Лёгка быць песімістам
- 27.11.2026
- 92

Будучыня нявызначаная, але саманазваныя прарокі запэўніваюць, што будзе толькі горш. Пісьменніца Марыя Пархімчык прапануе іх не слухаць і дзеліцца цытатамі з кнігі Рэбекі Солніт «Надзея ў цемры».

«Ніхто не ўспомніць прагнозы, якія не збыліся»
You are doomed
Праглынаем на сняданак навіны з пігулкамі і ўваходзім у чарговы дзень, дзе вырашаем толькі, з якім смакам сёння ўзяць чыпсы і які серыял запусціць перад сном. Серыял можа быць пра багатых сэксі-вучаніц амерыканскай спецшколы, а можа пра тое, як людзі губляюць чалавечае аблічча пад ціскам абставінаў. Герою аднаго з эпізодаў «Чорнага люстэрка» даводзіцца стаць трэш-стрымерам, каб аплачваць эксперыментальнае лекаванне хворай жонкі. Падпіска на лекі расце ў цане, а значыць, герою трэба вытвараць яшчэ больш трэшу. Вядома, скончыцца ўсё кепска. Мы ведаем, мы чыталі антыўтопіі. Як любіла казаць адна мая знаёмая: «Не бывае так дрэнна, каб няможна было зрабіць яшчэ горш». Яна, безумоўна, мела рацыю. Думаю, яна таксама магла б напісаць антыўтопію, але яна займалася куды больш важнымі справамі.
Класічныя антыўтопіі выяўляюць зразумелыя страхі і нават даюць заспакаенне: спі, спі, твой лёс ужо вызначаны. You are doomed. Ганначка разліла алей. І мы спім моцным сном, пускаючы сліну з куткоў рота. У нейкім сэнсе слоп з катамі ў швэдрах і ролікі пра тое, што на планеце праз колькі там гадоў не будзе пітной вады, працуюць аднолькава: яны займаюць увагу і падтрымліваюць стан вечнага сну з расплюшчанымі вачыма. Падтрымліваюць яго і прарокі, якія тлумачаць, што было, што ёсць, чым сэрца заспакоіцца або не. І не істотна, што спяваюць яны ў сваіх стрымах, кніжках ці каментарах для прэсы. Ніхто не ўспомніць прагнозы, якія не збыліся, аднак тое, што збылося, прарок прышпіліць ордэнам на грудзі: «А я каза-а-а-аў!» Гэты ордэн з фольгі асляпляльна бліскучы.
Але мы памятаем, што любы інтэлектуальны твор збудаваны на ДНК аўтара. Фантастыка Урсулы Ле Гуін прасякнутая яе верай у чалавека, фантастыка Джорджа Оруэла — яго мізантрапічнымі поглядамі. Пры гэтым ні Урсула, ні Джордж не маглі зазірнуць у будучыню. «1984» не прадказвае двухдумства, навамоўя, думзлачынства — гэта ўжо існуе. І Оруэл не ведае, што неўзабаве ніякіх тэлеглядаў не спатрэбіцца: мы з задавальненнем даверым усё наша прыватнае жыццё «чорным люстэркам», якія стануць працягам нашых рук. Затое пра гэта шмат гадоў пасля ўжо будзе ведаць стваральнік «Чорнага люстэрка» Чарлі Брукер. Яму, як і Оруэлу, дар вестуна непатрэбны. Ён жывапісна раскажа сумныя гісторыі пра сацыяльныя рэйтынгі, рэкламныя маніпуляцыі і назіранне за рэальнымі жыццямі з пачкам папкорну.
«Песімізм — бяспечная тэрыторыя, таму што ён абсалютна прадказальны: “яны жылі нешчасліва, але, дзякуй богу, нядоўга”»
У пошуках новых гісторый
У апавяданні «Яна разыменавала іх» Урсулы Ле Гуін Ева пазбаўляе жывёл імёнаў, якія ім даў Адам, і такім чынам разбурае парадак рэчаў, які ёй не падабаецца. Заўважна, як тэксты Урсулы Ле Гуін набываюць новы віток папулярнасці. Вяртаецца да чытачоў і чорны кіберпанк Актавіі Батлер. Адначасова можна назіраць трэнд на пераадкрыццё тэкстаў, якія ў свой час не атрымалі належнай увагі, напрыклад «Я, тая, хто не ведала мужчын» Жаклін Арпман або «Паліцыя памяці» Ёка Агавы.
