Як хадзіць на акцыі пратэсту па-даросламу?

Разам з ранняй адлігай Беларусь накрыла цунамі пратэстнага руху. Маршы «недармаедаў» выдаліся шматлюднымі не толькі ў сталіцы, але і ў абласных і раённых цэнтрах. Калі на гэтай хвалі ты рашуча звальняешся з канапавых войскаў і хочаш стаць +1 на бліжэйшай акцыі пратэсту, рыхтуйся абазначыць сваю грамадзянскую пазіцыю ў рамках, зададзеных кодэксамі і здаровым сэнсам. У новым выпуску рубрыкі «Працэс» тлумачым, як правільна пратэставаць.

 

Перш-наперш

Праінфармуй родных і блізкіх, калі і дзе ты ўдзельнічаеш у акцыі. Паведамі нумары тых, з кім туды накіроўваешся.

Апраніся па надвор’і. Выбірай тое, што бабуля прапісала, – вопратку і абутак, якія не абмяжоўваюць рухі і нідзе не муляюць.

Змяні кантактныя лінзы на акуляры – каб заставацца відушчым, нават калі апынешся ў ізалятары.

 

Што ўзяць з сабой

Перакус і пітво. Ідэальна: тэрмас з гарбатай або вада (па сезоне), буцеры і снэкі, любая смаката, што «не заквітнее» за дзень. Калі цябе затрымаюць, не прыйдзецца бурчаць страўнікам у РАУС ды марыць пра маміны пампушкі.

Лекі, якія ты пастаянна прымаеш, – на выпадак затрымання.

Дадатковыя цёплыя рэчы.

Тэлефон, зараджаны на 100%. Калі ёсць зменны акумулятар, вазьмі і яго.

Калі ты журналіст(-ка), не забудзь пасведчанне і бэйдж «Прэса».

Дакументы, якія пацвярджаюць, што цябе нельга змяшчаць пад адміністрацыйны арышт, калі ты трапляеш у гэтую катэгорыю, згодна з арт. 6.7 КоАП РБ. Гэта тычыцца цяжарных жанчын, інвалідаў I і ІІ групы, жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць на ўтрыманні непаўналетніх дзяцей або дзяцей-інвалідаў, асоб, якія маюць на ўтрыманні інвалідаў І групы, і асобы, якія ажыццяўляюць догляд за састарэлымі, якія дасягнулі васьмідзесяці гадоў.

 

Што пакінуць дома

Усё, што пакідаеш, калі загружаешся ў самалёт. На мірнай акцыі не месца феерверкам, бітам, электрашокерам і іншым сюрыкенам. За арыенцір можна ўзяць пералік забароненых да перавозкі рэчываў і прадметаў на сайце Нацыянальнага аэрапорта.
 
Дарагія сэрцу і гаманцу рэчы: фотаапарат, экшн-камеру, лэптоп, каштоўныя ўпрыгожанні, etc. Каб весці анлайн-трансляцыю з месца падзей, табе хопіць смартфона, а рабіць якасную «карцінку» давер СМІ.

 

Інфармацыйная падрыхтоўка

Запампуй карысныя мабільныя праграмы. Набор джэнтльмэна (або лэдзі) выглядае так:

Telegram – для аператыўнай сувязі (не забудзься далучыцца да чату «Дармаеды Беларусі»);
TunnelBear – для абыходу блакавання сайтаў (можаш загадзя патэсціць іншыя VPN-сэрвісы, але «мішка», і праўда, вельмі окей);
FireChat – для камунікацыі ў выпадку блакавання інтэрнэту і мабільнай сувязі;
Panic Button – для інфармавання аб месцазнаходжанні: ціснеш на трывожную кнопку пры затрыманні – і праграма кожныя 5 хвілін адпраўляе твае каардынаты пазначаным кантактам.

Запішы тэлефоны праваабаронцаў:

Праваабарончы цэнтр «Вясна» – +375298413981,
Беларускі Хельсінкскі Камітэт  – +375172224800.

Запароль тэлефон. Гэта не панацэя, але ўскладняе доступ да персанальнай інфы.

 

Да і падчас мітынгу

Прыходзь крыху раней, каб агледзецца і вывучыць абстаноўку. Намячай шляхі адступлення.

Не даставай плакаты, сцягі і іншыя сродкі агітацыі, пакуль не прыйдзеш на месца акцыі.

Трымайся сваёй групы. Прыдумай з таварышамі арыенцір на выпадак, калі хтосьці згубіцца, каб вы маглі зноў сабрацца поўным складам.

