У Менску ўпершыню пройдзе Science Bar Hopping

5 кастрычніка ў Менску адбудзецца першы ў гісторыі Science Bar Hopping. Гэта такое дзівоснае мерапрыемства, калі навукоўцы распавядаюць пра мозг, фармацэўтыку, лятучы метал і што заўгодна яшчэ, але не ў халодным лекторыі, а ва ўтульненькіх барах.

 

Падчас «навуковага бар-хопінгу» ты можаш пацягваць фірмовыя настойкі, слухаць спікераў з розных краін, перацякаць з адной завядухі ў іншую і станавіцца разумней і разумней. Праграма мерапрыемства абяцае цікавыя факты з вобласці астрафізікі, культуралогіі, экалогіі, IT і не толькі.

Беларускі Science Bar Hopping прымуць самыя смелыя бары: «4-4-2», «Жаваны крот», «На дне» и «Z бар». Вечар завершыцца ў прасторы «Ок16».

 

 

Калі адчуеш смак, зазірні ў «Ок16» яшчэ і ў суботу: там разгорнецца Science Slam – запраўскі навукова-папулярны батл, дзе ў ролі панчаў выступяць навуковыя факты, а пераможцу выберуць па справядлівасці – апладысментамі.

Science Bar Hopping і Science Slam уваходзяць у серыю мерапрыемстваў Barcamp. Галоўная мэта Barcamp – стварэнне платформы для абмену ведамі без якіх-небудзь строгіх рамак. «У людзей, як правіла, вельмі смутныя ўяўленні аб тым, у чым заключаецца вялікая навука, а мерапрыемствы Barcamp вучаць распавядаць пра тое, што ў ёй адбываецца, займальна і інтэрактыўна», – адзначае Ганна Селязнёва, выкладчыца ECLAB, пры падтрымцы якога Barcamp у Менску ўвогуле стаў магчымы.

Натхняльнік ідэі Грэгар Бюнінг тлумачыць, чым мерапрыемства карыснае яго ўдзельнікам: «Я з Берліна, і мне важна адзначыць падабенства паміж Мінскам і Берлінам па колькасці крэатыўных, адукаваных і разумных людзей, якія гатовыя падхопліваць самыя смелыя ініцыятывы. Barcamp аб'ядноўвае людзей рознага бэкграўнду з розных краін дзеля новых праектаў. Фармат гэтага мерапрыемства ідэальны, таму што тут няма рамак і ўдзельнікі могуць выбіраць любы спосаб падачы інфармацыі. Для навукоўцаў гэта, па-першае, коўчынг і павышэнне ўласных скілоў, па-другое, доступ да якасна новай аўдыторыі, а па-трэцяе, нэтворкінг і фан».