У Беларусі з’явілася новая прэмія – за дызайн кніжнай вокладкі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 21.01.2019
- 7348
Беларускі ПЭН-цэнтр заснаваў новую прэмію: яна будзе насіць імя Міхала Анемпадыстава, а ўручаць яе будуць за лепшую вокладку да беларускай кнігі.
Першае ўручэнне адбудзецца падчас фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Задумка ўшанаваць найлепшую вокладку 2018 года рэалізуецца ПЭН-цэнтрам сумесна з Саюзам дызайнераў ды Лятучым універсітэтам.
«Нам вельмі хацелася пачаць канцэптуалізацыю герояў нашага часу, тых людзей, якія стварылі шмат для той рэчаіснасці, у якой мы сёння жывем, для беларускай культуры. І таму вырашылі назваць прэмію за лепшую вокладку імем нашага сябра Міхала Анемпадыстава, які год таму сышоў з жыцця, – адзначыла старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай. – Хацелася б, каб гэтая прэмія адзначала найлепшую вокладку не толькі з візуальнага пункту гледжання, але і наколькі гэтая вокладка адпавядае зместу кнігі, наколькі яна надае цэласнасці кнігі як прадукту».
Па задуме арганізатараў, вылучаць лепшую вокладку мусяць не толькі профі ў візуальных практыках, але і тыя, хто працуе са словам. Склад журы прэміі пакуль вызначаецца, але СМІ паведамляюць, што сярод сябраў журы дакладна будуць Адам Глобус, Артур Клінаў, Васіліса Паляніна ды Юлія Цімафеева.