«Прастора КХ» запрашае на выставу пра не/вясёлы 2020 год

18 снежня ў галерэі «Прасторы КХ» адкрыецца выстава «Не/вясёлыя карцінкі – 2020». Арганізатары выставы пазіцыянуюць яе як «невялікі фрагмент візуальнага калейдаскопа 2020 года». Будзеш у Берасці – зазірні.

 

Кожны экспанат – люстэрка мінулага года ці то ў пакоі смеху, ці то ў пакоі страху.  Недарэчныя, гіпертрафаваныя, палохаючыя, зачаравальныя, камічныя і ідэалістычныя карцінкі праілюструюць усё, што сёлета адбылося з беларусамі, ва ўсёй парадаксальнасці. Магчыма, сярод гэтых вобразаў і ты знойдзеш сваю карцінку пра неймаверны 2020-ы.

На «Не/вясёлых карцінках – 2020» будуць прадстаўленыя жывапіс, графіка, фатаграфія, калаж, інсталяцыя, відэа. Удзельнікі і ўдзельніцы выставы: Раман Аксёнаў, Уладзімір Грамовіч, Леся Пчолка, Света Гусакова, Аліна Дзеравянка, Аляксандр Казела, Сяргей Кажамякін, Аляксандр Каламінаў, Дзіна Лявонава, Вольга Маслоўская, Марына Напрушкіна, Саша Радчыкаў, Ала Савашэвіч, Надзя Саяпіна, Воля Сасноўская, Ігар Цішын, Яўген Шчарбач.

Калі: адкрыццё – 18 снежня з 15:00 да 21:00, потым – з 19 па 27 снежня, пт, сб, ндз з 15:00 да 19:00, пасля канікулаў – з 8 па 17 студзеня, пт, сб, ндз з 15:00 да 19:00.

Колькі: у дзень адкрыцця ўваход вольны, пасля – 3 рублі, студэнтам і пенсіянерам бясплатна.

Дзе: Берасце, вул. Халтурына, 2/1 (цокаль), галерэя «Прасторы КХ».