Чытачы шукаюць гісторыі, адрозныя ад тых, што распавялі ім культавыя класікі. Часта гэта гісторыі тых, хто ўжо нешта страцілі. У іх сусвеце ўжо адбыліся самыя дрэнныя рэчы. Пакуль нехта складаў тэксты пра ўбачаны ў сне астэроід, што знішчыць планету, і затрывожыўся ў страху згубіць свае выгоды, іншыя сапраўды бачылі астэроіды, якія знішчалі іх мары, лад жыцця, супольнасць ці дом. І яны мелі смеласць апісваць свае астэроіды з імпэтам зацятага геолага. «Аповед служанкі» Маргарэт Этвуд атрымаў шалёную папулярнасць не таму, што аўтарка ў сваёй фантастыцы намалявала яшчэ больш змрочны свет, чым той, у якім мы жывём, а таму, што яе кніга распавядае пра прыгнёт жанчын, які рэальна існаваў і існуе. Аматаркі рамана і серыяла па яго матывах непакояцца за свае рэпрадуктыўныя правы.
Творы мізантропаў і песімістаў паралізуюць як мёртвая вада, якая ў казках дазваляла сшыць раз’яднанае цела, але не вяртала ў яго жыццё. Аўтар канстатуе: «Добры дзень, у нас кадаўр!» — і сыходзіць у сваю вежу са слановай косці, каб прысніць новы твор, гэтаксама безнадзейны і змрочны. Натуральна, спіць аўтар як крупы прадаўшы, бо песімізм — бяспечная тэрыторыя, таму што ён абсалютна прадказальны: «яны жылі нешчасліва, але, дзякуй богу, нядоўга». Да таго ж адчай значна прасцей у вытворчасці, бо не патрабуе надзвычайнага напружвання ўяўлення.
Прыгадваю спробы розных медыя зрабіць асобныя каналы добрых навін. Гэтыя спробы звычайна правальваюцца, бо добрыя навіны трэба шукаць (днём з агнём) і ствараць. Апроч таго, добрая навіна часта выглядае як штосьці нецікавае, і трэба прыкласці намаганні, каб убачыць у ёй жыццё. Калі пырснуць на кадаўра жывой вадою, у шчокі вернецца чырвань, а лёгкія ўзніме паветра. Але каб вынайсці рэцэпт жывой вады, ты мусіш адначасова і разумець, што перад табою мярцвяк, і бачыць, як ён прыўзнімаецца, пацірае вісок ды кажа: «Я бачыў дрэнны сон!» Паспрабуйце, гэта цяжка. Лёгка быць песімістам.
Юваль Ной Харары ў кнізе «21 урок для XXI стагоддзя» спекулюе на тэме штучнага інтэлекту. Прарочыць: «Многіх людзей можа чакаць лёс не фурманаў XIX стагоддзя — якія пераселі за руль таксі, — а коней таго ж стагоддзя, якія паступова сталі непатрэбныя». Светам будуць кіраваць багацеі, якія змогуць жыць больш за сто гадоў, а мы за сваю працу будзем атрымліваць галінку, пакуль у рэшце рэшт не згубім і яе. У канцы кнігі аўтар успамінае, што ён папулярны пісьменнік-гуманіст, а таму намагаецца запаліць святло і… рэкламуе віпасану. Гэта як мемны сабака ў капелюшы сядзіць сярод агню на крэселку і кажа: «Зыс із файн». Яго можна зразумець.
«Пасля кожнага “канца свету” свет працягваўся»
Ура, нявызначанасць
Раз мы жывём у час нявызначанасці, то перавагі будуць на баку тых, хто лепш умее яе трываць. Гэта значыць не фрустраваць ад таго, што няма ўпэўненага адказу, дзе ты бачыш сябе праз пяць гадоў (люблю казаць, што я нікім сябе не бачыла, і вось я ніхто). Псіхолагі прапануюць разумець нявызначанасць і прымаць яе як новую нармальнасць. Тады можна будзе намаляваць любы вобраз сябе праз пяць гадоў і не слупянець ад таго, што рэальнасць заўжды нешта скарэктуе. Калі мы разумеем свае прынцыпы і апоры, то рамка не такая ўжо важная. Гэта ўсё роўна будзем мы, аніхто іншы.
У кнізе «Надзея ў цемры» Рэбека Солніт піша, наколькі часта людзі, што кладуць жыццё на свае ідэалы, песімістычныя ў прагнозах. На яе думку, ім не хапае надзеі. Солніт цытуе Вірджынію Вулф. 18 студзеня 1915 года, праз паўгода пасля пачатку Першай сусветнай вайны, тая запісала ў дзённіку: «Будучыня цёмная, і, як на мяне, гэта, бадай, найлепшае, чым яна можа быць». Словы Вулф парадаксальныя толькі на першы погляд. На другі погляд мы разумеем, што цемра проста не роўная вызначанаму і змрочнаму, цемра роўная нявызначанасці, а ў нявызначанасці можа быць што заўгодна. Пасля кожнага «канца свету» свет працягваўся.
