі дзесяцігоддзямі?»

 

Вікторыя Анохава-Жураўлёва, мама 13 дзяцей (8 з іх сёлета вучацца па індывідуальным плане – рашэнне прынятае пасля выбараў), стваральніца ініцыятывы «Свабодная школа»

«Я вырашыла забраць дзяцей са школы, таму што школа выконвае функцыю "дзетасховішча" ў большай ступені, чым адукацыйнага ўстановы, праз зарэгуляванасць працэсаў і вялізны ціск на настаўнікаў, які аказвае адміністрацыя любога ўзроўню. Немалаважным фактарам з'яўляецца адсутнасць псіхалагічнага камфорту з-за напружанай абстаноўкі ўнутры класаў і ў цэлым у школе.

На мой погляд, сучасная беларуская школа не выконвае свае функцыі. Мы можам гэта добра ўбачыць, калі паглядзім, якая колькасць выпускнікоў пасля 9-га і 11-га класаў звяртаецца да рэпетытараў, каб падрыхтавацца да іспытаў або тэставання. Гэтыя два гады дзеці ўсё роўна займаюцца дадаткова з запрошанымі спецыялістамі, бо аб'ём інфармацыі, які дае школа, недастатковы.

Я спадзяюся, што рэфармаванне школы – прычым з улікам запыту бацькоўскай грамадскасці, які мы ўсе зараз і фармуем, – дапаможа зрабіць школу больш арыентаванай на дзіцячыя патрэбы і запыты, на індывідуальны падыход. Спадзяюся, што яна стане больш гуманістычнай і з яе сыдзе ціск, справаздачнасць, праца на паказчыкі – усе тыя фактары, з якімі бацькі, у якіх ёсць школьнікі, сутыкаюцца пастаянна і якія гэтым незадаволеныя. Тады мае дзеці дакладна вернуцца ў школу, таму што індывідуальнае навучанне не панацэя, яно не ўсім падыходзіць.

У бягучай сітуацыі ў настаўнікаў ёсць варыянт застацца ў школе пад ціскам, які ўзмацняецца пасля выказванняў Лукашэнкі аб тым, што ў школах павінны працаваць толькі ідэалагічна вывераныя спецыялісты. Настаўнік можа зарэгістравацца як індывідуальны прадпрымальнік або самазанятая фізічная асоба і аказваць паслугі рэпетытара анлайн ці афлайн. Настаўнік, як і любы грамадзянін, можа з'ехаць і наладжваць сваё жыццё ў іншай краіне.

"Свабодная школа" – гэта ініцыятыва бацькоўскіх кааперацый, якія закліканыя дапамагаць дзецям вучыцца больш эфектыўна. Гэта не адзіны магчымы варыянт: ёсць прыватныя школы і навучанне індывідуальна бацькамі і рэпетытарамі. Але бацькоўская кааперацыя дапамагае нам даць дзецям той узровень камунікацыі, які ім патрэбны, і падзяліць фінансавыя выдаткі, таму што ў міні-класах збіраецца 5-6 дзяцей, якіх вучыць адзін выкладчык, – эканамічна гэта больш мэтазгодна, чым запрашаць спецыялістаў індывідуальна.

Мая ініцыятыва закліканая аб'яднаць настаўнікаў, якія сышлі або збіраюцца сысці са школы праз тое, што яны не гатовыя больш згаджацца з гэтым ціскам і сістэмай, і бацькоў, якія таксама не хочуць падвяргаць сваіх дзяцей гэтым цяжкасцям пры нізкім каэфіцыенце карыснага дзеяння з-за таго, што праграма не адпавядае сучасным запытам. Я прапаную аб'ядноўвацца бацькам у бацькоўскія кааперацыі і займацца анлайн і афлайн, запрашаючы настаўнікаў у залежнасці ад узросту дзяцей».

 

 

Што рабіць настаўнікам?

  Калі ты настаўнік(-ца) і табе пагражаюць у школе, запісвай гэта на дыктафон і аддавай агалосцы. Таксама можна арганізаваць страйк усёй школай і высунуць свае патрабаванні. Дапамогу для тых, хто хоча ініцыяваць страйк, можна знайсці тут.

  У выпадку звальнення можна звярнуцца да ініцыятывы «Хуткая ўзаемадапамога», якая дапаможа сабраць грошы ці знайсці новую працу.

  Настаўнік можа таксама працаваць як рэпетытар і прымаць грошы ад бацькоў за свае паслугі як самазанятая фізічная асоба. Для гэтага трэба:

– Стаць на ўлік у мясцовым падатковым органе;

– Падаць заяву ў адвольнай форме аб абраным выглядзе дзейнасці, месцы і перыядзе яе вядзення (бланк можна спампаваць на афіцыйным сайце Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь);

– Выплаціць адзіны падатак на падставе афіцыйных ставак, што вызначаюцца мясцовымі Саветамі дэпутатаў (падатковая стаўка залежыць ад рэгіёна, даведацца памер падатку можна на сайце Міністэрства па падатках і зборах). Плаціць трэба кожны месяц, але толькі за тыя месяцы, у якія ты вёў(вяла) сваю дзейнасць. Аплата робіцца ў любым аддзяленні банка і праз АРІП.

  Нарэшце, можна пашукаць працу ў прыватнай школе – цяпер у многіх з іх ёсць вакансіі.