Кажуць, што сапраўдны(-ая) студэнт(-ка) мусіць атрымаць хоць адну двойку і пражыць хоць месяц у інтэрнаце. Хто «варты» запаветнага койкамесца, наколькі важна пры гэтым быць сябрам БРСМ і ці трэба за гэта плаціць – распавядаем пра нюансы інтэрнатаўскага жыцця.
Увага: у інтэрнатах могуць жыць не толькі студэнты ВНУ, але і навучэнцы ССНУ, ліцэяў, а таксама супрацоўнікі прадпрыемстваў. У дадзеным «Працэсе» мы распавядаем пра правілы жыцця ў інтэрнатах навучальных устаноў сярэдняй і вышэйшай адукацыі.
Якiя бываюць iнтэрнаты?
Калідорнага тыпу: кухня, душ і туалет знаходзяцца на калідоры ці ў падвале.
Блочнага тыпу: душ і туалет – у блоку, а кухня – на калідоры.
Кватэрнага тыпу: усе зручнасці знаходзяцца ў тваім блоку.
Блок у інтэрнаце – гэта некалькі пакояў з агульным калідорам, туалетам і душам. А ў самых мажорных выпадках яшчэ і з кухняй.
Калі ты сірата ці застаўся(-лася) без апекі бацькоў.
Калі ты маеш інваліднасць I ці II групы (пры ўмове, што не маеш захворванняў, якія могуць зашкодзіць сумеснаму пражыванню з кімсьці).
Яшчэ адна льготная катэгорыя – студэнты і студэнткі з Чарнобыльскай зоны.
Калі ты гонар не толькі матулі, але і ўсёй краіны – уваходзіш у Банк даных адоранай і таленавітай моладзі.
Калі ты паступіў(-ла) у ВНУ на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі кадраў.
Важны момант: калі ты хлопец, які жыве ў інтэрнаце, а потым жыццё складваецца так, што трэба ісці ў войска, то па вяртанні ва ўніверсітэт ты зможаш аднавіцца ў інтэрнаце.
Калі ты замежны(-ая) грамадзянін(-ка) і ў тваім кантракце аб навучанні прапісана права на інтэрнат, то філ фры скарыстацца ім.
У некаторых універах гарантавана даюць месцы ў інтэрнаце першакурснікам.
Маладыя сем’і і матулі таксама могуць жыць у інтэрнаце. І нават з дзіцём.
Калі ты са шматдзетнай сям’і, маеш інваліднасць III групы альбо твае бацькі маюць інваліднасць I ці II групы.
Калі ў цябе ёсць брат ці сястра, якія вучацца ва ўніверы ці ССНУ.
Калі ты з няпоўнай сям’і.
Калі твой сярэдні бал вышэйшы за патрэбны мінімум (у БДУ гэта 8,0) і ты рэгулярна ўдзельнічаеш у навуковых канферэнцыях.
Актывістаў(-к) таксама заахвочваюць месцамі ў інтэрнатах. Канешне, калі ты ходзіш на студэнцкія акцыі пратэстаў і мітынгі, спадзявацца на інтэрнат не даводзіцца. А вось калі актыўнічаеш у БРСМ, прафкаме, студсаюзе – то шанцы на інтэрнат растуць у геаметрычнай прагрэсіі. Тваё сумленне – табе з ім жыць.
Калі ты сочыш за парадкам у інтэрнаце – з’яўляешся часткай так званага аператрада, то месца ў інтэрнаце табе дадуць у наступным годзе.
Адпрацоўка ў студэнцкім атрадзе ад БРСМ ці прафсаюза – таксама прэтэнзія на вакантнае месца. Месяц працы ў полі ці з дзецьмі ў летніку – і аніякіх клопатаў наконт інтэрната.
Калі ты не трапляеш пад гэтыя катэгорыі, не сумуй. Чарга часта даходзіць і да простых студэнтаў. Толькі крыху пазней – прыкладна ў сярэдзіне навучальнага года.
Калі ў цябе былі запазычанасці па вучобе ў папярэднім навучальным годзе ці вымовы з боку адміністрацыі.
Калі ў цябе былі праблемы з аплатай інтэрната ў мінулым годзе.
Збяры ўсе неабходныя докі, якія пацвердзяць твае льготы ці дасягненні (напрыклад, пасведчанне чарнобыльца ці выпіску аб высокім сярэднім бале).
