Як зрабіць сваё жытло дасяжным?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 16.10.2018
- 8540
У Беларусі цяпер жыве каля 567,5 тысяч чалавек з інваліднасцю, гэта 6 % насельніцтва, калі верыць вынікам апошняга перапісу насельніцтва. У ідэальным свеце для людзей з інваліднасцю не будуць патрэбныя аніякія спецыяльныя прыстасаванні. Нідзе не будзе бардзюраў, у будынках будуць толькі шырокія праёмы і прыбіральні будуць дасяжныя для людзей у вазках. Але мы жывем тут і цяпер. Таму чытай, як можна ўсталяваць пандус, які ён мусіць быць і хто за гэта павінен плаціць.
Як напісана ў дакуменце, што падрыхтавалі спецыялісты(-кі) РАІВ і Офісу па правах людзей з інваліднасцю, «пандус» – слова французскага паходжання, якім часцей за ўсё называюць пакаты скат ці пляцоўку.
Пандусы патрэбныя людзям з інваліднасцю, бацькам з дзіцячымі вазкамі, раварыстам, скейтэрам і ўсім тым, хто мае пэўныя праблемы з перамяшчэннем па прыступках.
Звычайна пандусы выкарыстоўваюцца для таго, каб перасунуць па іх штосьці на колах. Напрыклад, вазок.
Стацыянарныя – тыя, якія ўжо ўбудаваныя ў будынак пры планаванні або дабудоўваюцца як частка будынку. Могуць быць са сталі ці іншых матэрыялаў.
Легказдымныя – звычайныя металічныя пандусы, якія месцяцца каля ўваходу ў будынак. Яны не вымагаюць цяжкіх архітэктурных узгадненняў.
Партатыўныя – самыя мабільныя з усіх відаў пандусаў. Іх можна лёгка раскласці. Менавіта такі пандус актывіст Саша Аўдзевіч падарыў аднаму банку.
У будынку мусіць быць як мінімум адзін дасяжны ўваход. Эксперты(-кі) рэкамендуюць, каб ён размяшчаўся на шляху асноўных пасажыраплыняў.
У кожнага тыпу будынка мусіць быць дасяжны ўваход. Асабліва гэта датычыць навабуда.
У адпаведнасці з законам «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» не дапускаецца эксплуатацыя амаль любых відаў публічных і не толькі будынкаў, калі там няма магчымасці карыстання імі людзей з інваліднасцю.
Якi мусiць быць пандус?
У беларускай практыцы лічыцца, што пандус мусіць быць пабудаваны, калі ёсць перапад вышыняў.
Шырыня пандуса – ад 1 да 1,2 метраў. Нахіл – 8–12 градусаў. Калі нахіл складае 1 метр, то пандус мусіць быць як мінімум 12 метраў даўжынёй.
Таксама пандус мусіць быць абавязкова абсталяваны парэнчамі 0,9 і 0,7 метраў вышыні. Даўжыня перылаў мусіць быць большая за даўжыню лесвіцы і пандусы як мінімум на 0,3 метра, каб чалавек у вазку мог(-ла) прытрымлівацца за яго пры заходзе ў будынак.
Перад пачаткам і канцом пандуса абавязкова мусіць быць роўная пляцоўка.
Нельга, каб дзверы каля ганку адкрываліся насустрач пандусу. Нельга ставіць на пад’ездзе да пандуса вазоны з кветкамі.
Куды скардзiцца?
Калі нейкі будынак не адпавядае нормам дасяжнасці, можна паскардзіцца ў розныя інстанцыі. У залежнасці ад таго, што гэта за будынак.
Калі гэта нейкі ГЦ, школа, універсітэт ці іншы аб’ект «грамадскага карыстання», то варта найперш звярнуцца да адміністрацыі.
Калі гэта жылы дом, то рэкамендуем звярнуцца да Таварыства ўласнікаў ці ЖЭС, ЖРЭА ці ў адміністрацыю раёну.
У скрайнім выпадку можна паскардзіцца ў пракуратуру.
Як атрымаць?
Трэба напісаць заяву на імя начальніка той службы, да якой вы вырашылі звярнуцца.
Пандус усталёўваецца за кошт мясцовага бюджэту. Тэрмін залежыць ад канкрэтнага ЖЭСа. Цягам 15 дзён табе адкажуць, калі дакладна будзе ўсталяваны пандус.
Але так выглядае толькі на паперы. Часта здараюцца і такія выпадкі, калі людзі вымушаныя чакаць некалькі гадоў (!), каб мясцовыя ўлады ўсталявалі ім пандус. Самая частая адмазка – недахоп грошай у бюджэце.
Не толькi пандус
Пандус не адзіны сродак забеспячэння дасяжнага жытла. Занадта вузкія праходы, парогі не спрыяюць камфортнаму жыццю. Але чалавек у вазку можа за кошт дзяржавы зрабіць сваё жытло больш дасяжным.
Для гэтага трэба напісаць такі ж зварот, як і наконт пандусу, і ўказаць, якога кшталту змены ты хочаш зрабіць.
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Офісу па правах людзей з інваліднасцю
Iлюстрацыя by Sheeborshee