Пра што паслухаць на Zero Discrimination Week?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 26.02.2021
- 5532
1 сакавіка свет адзначае Zero Discrimination Day, альбо Дзень нулявой дыскрымінацыі, ініцыяваны ААН і накіраваны на павышэнне роўнасці ўсіх людзей. Ініцыятыва «Жывая Бібліятэка» пераўтварае адзін дзень у цэлы тыдзень – з 1 па 8 сакавіка – і ладзіць адукацыйныя мерапрыемствы пра булінг, аб'юз, інклюзіўную мову, асертыўнасць, цялеснаць, правы жанчын, любоў да сябе і шмат пра што яшчэ.
Пра асертыўнасць
Тыдзень пачнецца з вэбінара «Па-ІНШАМУ: асертыўнасць у дзеянні супраць дыскрымінацыі» ад Школы бяспекі для жанчын Women’s Safety з ІЎКА Беларусь і ГА «Радзіслава». На мерапрыемстве можна будзе даведацца пра тое, як дасягаць мэтаў і бараніць свае правы з дапамогай тэхнік асертыўных паводзінаў – узаемадзеяння голасу, цела і мозгу, а таксама прааналізаваць з удзельнікамі(-цамі) і эксперткамі ўласны кейс дыскрымінавання.
Дзе-калі: 01.03 / Zoom
Пра гендарную аб'ектывацыю
Лекцыя «Што ёсць гендарнай аб'ектывацыяй?» магістаркі сацыялогіі Лены Агарэлышавай ад ініцыятывы «Актыўным Быць Файна!». Лекцыя адкажа на пытанне «Чаму адных жанчын абурае выкарыстанне жаночага цела ў рэкламе, а іншых – не?» і растлумачыць, як працуе гендарнае «апрадмечванне».
Дзе-калі: 03.03 / Zoom
Пра любоў да сябе
Топікі размовы ад ініцыятывы «Больш цела»: бодзіпазітыў, шэймінг, разлады харчовых паводзінаў і прыманне свайго цела.
Дзе-калі: 4.03 / Zoom
Пра аб'юзіўныя стасункі
Сустрэча «Гвалт – гэта не мастацтва: рамантызацыя аб'юзіўных стасункаў у масавай культуры» ад ініцыятывы «Задвиж_ка».
Дзе-калі: 06.03 / Віцебск (месца сустрэчы будзе раскрытае пасля рэгістрацыі)
Пра булінг і дыскрымінацыю
Трэнінг «Не дыскрымінуй мяне!» ладзіць грамадскае аб'яднанне NSNL. Што ёсць дыскрымінацыя і булінг і як супрацьстаяць паводзінам, якія дыскрымінуюць?
Дзе-калі: 06.03 / Маладзечна (месца будзе раскрытае пасля рэгістрацыі)
Пра інклюзіўную мову
У межах лекцыі «Інклюзіўная мова. Як дапамагчы грамадству стаць талерантным» Андрэй Ражкоў, журналіст і сузаснавальнік ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць», распавядзе пра паняцце «мова варожасці», ксенафобію і правілы рэпрэзентацыі ўразлівых груп у СМІ.
Дзе-калі: 06.03 / Zoom
Пра цялеснасць
У праграме FEM-DAY ад ініцыятывы «Новыя рэгіёны» – варкшоп пра цялеснасць, тэрапеўтычная лепка брошак-вульваў з палімернай гліны і чытка вершаў паэткі і феміністкі Ганны Отчык.
Дзе-калі: 07.03 / Магілёў (месца будзе раскрытае пасля рэгістрацыі)
Пра правы жанчын
Майстэрня Форум-Тэатра Пра правы жанчын ад Цэнтра «Жывая бібліятэка». Вынікам Майстэрні стане форум-спектакль 8 сакавіка. Форум-спектакль – гэта адкрытая пастаноўка, у якой могуць удзельнічаць гледачы(-кі) і дзе акцёры(-кі) могуць узаемадзейнічаць з залай. Для ўдзелу ў Майстэрні папярэдні тэатральны вопыт не патрабуецца. На Майстэрні будзе арганізаванае харчаванне для ўдзельнікаў(-ц).
Дзе-калі: 6.03 – 8.03 / Менск (месца будзе раскрытае пасля рэгістрацыі)
У Zero Discrimination Week таксама ўдзельнічаюць Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА», «Правая ініцыятыва» і Асамблея НДА. Усю праграму івэнта шукай па спасылцы.