Калі прыйшоў(-ла) на акцыю адзін/адна, пастарайся да каго-небудзь далучыцца. Калі ўнутраны інтраверт перамагае, проста трымайся бліжэй да журналістаў і грамадскіх назіральнікаў: гэта самыя медыйна актыўныя ўдзельнікі мерапрыемства, таму побач з імі ты заўсёды «пад наглядам». Кардынальна іншая, але таксама эфектыўная тактыка – знаходзіцца каля «людзей у цывільным». Падчас шэсця яны ідуць наперадзе, падчас мітынгу трымаюцца ў баку ад натоўпу. Як ні парадаксальна, але іх досыць лёгка вылічыць па «непрыкметным» вонкавым абліччы.

Станавіся далей ад ачаплення, інакш у выпадку разгону дэманстрантаў рызыкуеш прыняць першы ўдар на сябе.

Пазбягай людзей у стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення.

Не далучайся да груп, настроеных па-экстрэмісцку.

Не стой ля сметніц, пакінутых без нагляду вялікіх сумак – там патэнцыйна можа знаходзіцца выбухоўка.

Будзь уважлівы(-ая) і аналізуй усё, што адбываецца вакол.

 

Анлайн-трансляцыі

Запускай стрым у Facebook, Periscope або Instagram. Анлайн-трансляцыя – лепшы спосаб без скажэнняў данесці інфармацыю з эпіцэнтра падзей. Фармат live стварае ў гледачоў адчуванне прысутнасці і ўключае суперажыванне: натуральна, лепш адзін раз убачыць на свае вочы, чым сто разоў прачытаць. Да таго ж анлайн-трансляцыю не «падчысцяць» тыя, каму гэта можа спатрэбіцца.

 

Што нельга рабіць?

Знаходзіцца падшафэ, мець пры сабе алкагольныя напоі ды іншыя рэчывы, якія пашыраюць або звужаюць прытомнасць.

Правакаваць абвастрэнне сітуацыі. Ад негатыўнай энергіі пазбавішся постфактум – у спартзале або інтэрнэт-дыскусіях.

Паддавацца на заклікі да гвалтоўных дзеянняў. Правакатары могуць праяўляць цуды акцёрскага майстэрства. Твая задача – рэагаваць спакойна і па магчымасці здымаць усё на відэа ці запісваць дыялогі на дыктафон.

Файціцца з супрацоўнікамі міліцыі і ўступаць з імі ў сварку. Яшчэ раз: ты прыйшоў(-ла) з мірнымі мэтамі. Разрад па боксе і скіл утвараць дваццаць мацюкальных слоў ад аднаго кораня пакінь дома – разам з сюрыкенамі.

Нельга хаваць твар за медычнай маскай, рэспіратарам, балаклавай, шалікам або маскай Гая Фокса. Нават самы бяскрыўдны фэйс свінкі Пэпы парушае арт. 11 ч. 2 закона «Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсцях, дэманстрацыях і пікетаванні».

Нельга замінаць руху транспарту.

Нельга ставіць намёты або іншыя часовыя збудаванні.

 

 

Калі ўсё прымае сур'ёзны абарот

У выпадку панікі сыходзь ад натоўпу, збоч у завулак. Зашпілі вопратку на ўсе гузікі, начапі на плечы абедзве шлейкі заплечніка, падцягні рэмень сумкі – важна, каб цябе не было за што выпадкова зачапіць.

Калі натоўп бяжыць, шукай укрыццё. Не туліся да нерухомых аб’ектаў: да сцяны, дрэва або агароджы цябе могуць прыціснуць і няхіла траўміраваць. Пры падзенні імкніся адразу ўскочыць на ногі па ходзе руху натоўпу. На гэты выпадак ёсць трук: устань на карачкі, выцягні наперад апорную нагу і падыміся рыўком. Не рухайся супраць плыні і не спрабуй падняць рэч, што апынулася на зямлі.

Калі цябе пачынаюць скручваць людзі ў цывільным, голасна прасі ратунку. Ёсць шанцы вырвацца без наступстваў.

Б’юць – крычы.

Калі пакуюць твайго таварыша або іншага(-ую) удзельніка(-цу) акцыі ў полі твайго зроку, прыцягвай увагу іншых да таго, што адбываецца, здымай відэа.

Не пакідай «поле пратэсту» адзін/адна, перасоўвайся ў групе людзей.

