Запусціўся відэападкаст пра таленавітых людзей Palata
- Рубрыка: УЛОЎ
- 04.02.2025
- 139
Музыка Ілля Trince запусціў гутарковае шоу Palatá пра таленавітых людзей, іх матывацыю і страхі. Госця першага выпуску – Даша Madsangría, рэжысёрка кліпаў, супрацоўнца лэйбла Sony Music.
Сумарна кліпы, якія зрэжысавала Даша, сабралі ўжо больш за 24 мільёны праглядаў. Да гэтай лічбы Даша дайшла цярністым шляхам, які пачаўся з адмовы ад звычнага ладу жыцця і засвоенай прафесіі цыркавой гімнасткі, далей былі пошукі і перапрыдумванне сябе наноў, сумневы і рух далей. Дарэчы, адна са свежых прац Дашы – напэўна знаёмы нашым чытачам кліп Анастасіі Рыдлеўскай «Dance On My Own».
У Palatá Ілля працягне збіраць гісторыі класных рабят, якія ствараюць штосьці цікавае, карыснае і важнае. Гэты падкаст не пра «паспяховы поспех», а пра талент, матывацыю і выклікі, якія пераадольваюць адораныя людзі, каб прынесці ў свет нешта сапраўднае. «Падкаст створаны для таго, каб натхняць гледачоў і слухачоў прытрымлівацца сваіх жаданняў, рэалізоўваць ідэі і прабірацца скрозь страхі, – кажа аўтар. – Тэмамі выпускаў хочацца ахопліваць розныя сферы: музыку, мастацтва, бізнэс, актывізм, медыцыну, псіхалогію і многае іншае».
Паслухаць Palatá можна і ў аўдыяфармаце: абірай зручны стрымінг па спасылцы.