У 1785-м, піша Солніт, пра рабства ў Брытаніі разважалі толькі рабы, былыя рабы, крыху квакераў і добрасардэчныя евангелісты. Складана было ўявіць, што рабству (прынамсі ў тымчасовым яго выглядзе) прыйдзе канец. Ніхто не мог ведаць, што Нэльсан Мандэла выйдзе з турмы, што разваліцца Савецкі Саюз, што абрынецца Берлінскі мур. Пра яго, дарэчы, варта пачытаць «Калапс. Выпадковае падзенне Берлінскага муру» Мэры Эліз Сарот — кніга захапляльная, як дэтэктыў, і натхняльная, як лекцыя TED, але гэта апісанне рэальнасці, дзе кожны рабіў тое, у што верыў, там, дзе ён быў, і ў рэшце рэшт, нават самі таго не ведаючы як, перамаглі аптымісты. Ніхто не мог прадказаць, што з’явіцца інтэрнэт, які знішчыць шматлікія бар’еры. Ці ўтапічны праект штучнага інтэлекту, які таксама можа ўратаваць чалавецтва, але зручна маляваць яго чорнымі фарбамі, бо тады будучыня вызначаная, а так прасцей!
«Надзея — гэта здольнасць працаваць дзеля чагосьці таму, што гэта добра, а не толькі таму, што ёсць шанец на поспех»
Дзе надзея
Сэнс выслоўя «Не бывае так дрэнна, каб няможна было зрабіць яшчэ горш» я бачу не ў тым, што горшае адбудзецца, а ў тым, што горшае можа адбыцца, а можа і не. Пры нейкіх умовах. «Спадзявацца — значыць гуляць у азартную гульню, — піша Солніт. — Гэта рабіць стаўку на будучыню, на ўласныя жаданні, на тое, што адкрытае сэрца і нявызначанасць лепшыя за змрок і бяспеку. Спадзявацца — небяспечна, і ўсё ж гэта супрацьлегласць страху, бо жыць — значыць рызыкаваць». Мне падабаецца яе вобраз надзеі не як латарэйнага білета, з якім ты сядзіш на канапе і чагосьці чакаеш, а як сякеры, якой ты зможаш выбіць дзверы ў патрэбны момант. (Джэк Нікалсан у «Ззянні», вядома, не ў такім моманце.) Надзея выштурхне нас за дзверы, але пад рукой мусяць быць пэўныя інструменты, «каб накіраваць будучыню ў іншы бок», лепшы бок.
Людзі абаранілі парк ці гару, вучоныя вынайшлі новыя лекі, выйшлі гігабайты чароўнай музыкі, у Беларусь вярнулася хахуля, у рэшце рэшт. У кожнага будуць свае крыніцы надзеі. «Надзея — гэта не прагназаванне, — працягвае Солніт. — Гэта накіраванасць духу, накіраванасць сэрца; яна выходзіць за межы свету, які мы адчуваем непасрэдна, і знаходзіць апору недзе за яго гарызонтамі. Надзея — у гэтым глыбокім і магутным сэнсе — не тое ж самае, што радасць ад таго, што справы ідуць добра, ці гатоўнасць укладваць сілы ў пачынанні, якія відавочна вядуць да хуткага поспеху. Гэта, хутчэй, здольнасць працаваць дзеля чагосьці таму, што гэта добра, а не толькі таму, што ёсць шанец на поспех».
Але каб на гэтым шляху надзея не распусцілася і не знікла, яе трэба нечым жывіць. Калі чалавек кажа: «Сёння я прачнуўся і смачна паеў, і гэта ўжо мая дуля капіталізму» — то вельмі хутка знойдзе сябе ў тупіку, бо дуля не дапамагае плаціць па рахунках. Калі ж скарыцца перад станам рэчаў, прызнаць яго назаўсёдным, а будучыню — вызначана змрочнай, несправядлівай, мы асудзім сябе на балючую фрустрацыю і душэўную пустэчу, дзе адно толькі застаецца, што пабліскваць ордэнам «А я каза-а-а-аў!» пасля чарговага трындзяца.
Дык што, вырушайма да віпасаны? Солніт прапануе больш цікавы варыянт: рабіць штосьці з надзеяй на вынік, але не залежаць ад выніку, бо не ён нас вызначае. Менавіта надзея жывой вадой акрапляе цягліцы ўяўлення, атрафаваныя песімізмам, а ўяўленне — гэта ключы да лепшай будучыні.
Ілюстрацыя: Adriandra Karuniawan