У Беларусі з'явілася кіназала з вуглом агляду 270 градусаў

Менчукі і госці сталіцы змогуць першымі ва Ўсходняй Еўропе зацаніць новы фармат кінапрагляду – ScreenX. Зала з вуглом агляду 270 градусаў адчыняецца ў VOKA by CINEMA Silver Screen.

 

Фільмы, якія дэманструюцца ў фармаце ScreenX, здымаюць на тры камеры, размешчаныя пад рознымі вугламі. Зала для прагляду такого дзіва-кіно абсталяваная трыма экранамі і пяццю праектарамі. Увесь смак навінкі – падключэнне перыферыйнага гледжання, што дазваляе крышачку больш паглыбіцца ў атмасферу, якую стварылі кінаробы. Сюжэт разгортваецца непасрэдна вакол гледача.

Першы фільм, які пакажуць на ўсе 270, – «Чалавек-павук: Удалечыні ад дома». Квіткі ўжо можна браць тут.

ScreenX-залы – цалкам звычайны «атракцыён» для жыхароў Азіі. Напрыклад, у Паўднёвай Карэі іх 87, а ў Кітаі – 66. Па ўсім свеце 270-градуснае кіно транслюць толькі 220 залы. Для СНД і Усходняй Еўропы менская зала стане першай.