Калі цябе ўсё ж такі затрымалі, не абвастрай. Пра тое, як паводзіць сябе з прадстаўнікамі ўлады, мы ўжо пісалі.

 

 

Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула Пятру Маркелаву з ініцыятывы «Дзея»

Ілюстрацыя by Sheeborshee

 


КАМЕНТАРЫ (3)

Алекс
Алекс | 2017-03-22 23:09:48

ребята, а зачем вам за безработных , валяющихся на диванах маменьких сынков вступаться? если не ради них , то подростковый максимализм бунтарей ,в эпоху интернета , выглядит довольно глупо.

Віталь
Віталь | 2017-03-19 18:57:59

Цудоўная інструкцыя для сцыкуна. "Калі б'юць твайго таварыша - здымай відэа", - шыкоўная парада. А калі баяцца, што ў кожнай сметніцы ляжыць бомба то наогуле лепей з дому не выходзіць.

Andrej
Andrej | 2017-03-16 12:16:37

"Перакус і пітво. Ідэальна: тэрмас з гарбатай або вада (па сезоне), буцеры і снэкі, любая смаката, што «не заквітнее» за дзень. Калі цябе затрымаюць, не прыйдзецца бурчаць страўнікам у РАУС ды марыць пра маміны пампушкі."

Калі выйшаў на акцыю, ты- салдат. Якія яшчэ маміны пампушкі? Вы чаго? :D Думаць пра нейкую лухту, ствараць сабе дадатковы вес, дадатковыя рэчы (сумка ці заплечнік, якія затрудняць ваш рух)? Ня дай бог, калі апенецеся ў пастарунку, то максымум да ранку пагаладаеце. А затым наогул прапануецца не есьці- прапануецца дзеля пратэсту галадаць.

Далей, калі вас "пакуюць" некія нявызначаныя асобы ў цывільным (няма адпаведнай формы, адметных знакаў ці прад'яўленых дакумантаў)- рабіце ўсё, каб вырвацца. Не спыняйцеся ні на хвіліну, бо вы ня можаеце быць упэўненымі, хто гэта. А калі вас завязуць у лес і заб'юць? Вось адпаведны адпор і трэба даваць, пакуль няма дакумантаў ці значца- лічыце, што вас выкрадаюць бандыты. Крычаць трэба, але толькі каб заўважылі- зашмат крычаць ня трэба, бо траціцца шмат энэргіі. Калі б'юць- адбівайцеся. Зрабіце працэс затрыманьня максымальна цяжкім для іх- яны таксама людзі у іх таксама ёсьць рэсурс! Напрыклад, калі адной групе далі заданьне затрымаць, умоўна, 5 чалавек, то пры добрым супраціве на ўсіх 5 у іх можа проста не хапіць сілаў. Таму нават калі ў машыне (напрыклад, леккавой) можна супраціўляцца- закіньце ногі да кіроўцы- не давайце ехаць, а астатнія з вуліцы хай назіраюць і спрабуюць адчыніць дзьверы. Карацей, задача максымум- калі вас "пакуюць" вашая справа- "запакаваць" іх. "Запакаваць" і здаць у тую ж міліцыю (не можа быць больш моцнага прыніжэньня для іх- будуць выглядаць як бандыты, так жа на іх і свае паглядзяць і на гэтым служба можа скончыцца- гэта нават дапамога міліцыі, каб ачысьціцца). А людзей вакол заўсёды шмат, проста трэба рухацца, а то рухаюцца толькі яны. Супраціўляйцеся пакуль ёсьць моц (у ідэале салдат можа астанавіцца толькі калі страціць прытомнасьць, але гэта- часова)- нават не ідзіце самы- хай нясуць! І тое ж самае датычыцца тых, хто вакол! Праяўляйце адпаведную салідарнасьць- змагайцеся за таварыша так, як быццам "пакуюць" вас! І не думайце, што з-за гэтага вас потым будуць зьбіваць ці гэта выклікае злобу- наадварот, калі нават і зацягнуць у пастарунак, то такі супраціў выклікае толькі павагу, проста, ня трэба перавышаць межы дапусьцімай абароны. І трэба памятаць, што іх ня так і шмат. У асноўным гэта АМАП і то, мяркую, ня кожны хоча гэтым займацца. Наогул, ніхто гэтым ня хоча займацца, проста, "пападаюць пад раздачу" на такія "заданьні". Ніхто ня хоча быць аб'ектам ненавісьці. А пры належным супраціве ў іх наогул апусьцяцца рукі.

КАМЕНТАВАЦЬ