Названы пераможца прэміі Ежы Гедройца. Гэта не Бахарэвіч
- Рубрыка: УЛОЎ
- 12.10.2018
- 10586
Учора на ўрачыстай цырымоніі ў менскай галерэі «Арт-Беларусь» аб'явілі пераможцу прэстыжнай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.
«Гедройца» – разам з € 5000 – атрымаў Уладзімір Арлоў, аўтар кнігі «Танцы над горадам». Другое месца заняў Альгерд Бахарэвіч з кнігай «Сабакі Эўропы», трэцяе – Вінцэсь Мудроў з «Забойцам анёла». У шорт-ліст прэміі 2018 года ўвайшлі таксама Адам Глобус («Сям'я»), Павел Севярынец («Беларусалім») і Анка Упала («На заснежаны востраў»).
Нагадаем, што на прэмію Ежы Гедройца могуць намінавацца кнігі мастацкай прозы і эсэ, выдадзеныя на працягу каляндарнага года на беларускай мове.
Упершыню прэмію ўручылі ў 2012 годзе. Ужо тады пачалася «срэбная» эпапея Альгерда Бахарэвіча. Пісьменнік чатыры разы апынаўся другім месцы – за кнігі «Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча», «Гамбургскі рахунак Бахарэвіча», «Белая муха, забойца мужчын» і «Сабакі Эўропы».
Мімаволі прыходзіць на розум аналогія з Дзі Капрыа, ад якога галоўны мужчынскі «Оскар» выслізгваў тройчы, пакуль той, нарэшце, не з'еў сырую печань бізона і не пазмагаўся з намаляванай мядзведзіцай...
Вядома, 34mag уручыў бы Альгерду любыя прэміі ўжо за тэксты пра «тайнага госця». Ну а пакуль мы проста зычым пісьменніку вялікай удачы.