«Уключаючы яе імя і твар» – комікс пра Менск, закаханасць і маладосць
- Рубрыка: УЛОЎ
- 25.02.2019
- 5774
Любіш гісторыю Скота Пілігрыма? Значыць, і новы беларускі комікс прыйдзецца даспадобы.
У пачатку сакавіка адбудзецца рэліз комікса «Уключаючы яе імя і твар», вялікага дэбюту двух менчукоў: сцэнарыста Мікіты Лаўрэцкага і мастачкі Вольгі Кавалёвай.
У цэнтры ўвагі – гісторыя васьмікласніка Аляксея з Менска эпохі нулявых, які сустракае дзяўчыну Ангеліну на адной з анімэ-сходак. Тут – усё характэрныя «маячкі» той эпохі: ад даўно забытых субкультур да кнопкавых тэлефонаў Sony Ericsson.
«У аўтараў атрымалася перадаць адчуванне падлеткавай няёмкасці і няўпэўненасці», – гаворыцца на сайце выдавецтва «Бумкнига», якое і займаецца выпускам графічнага рамана.
«Бумкнига» спецыялізуецца на працы з маладымі аўтарамі і выданні невідавочных, але крутых работ, сярод якіх комікс-адаптацыя «Маленькага прынца» і «Палестына» – графічны раман, заснаваны на рэальных падзеях, якія аўтар Джо Сака застаў падчас сваёй паездкі па Палестыне.
У Беларусі комікс «Уключаючы яе імя і твар» з'явіцца ў продажы ў дзясятых чыслах сакавіка на oz.by і ў лакальных комікс-сторах. Пакуль што можна аформіць перадзамову на сайце выдавецтва.