Асновай усіх дзеянняў міліцыі, калі гэта не тычыцца дзяржаўнай тайны, з’яўляецца галоснасць. Таму калі да цябе падышоў праваахоўнік, ён мусіць перадусім прадставіцца. Лепей узяць асадку і паперу або тэлефон і запісаць яго імя, прозвішча і нумар пасведчання. Калі міліцыянт дзейнічае не ананімна, то будзе працаваць у рамках закона. Ён ужо канкрэтны супрацоўнік, на якога можна напісаць скаргу ў пракуратуру. Памятай: нават калі міліцыянт у цывільным, ён павінен мець пасведчанне.
Закон не забараняе здымаць на фота і відэа дзеянні супрацоўнікаў міліцыі (узгадваем нядаўні выпадак у метро). Таму, калі гэта не пагражае твайму здароўю і апаратуры, здымай!
Пры размове з праваахоўнікам будзь ветлівы, не лайся. Трымай рукі перад сабой. Не кранайся міліцыянта. Чаго дакладна не варта рабіць, дык гэта біцца. Нават калі ты проста эмацыйна размахваеш рукамі, могуць абвінаваціць у непадпарадкаванні. А бойка – гэта ўжо крымінал да пяці гадоў.
Цябе маюць права абшукаць, калі падазраюць, што ў цябе ёсць зброя. На далейшы вобшук праваахоўнік павінен мець пастанову. Калі цябе абшукваюць без пастановы, не згаджайся, але не супраціўляйся.
Ты не павінен насіць з сабой пашпарт. Але супрацоўнікі міліцыі могуць затрымаць кожнага чалавека для высвятлення асобы. Калі пашпарт з сабой – пытанняў няма. Калі міліцыянт настойвае на тым, каб ісці з ім у РАУС, згаджайся, бо непадпарадкаванне… памятаеш… Лепей пасля абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў у пракуратуры.
Ты маеш права ведаць, за што цябе затрымалі. Да трох гадзін цябе могуць трымаць для высвятлення асобы. Пасля абавязаны скласці пратакол і далей трымаць не болей 72 гадзін да суда, у іншым выпадку затрыманне страціць юрыдычную сілу. Правярай, каб час затрымання ў пратаколе быў пазначаны дакладна.
Пратакол трэба падпісаць. Але перад гэтым пазнач у ім сваю версію падзей. Унось у яго ўсё парушэнні, якія дапусцілі супрацоўнікі міліцыі пры затрыманні і дастаўленні ў РУУС: напрыклад, не прадставіліся, не растлумачылі правы, не паведамілі падставы для затрымання. Калі копію пратакола табе не выдалі, пазнач гэта ў ім жа.
Патрабуй, каб супрацоўнікі міліцыі паведамілі родным, наймальніку альбо дырэктару навучальнай установы, што цябе затрымалі. Калі адмаўляюцца, пазнач гэта ў пратаколе.
Не абавязкова паведамляць, дзе ты працуеш, калі ты не член Савета дэпутатаў.
Пры складанні пратаколу табе павінны растлумачыць правы і абавязкі. Звычайна міліцыянты даюць паперку, дзе гэта прапісана. Калі нешта незразумела, пытайся. Калі супрацоўнік адмовіў, пішы пра гэта ў спецыяльнай графе пратакола.
Ты маеш права дапаўняць пратакол як заўгодна. Не хапае месца – прасі аркуш паперы, нумаруй яго і пішы там. Калі ты не пагадзіўся з тым, што міліцыянт напісаў пра цябе ў пратаколе, то знайдзі адпаведны пункт і напішы, з чым менавіта не згодны.
У пратаколе асабістага вобшуку пазначай апісаныя рэчы як мага дакладней і каб яны былі названы ўсе. У тэлефона пішы інвентарны нумар, калі еўра манетамі – пішы «такія манеты, столькі штук», нататнікі, алоўкі, пазначай усё. Панятыя пры вобшуку не павінны супадаць са сведкамі пры затрыманні.
Калі цябе адмудохалі пяць бугаёў у цывільным, кінулі ў аўтазак, у цябе пайшла кроў – трэба сабраць як мага больш доказаў для далейшага разбіральніцтва. Калі гэта нехта бачыў ці ехаў з табой у аўтазаку, даведайся імя, прозвішча гэтага чалавека, нумар тэлефона, каб потым з ім звязацца і прасіць яго сведчыць.
Для медыцынскага агляду пасля затрымання перадусім звярніся ў пракуратуру ці следчы камітэт. Там табе выпішуць накіраванне на судмедэкспертызу. Гэта трэба зрабіць адразу, бо пабоі праходзяць вельмі хутка. Нават ноччу ў пракуратуры павінен быць дзяжурны пракурор. Звяртайся адразу не ў паліклініку або траўмпункт, а менавіта ў пракуратуру. Толькі гэта будзе разглядацца ў судзе як важкі доказ.
