Што рабіць, калі табе падкінулі наркотыкі?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 05.08.2019
- 6782
Прычын, з якіх нядобрыя людзі могуць падкінуць добраму чалавеку пару грам таго ці іншага рэчыва, мноства: ад банальнай неабходнасці выканаць план «па злачыннасці» да выканання замовы на «пасадку» менавіта цябе. Мы пагаварылі з адвакаткай Ірынай Базылевай і склалі невялікую метадычку пра тое, як паводзіць сябе правільна, калі наркотыкі падкінулі менавіта табе.
Калі ты сапраўды не маеш дачынення да гэтай гісторыі, праўда і справядлівасць – на тваім баку. Паспрабуй справіцца з панікай (дыхай па квадраце, рацыяналізуй) і ўспомніць усё, што ведаеш пра свае правы. Менавіта твае правільныя і карэктныя паводзіны стануць залогам поспеху.
Ні ў якім разе не варта абражаць супрацоўнікаў праваахоўных органаў, біцца або паводзіць сябе неадэкватна.
Не бяры «паглядзець» тое, што табе працягваюць, каб там не з'явілася адбіткаў тваіх пальцаў.
Факт таго, што ты маеш пры сабе наркатычныя рэчывы, павінен нейкім чынам быць знойдзены. Відавочна, падчас ператрусу або асабістага ператрусу. Гэтыя мерапрыемствы праходзяць з панятымі, значыцца, трэба акцэнтаваць увагу панятых на тым, што наркотыкі табе падкінулі.
Заўсёды ўважліва чытай працэсуальныя дакументы. У выпадку нязгоды, напрыклад, з адлюстраваным у іх ходам ператрусу рабі свае пісьмовыя заўвагі.
Не падпісвай таго, з чым не згодны(-ная). Можна і панятым нагадаць пра тое, што яны як удзельнікі следчага дзеяння таксама могуць рабіць заўвагі пра ход яго правядзення. Напрыклад, усе ўдзельнікі ператрусу павінны быць у полі зроку панятых, а не разбрыдацца па пакоях, калі гэта ператрус у жылым памяшканні. Часта бывае так, што панятым не тлумачаць іх правы, але ты можаш інфармаваць іх сам(-а).
З моманту затрымання, ды і наогул пры правядзенні любых працэсуальных дзеянняў можна настойваць на ўдзеле ў іх абаронцы (адваката). Ёсць катэгорыі спраў, па якіх удзел адваката абавязковы. Пры гэтым, калі падазраваны хадайнічае аб удзеле абаронцы, прысутнасць адваката таксама становіцца абавязковай (арт. 45 КПК РБ).
Неабходна звязацца з блізкімі людзьмі і прасіць іх заключыць дамову з адвакатам, якому ты давяраеш. Калі такога чалавека на момант затрымання ў цябе няма, прасі проста знайсці талковага адваката.
Калі тваё хадайніцтва аб удзеле абаронцы праігнаравалі, трэба гэта пісьмова пазначыць, калі будзеш падпісваць пратакол ператрусу.
Калі цябе затрымалі ці ўжылі да цябе меру затрымання ў выглядзе заключэння пад варту, ты маеш права на бясплатную юрыдычную кансультацыю адваката да пачатку першага допыту ў якасці падазраванага. Гэта гарантуе табе арт. 41 КПК РБ. Часта такая кансультацыя можа быць карыснай.
Агульны парадак тваіх дзеянняў павінен быць прыкладна такім: настойвай на абаронцы, адмаўляйся даваць паказанні без прысутнасці адваката і матывуй гэта адразу тым, што табе падкінулі наркотыкі. Наогул тэарэтычна можна на кожным дакуменце, які табе даюць падпісваць (пратакол тлумачэння правоў і абавязкаў, пратакол допыту, пратакол ператрусу, іншае), «бамбіць» свой аргумент: пісаць, што ўсе дзеянні супрацоўнікаў следства або міліцыі незаконныя, таму што табе падкінулі наркотыкі.
Што рабіць, калі мне не дазваляюць выпраўляць пратакол?
Супрацоўнікам міліцыі, безумоўна, могуць не спадабацца твае паводзіны. Калі табе не будуць дазваляць рабіць пазнакі ў пратаколах, пішы на звычайнай паперы і прасі далучыць гэта да справы.
Не падпісвай чыстыя аркушы паперы і ўважліва сачы за тым, каб не заставалася вялікіх пустэч у пратаколах і іншых дакументах. Перакрэслі пустыя радкі і толькі потым падпішы. Гэта пазбавіць супрацоўнікаў праваахоўных органаў магчымасці дадаць туды ўласны тэкст.
Што наогул у Беларусі лічыцца наркотыкам?
Усе наркатычныя рэчывы пазначаныя ў «Рэспубліканскім пераліку наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, якія падлягаюць дзяржаўнаму кантролю ў Рэспубліцы Беларусь». У ім усе рэчывы разведзеныя ў пяць спісаў у залежнасці ад ступені іх кантролю дзяржавай.
Што з лекамі?
Па вялікім рахунку, калі ты захоўваеш рэчыва, якое выкарыстоўваецца з медыцынскімі мэтамі (выдаецца па рэцэпце лекара), праблем няма. Аднак некаторыя лекі, якія легальна прадаюцца ў іншых краінах, могуць быць нелегальнымі ў Беларусі. Памятай пра гэта, калі збіраешся прывезці нешта з-за мяжы.
У спіс 1 асабліва небяспечных наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў уваходзяць рэчывы, выкарыстанне якіх з медыцынскімі мэтамі ўвогуле забароненае. Пры сабе нельга мець ніколькі грам рэчываў з гэтага спісу, інакш гэта расцэньваецца як захоўванне (ч. 1 арт. 328 КК РБ).
Iлюстрацыя by pp4evka