Аднясі гэты стос дакументаў на факультэт спецыяльнаму чалавеку. Гэта можа быць як асобны супрацоўнік(-ца) дэканата, так і замдэкана.
Супрацоўнік(-ца) паставіць цябе ў спецыяльную чаргу. Калі па выніку на пачатку года ты знойдзеш сябе ў спісах на засяленне ў інтэрнат, то трэба дазбіраць неабходныя паперкі: даведку аб тым, што ты студэнт(-ка), фотку і медыцынскую даведку.
Калі ты вучышся на другім курсе і вышэй, гэтыя танцы з бубнам робяцца напрыканцы навучальнага года. Калі ж ты толькі-толькі стаў(-ла) першакурснікам(-цай), то прыйдзецца паспець зрабіць усё ў апошні тыдзень лета – да 1 верасня.
На жаль, ты не выбіраеш, у якім інтэрнаце будзеш жыць. За кожным факультэтам замацаваны асобны інтэрнат ці паверх інтэрната. Менавіта таму некаторыя студэнты аднаго і таго ж універа раскіданыя па ўсім горадзе.
Кошт залежыць ад стану інтэрната.
За інтэрнат з адной кухняй на калідор і душавымі ў падвале давядзецца заплаціць каля 0,5 базавых (11,5 BYN).
Калі ж цябе засялілі ў новенькі шыкоўны пакой на дваіх з асобнай кухняй у блоку, то стаўкі падымаюцца да 2-х базавых (46 BYN).
Кошт за інтэрнат могуць аўтаматычна вылічваць са стыпендыі бюджэтнікаў (такая опцыя даступная ў некаторых ВНУ). Платнікі і навучэнцы тых універаў, куды не дайшоў прагрэс, плацяць ці праз касу банку, ці праз ЕРІП.
Ад аплаты вызваляюцца сіроты і студэнты(-кі) з інваліднасцю, а таксама тыя, хто маюць анкалагічныя захворванні ці хварэюць на сухоты. Дзеці бацькоў з інваліднасцю таксама вызваляюцца ад аплаты інтэрната.
У кожнага, хто жыве ў інтэрнаце, ёсць пропуск. Паказвай яго вахцёрам кожны раз, калі заходзіш у інтэрнат.
Каб усе жылі ў чысціні і парадку, у інтэрнаце працуе паняцце «дзяжурства». Калі ты жывеш у інтэрнаце калідорнага тыпу, то мусіш перыядычна дзяжурыць па паверсе: прыбіраць агульнае смецце на кухні, мыць пліту. Графік – індывідуальны.
Акрамя аплаты інтэрната, ты мусіш раз на год адпрацаваць 40 гадзін. Напрыклад, разабраць хлуд, прапалоць градку альбо прыбраць тэрыторыю ля інтэрната.
У інтэрнаце табе выдадуць бялізну і плед. Грэбуеш казённым – карыстайся сваім!
Пасля паўночы і да 6 раніцы ты не можаш ні выйсці з інтэрната, ні зайсці ў яго – каменданцкая гадзіна.
Госці могуць завітаць у інтэрнат да 22 гадзін, а пакінуць інтэрнат яны мусяць да 23 гадзін. На перыяд сесіі (у залежнасці ад інтэрната) могуць і не пусціць нікога.
У інтэрнатах афіцыйна нельга піць і паліць. Калі цябе запаляць – могуць выселіць і пакінуць без права паўторнага засялення на наступны год.
Ёсць у інтэрнатах і свая міліцыя – аператрад. Гэта тузін хлопцаў, якія сочаць за парадкам нават ноччу, правяраюць пропускі, запісваюць гасцей у спецыяльны журнал, пільнуюць, каб дзяжурныя не халявілі.
Калі інтэрнат стары, то могуць забараніць карыстацца электрычнымі чайнікамі і фенамі. Маўляў, старая праводка ледзь вытрымлівае такі націск. Таму ўключаць гэтыя дарункі цывілізацыі прыйдзецца асцярожна.
Иллюстрация by Sheeborshee
Падрабязна разбіраем, як і чым жывуць грамадскія арганізацыі ў Беларусі.
Пахаванне, могілкі, крэмацыя, развітанне з памерлым чалавекам – усё, што трэба ведаць пра гэтыя сумныя рэчы.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
Обычно в гости не пропускают никого кроме родных.