Калі цябе пасадзілі на 15 сутак з траўмамі, патрабуй выкліку хуткай, грукай у дзверы. Кожнаму супрацоўніку міліцыі енчы, што табе кепска, што табе патрэбная медыцынская дапамога. Раз адмовілі, два. Як хуткая прыедзе, трэба, каб цябе забралі для абследавання. А там ужо расказвай усё падрабязна. І сустрэнься з блізкім або сябрам, каб той пайшоў у пракуратуру.
Калі ты ведаеш, што цябе могуць затрымаць, напрыклад на акцыі, забі хуткую клавішу на мабільніку для выкліку блізкіх. Звычайна, пакуль вязуць у аўтазаку, у цябе будзе магчымасць зрабіць кароткі выклік. У РАУС у 95% выпадкаў тэлефон адбяруць.
Улічвай, што ў адміністрацыйным працэсе не бывае бясплатных адвакатаў. Для адвакатаў няма ўстаноўленага прэйскуранта за дзеянні ў тваю абарону, але адзін выступ у судзе можа каштаваць каля 100 даляраў. Праўда, наяўнасць адваката не надта ратуе ў палітычных справах. Суаднось гэтую суму са сваімі даходамі і пазітыўным эфектам ад удзелу адваката ў працэсе.
Калі на цябе вешаюць крымінал (напрыклад, удзел у масавых беспарадках), наша парада – тэрмінова патрабуй адваката і без яго не давай ніякіх тлумачэнняў.
Калі ты вырашыш, што адвакат табе патрэбны ў любым выпадку, папрасі супрацоўніка міліцыі выклікаць адваката. Калі ён гэтага не зробіць, пазнач гэта ў заўвагах на пратакол. Калі пратакол складаць не будуць, пры першай магчымасці накіруй скаргу пракурору аб парушэнні права на абарону. Магчыма, у наступны раз гэты супрацоўнік міліцыі не перашкодзіць выклікаць адваката.
На працягу трох гадзін міліцыянты абавязаны па тваёй просьбе паведаміць аб затрыманні тваім блізкім ці наймальніку. У Беларусі не працуе правіла «аднаго званка» – ты не можаш патрабаваць, каб табе далі патэлефанаваць. Але калі міліцыянт дазволіць гэта зрабіць, тое не будзе парушэннем з яго боку.
Калі з нейкай прычыны ў цябе не адабралі асабісты тэлефон, тэлефануй знаёмым – гэта таксама не будзе парушэннем закона.
Posidelki.in – сайт для таго, хто думае, што сядзе. Тут можна запоўніць анкету: кнігі, якія чалавек хоча пачытаць, неабходныя рэчы, лекі, што асабліва важна для дыябетыкаў. З лекамі трэба перадаваць неабходныя даведкі. Таксама ў анкеце пазначаюцца нумары тэлефонаў, хто можа гэта ўсё зрабіць.
Праваабарончы цэнтр «Вясна». Калі тваё затрыманне звязана з рэалізацыяй грамадзянска-палітычных правоў (пікетаванне, удзел у акцыі пратэсту), звяртайся ў праваабарончую арганізацыю, перадусім у цэнтр «Вясна», які дапаможа табе скаардынаваць свае далейшыя дзеянні.
Тлумачым, што рабіць, калі тваіх блізкіх затрымалі падчас акцыі пратэсту.
Гендарна нейтральная даведка пра мову, якая тычыцца сэксуальнай арыентацыі.
Усё не так страшна, як у фільмах пра электрашок і стальныя краты.
Натхняліся творчасцю Лінча.
«Сапраўднае чалавечае будзе шанавацца нашмат больш».
КАМЕНТАРЫ (1)
Уточню: в случае избиения не должно быть никаких прокуратур. Только следственный комитет соответствующего района (РОСК такого-то района). Именно следователь из РОСК выдаст направление на судмедэкспертизу. Аналогично родственники/знакомые, узнавшие об избиении, должны писать заявление в РОСК. Прокуратура перенаправит ваше заявление в РОСК и драгоценное время будет упущено.
Между "отмудохали бугаи" и "посадили на 15 суток" будет суд, где прямо можно говорить,кто и куда бил, и просить перерыв для вызова "Скорой помощи".
При помещении в центр изоляции правонарушителей проводится медосмотр, можно говорить о конкретных травмах и требовать, чтобы врач их записал. Если врача нет, то начальник должен провести опрос и жалобы на здоровье внести в журнал учета административно арестованных. Это важно, т.к. судмедэкспертиза может проводиться в том числе и на основании мед.документов